Таямніцы родных слоў

- 16:44Портфолио

21 лютага свет 21-ы раз адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы. Сёння ў нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы. Гэтае свята — нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой размаўлялі нашы продкі.

Няхай сёння беларуская мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Каб гэтага не адбылося, вялікія намаганні прыкладваюць настаўнікі. Сваё бачанне пазакласнага мерапрыемства — гульні-віктарыны “Таямніцы родных слоў”— вам прапануе і Галіна Стукачова, загадчыца  ІБЦ бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Лідскага раёна.

Гульня-віктарына “Таямніцы родных слоў” 

(для 8 —9 класаў)

Мэта: садзейнічаць абуджэнню цікавасці да беларускай мовы, выхаванню любові да беларускага слова, гісторыі свайго народа.

Бібліятэкар-вядучы. “Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць, калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”. Менавіта са слоў Змітрака Бядулі мне захацелася сёння пачаць наша мерапрыемства.

21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Для большасці нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Роднай значыць, любімай, дарагой, самай-самай… Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова. Ці ведаеце вы, што беларуская мова самая мілагучная пасля італьянскай і самая старажытная сярод славянскіх?

Я прапаную вам прыняць удзел у гульні-віктарыне “Таямніцы родных слоў”. Сёння мы завітаем у госці да нашай роднай мовы.

Мы з вамі жывём у Беларусі. Беларусь наша Радзіма. Тут мы вучымся, тут працуем. Тут жывуць нашы мама і тата, дзядуля і бабуля.

Кожны чалавек павінен ведаць сваю мову, умець спяваць народныя песні, танцаваць народныя танцы, ведаць, як адзначаліся спрадвеку святы на нашай зямлі. Мы чытаем беларускіх класікаў, чуем прыгожую мову ў тэатрах і не перастаём здзіўляцца багаццю беларускай мовы. Нам сустракаюцца такія скарбы, што міжволі хочацца раз-пораз паўтараць асобныя словы, бо такія яны прыгожыя, сакавітыя, мудрыя. Таму сёння я прапаную прыгадаць некаторыя з іх.

(Вядучы запрашае заняць свае месцы за сталом журы і прадстаўляе яго.)

Каб вызначыць сапраўдных мовазнаўцаў, зараз мы правядзём размінку.

(Вядучы называе словы на  беларускай мове, а вучні павінны перакласці іх на рускую.)

Абібок лентяй, лежебока.

Ажыны ежевика.

Балабоніць звенеть, бренчать.

Гумавы резиновый.

Кухар повар.

Шурпаты шершавый, шероховатый.

Сітаўка трясогузка.

Лядзяш льдинка, сосулька.

Яскравы – яркий.

Шпурнуць швырнуць.

Вядучы. Бачу, што тут сабраліся сапраўдныя мовазнаўцы. А зараз я запрашаю заняць свае месцы за сталамі ўдзельнікаў гульні і разбіцца на каманды.

Конкурс “Казачны”

Каманды павінны адгадаць, пра якія казкі ідзе гаворка.

Здарылася ў адным краі вялікая бяда: наляцеў аднекуль дзевяцігаловы змей Цуда-Юда і ўхапіў з неба сонца з месяцам… Бядуюць людзі, плачуць: і цёмна без сонца, і холадна. А жыла ў тым краі бедная ўдава. І мела яна малога сына гадоў пяці. Цяжка жылося ўдаве ў голадзе ды ў холадзе. Адна толькі ўцеха была, што сынок разумны ды ўдалы расце. (“Удовін сын”.)

Сеў верабейка на былінку і хацеў, каб яна яго пакалыхала. Але былінка не захацела калыхаць верабейку, узяла ды скінула яго. Узлаваўся верабейка на былінку, зачырыкаў. (“Былінка і верабей”.)

Жылі былі курачка і пеўнік. Аднойчы выграб пеўнік вялікую бобінку. Праглынуў і падавіўся. Паваліўся пеўнік, ногі задраў і не дыхае. Падбегла да яго курачка, а той стогне. (“Як курачка пеўніка ратавала”.)

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, развязаў і пачаў есці. Выходзіць з лесу галодны воўк. Бачыць касец пад кустом сядзіць і нешта есць. (“Лёгкі хлеб”.)

Вядучы. Малайцы! Справіліся з заданнем. А зараз наступны конкурс “Слоўнікавая скарбонка”. Камандам трэба растлумачыць, як яны разумеюць сэнс дадзеных слоў, і перакласці іх на рускую мову.

Словы першай камандзе:

апекавацца — клапаціцца пра каго-небудзь, што-небудзь (опекать);

дрыгвяністы топкі, багністы (топкий, болотистый);

пупышка зародак ліста або кветкі (почка);

шэрань тонкі снежны слой на зямлі, дрэвах (иней);

чвякаць утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі, забалочаным месцы (чавкать).

Словы другой камандзе:

вырай цёплыя краіны, куды адлятаюць на зіму птушкі (теплые края);

драбнюткі вельмі дробны (мельчайший);

лянота адсутнасць жадання працаваць, рабіць што-небудзь (лень);

шпурнуць з сілай кінуць што-небудзь (швырнуць);

торба невялікі мяшок з лямкай (мешок).

Вядучы. І з гэтым заданнем каманды справіліся. Ідзём далей.

