Таямніцы патапавіцкіх камянёў-валуноў

- 15:10Навіны рэгіёнаў

Наш край славіцца не толькі прыгажосцю прыроды, але і таямніцамі многіх гістарычных мясцін. Неад’емнай часткай беларускіх пейзажаў з’яўляюцца камяні-валуны, якія часта можна сустрэць уздоўж дарог. У Беларусі ўзяты пад ахову больш за 30 з іх. У рамках Года малой радзімы наш клас вырашыў больш даведацца пра родную Ляхавіччыну і яе гістарычныя мясціны.

На заходняй ускраіне вёскі Патапавічы, калі рухацца па маршруце Ляхавічы — Клецк, ляжаць камяні-валуны рознай велічыні, прычым так, нібыта іх наўмысна размясцілі ў рад. Вучні вырашылі разгадаць таямніцы гэтых камянёў.

Пры ўважлівым знаёмстве з імі дзеці ўбачылі, што на камянях выбіты праваслаўныя і каталіцкія крыжы, дата “1683” і некаторыя лацінскія літары. Самы вялікі камень — 1,5 метра ў шырыню і 1,25 м у вышыню. Камянёў усяго 10, з якіх 7 пастаўлены ў адзін рад. Характар іх размяшчэння сведчыў пра тое, што гэта помнікі людзям.

Падчас гутарак з мясцовымі жыхарамі вучні даведаліся, што ў савецкі час пры апрацоўцы палёў сяляне вельмі часта сустракалі вялікія камяні. Вырашылі іх вывезці і пакласці ля дарогі, дзе яны ляжаць да сённяшняга часу.

Бібліятэкар Г.Р.Шыпіла з гарадской дзіцячай бібліятэкі расказала дзецям паданне: “У 1683 годзе патапавіцкія мужчыны былі прызваны ў польскае войска на вайну з туркамі. Праз некаторы час у вёску прыйшла сумная вестка, што амаль усе мужчыны, прызваныя ў войска, загінулі пры вызваленні Вены. Адной з жонак загінуўшых воінаў прысніўся сон, дзе яна ўбачыла свайго маладога мужа ў белай святочнай кашулі, якую калісьці сама вышыла для яго. Муж быў вельмі сумны. Ён доўга моўчкі глядзеў на жонку, а потым ціха папрасіў, каб яна, калі па-сапраўднаму яго кахае, выкаціла камень-валун, што падтрымлівае кут пуні, на ўзгорак за вёску. Прадчуваючы нешта дрэннае, жанчына схапіла мужа за руку. Ён доўга вырываўся, а яна не хацела яго адпускаць. Праз сон жанчына пачула, як заплакала дзіця. Муж ціха сказаў, каб яна ішла да іх сына, якога не можа пакінуць дзеля яго, і выканала просьбу. Жанчына прачнулася.
Хлопчык ціха спаў у калысцы. Жанчына задумалася над дзіўным сном. Раптам у хату ўбегла суседка, якая расказала, што ў сне бачыла свайго мужа, які прасіўся ў родныя Патапавічы і гаварыў, як яму цяжка на чужыне. Прасіў падрыхтаваць яму новы дом і хутчэй закаціць камень на ўзгорак за вёскай. Жанчыны неадкладна выканалі просьбы мужоў і былі вельмі здзіўлены, калі ўбачылі, што да ўзгорку з плачам з розных бакоў цягнуліся іншыя салдаткі. Кожная з іх каціла вялікі камень. Так на ўзгорку з’явілася шмат валуноў. Вяскоўцы стаялі і плакалі ў прадчуванні вялікай бяды. Але раптам змоўклі. Позіркі ўпалі на чорны камень, на якім з першым сонечным промнем выступілі лічбы “1683” і крыжы. На адных — праваслаўныя, на іншых — каталіцкія. З таго часу на ўзгорку часта бачылі ўдоў, якія прыносілі туды кветкі і размаўлялі з камянямі, як з любімымі мужчынамі. З цягам часу гэтае месца стала лічыцца свяшчэнным, бо жанчыны верылі, што тут знаходзяцца душы мужоў, якія ляжаць у чужой зямлі. Такім чынам мужчыны вярнуліся ў родныя мясціны, бо ўсё ў прыродзе цягнецца да сваіх вытокаў”.

Патапавіцкія валуны занесены ў Спіс гісторыка-культурных помнікаў Беларусі. Вядомы беларускі археолаг Міхаіл Чарняўскі, уважліва вывучыўшы камяні і гістарычныя звесткі, прыйшоў да высновы, што знакі, выбітыя на іх, пацвярджаюць версію з удзелам вяскоўцаў у разгроме туркаў пад Венай. Валуны былі ўстаноўлены ў знак памяці пра загінуўшых воінаў.

Беларускі гісторык Уладзімір Емяльянчык, даследчык паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі, адшукаў у архівах звесткі пра род Рэйтанаў і ўспаміны пра ўдзе-л у Венскай бітве дзеда нацыянальнага героя Беларусі і Польшчы. У бітве ўдзельнічала і кавалерыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з гетманам Міхаілам Радзівілам, у якога служыў Міхаіл-Казімір Рэйтан. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што войска ВКЛ не прыйшло ў час да месца збору, таму не ўдзельнічала ў поўным складзе ў Венскай бітве. Але дзед Т.Касцюшкі са сваёй харугвай усё ж паспеў. Калі меркаваць па колькасці патапавіцкіх мемарыяльных камянёў, не менш за 10 гусараў гэтай харугвы аддалі жыццё за свабоду аўстрыйцаў.

Падчас даследавання вучні ўбачылі, колькі яшчэ таямніц хавае малая радзіма. На дасягнутым вырашылі не спыняцца. Гісторыю роднага краю трэба не толькі добра ведаць. Ёй варта ганарыцца і даражыць.

Алена КІСЕЛЬ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.