Усе вы ведаеце, што ў гэтым годзе адзначаецца 135-годдзе з дня нараджэння славутых землякоў Якуба Коласа і Янкі Купалы. І з гэтай нагоды я прапаную камандам адказаць на пытанні наступнага конкурсу. Капітаны па чарзе выцягваюць картку з пытаннем і разам з камандай даюць адказ. Наступны, трэці, конкурс — “Песняры народных дум”. Адкажыце на пытанні:

  1. Калі і дзе нарадзіўся Янка Купала? (7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка.)
  2. Калі і дзе нарадзіўся Якуб Колас? (3 лістапада 1822 года ў вёсцы Акінчыцы каля Стоўбцаў.)
  3. Назавіце сапраўднае імя Якуба Коласа. (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.)
  4. Назавіце сапраўднае імя Янкі Купалы. (Іван Дамінікавіч Луцэвіч.)
  5. Як Янка Купала назваў свой першы зборнік? (“Жалейка”.)
  6. Каму прысвечаны верш Якуба Коласа “Над магілаю друга”? (Янку Купалу.)
  7. Якое пачуццё лічыць Янка Купала вечным і разам з тым трагічным (паводле зборніка “Шляхам жыцця”)? (Каханне.)
  8. Назавіце твор Якуба Коласа, назва якога супадае з адпаведнікам рускага слова “трясина”. (Дрыгва”.)
  9. Як вы лічыце, што гэта за імёны: Агарак, Адзінокі, Альбуцкі К., Андрэй “сацыяліст”, Груд Ганна, Гушча, Дземяноў Гуз, Дзядзька Карусь, Дубовы Ліст, Кудесник, Стары Шут, Торба Іван? (Псеўданімы Якуба Коласа.)
  10. Як вы лічыце, што гэта за імёны: Адзін з “парнаснікаў”, Здарэнец, Левы, Марка Бяздольны, Ня-Гутнік, Стары Мінчук, Янук з-пад Мінска, Янук Купала”? (Псеўданімы Янкі Купалы.)
  11. Прадоўжыце, калі ласка, слупок з верша Янкі Купалы:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай

Дрэмле памятка дзен, што ў нябыт уцяклі,

…..

(Ўздірванелы курган векавечны.)

  1. Прадоўжыце, калі ласка, радкі з паэмы “Новая зямля” і назавіце імя кампазітара, які напісаў музыку да гэтага верша.

Мой родны кут!..

Як ты мне мілы!..

…..

(Забыць цябе не маю сілы; Ігар Лучанок.)

Вядучы. Цудоўна! І гэты конкурс быў не вельмі цяжкім для нашых канкурсантаў. А зараз пяройдзем да апошняга конкрсу, які называецца “Свет нашых продкаў”. Вы павінны назваць рускі адпаведнік беларускай прыказкі ці прымаўкі. (Прыказкі і прымаўкі  дадзены на аднолькавых лістах.)

Пераначуем — болей пачуем. (Утро вечера мудренее.)

Знай каток свой куток. (Знай сверчок свой шесток.)

Будзем вучыцца, пакуль смерць лучыцца. (Век живи, век учись.)

Усе чэрці адной шэрсці. (Два сапога пара.)

Гавораць, гамоняць, ды не ведаюць, дзе звоняць. (Слышал звон, да не знает, где он.)

Паспех — людзям на смех. (Поспешишь людей насмешишь.)

Ад цяплосці не баляць косці. (Пар костей не ломит.)

Калі ўлез у дугу — не кажы “не магу”. (Взялся за гуж не говори, что не дюж.)

Пакуль каманды будуць працаваць над гэтым заданнем, я прапаную балельшчыкам адгадаць загадкі.

Ляцелі галкі селі на палкі. Сядуць па адной — галка лішняя, сядуць па дзве — палка лішняя. Колькі было галак і колькі было палак? (Тры палкі, чатыры галкі.)

Чатыры чатырнічкі: на кожным чатырнічку па пяць пяцернічкаў. (Рукі, ногі, пальцы.)

Назавіце населеныя пункты, у назвы якіх уваходзяць імёны людзей. (ЛЮБАнь, ЛІДА, БАРЫСаў, АСІПовічы, КЛІМавічы, ДАВІД-Гарадок, РАМАНавічы, ПЕТРЫКаў.)

Пасярод двара стаіць гара, спераду — вілы, ззаду — мятла. (Карова.)

Назавіце населеныя пункты, у назвах якіх прысутнічаюць назвы жывёл і раслін. (ДУБроўна, БАРАНавічы, СЛОНім, ЛепЕЛЬ, ГомЕЛЬ, БЯРОЗАўка.)

Малайцы! Вельмі добра. Каманды справіліся з апошнім заданнем, заробленыя балы балельшчыкі могуць аддаць у залік сваім камандам.

Пакуль журы падводзіць вынікі, паслухайце, калі ласка, верш Уладзіміра Дубоўкі “Родная мова, цудоўная мова!”

Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі,

ты самацветаў яскравая нізка.

Кожны з іх барвы дзівосныя мае,

вечным агнём зіхаціць не згарае.

Ты мне заўсёды была дапамогай,

дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.

Чую ў табе перазвоны крыніцы,

чую ў табе і раскат навальніцы,

чую павевы зялёнага бору,

водгулле працы на родным прасторы.

Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,

кожнае слова вякамі стварана.

І на вякі яно жыць застаецца,

вечнае так, як народнае сэрца.

Журы ўзнагароджвае пераможцаў граматамі “Знаўцы роднай мовы”.

Бібліятэкар. Закончыць наша мерапрыемства хочацца словамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў (слайды са словам і партрэтамі):

Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову.

(Якуб Колас.)

Мова гэта вялікі народны скарб. Яе нельга не паважаць, як нельга не паважаць родны народ.

(Іван Мележ.)

Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам. (Янка Сіпакоў.)

Галіна СТУКАЧОВА,
загадчыца  ІБЦ Бярозаўскай сярэдняй школы № 3 Лідскага раёна.