Тэатр ног — новая форма ўзаемадзеяння

Навагоднія і калядныя святы заўсёды атаясамляюцца з адчуваннем казкі і чарадзейства. Асабліва гэта датычыцца дзяцей, якія яны б ні былі. Наш спецыяльны дзіцячы сад № 7 Гродна кожны дзень прымае пад сваю апеку асаблівых выхаванцаў, вельмі чулых, ранімых і эмацыянальных. Гэта мы ўлічваем, калі арганізоўваем святочныя мерапрыемствы.


Напярэдадні свят аформілі адпаведным дэкорам кожны пакой. У куточках пасяліліся снегавікі, гномы, у вокнах заснежаных домікаў засвяціўся пяшчотны агеньчык, у каміне захісталіся языкі цяпельца, а прыгажуні ёлачкі зазіхацелі шматлікімі фарбамі, нібы патаемныя зорачкі.

Канечне, Дзед Мароз са Снягуркай, карагоды, песні — традыцыйныя атрыбуты — заўсёды прысутнічаюць на ранішніках. Але каб нашы выхаванцы змаглі адчуць сябе паўнавартаснымі ўдзельнікамі свята, патрэбен зусім другі падыход.

Мы апрабуем крэатыўныя, нават наватарскія методыкі. Так, нядаўна паспрабавалі звярнуцца да новай формы ўзаемадзеяння — тэатра ног. Як вядома, дзеці з аўтызмам саромеюцца выступаць перад публікай, яны губляюцца, не могуць сканцэнтравацца. Але быць артыстамі хочацца кожнаму. Мы знайшлі выйсце. На сцэне на невялікай адлегласці ад падлогі аформілі імправізаваную шырму, за якой знаходзіліся юныя акцёры, а бачнымі заставаліся толькі іх ножкі. Не абмінулі ўвагай і тэматычныя касцюмы. Выступоўцы былі абуты ў аздобленыя мішурой чырвоныя боцікі — сімвалы Новага года.

Таксама выкарыстоўвалася марыянетачная тэхніка, калі ручкі малышоў злучаліся стужкамі з рукамі педагогаў. Пад музыку ажыццяўляліся адпаведныя рухі: героі то няспешна крочылі па сцяжынцы, то спяшаліся, то весела падскоквалі. Прадстаўленае дзеянне перанесла ўсіх прысутных у дзівосную краіну, краіну дзяцінства, цудаў і сапраўдных каштоўнасцей.

Тонкая шырма стала і мяжой, і яднаннем адначасова: “артысты” былі абароненымі, ізаляванымі і, як ні дзіўна, усталявалі кантакт са сваімі гледачамі. Асабліва натхніла ўдзельнікаў выступлення тое, што яны маглі кімсьці кіраваць, задаваць тон дзеянню. Музыка, дарэчы, не проста фон, а спрыяе расслабленню, адчуванню камфорту.

Дзеці праз сваіх герояў транслююць эмоцыі, не баючыся пры гэтым быць раскрытыкаванымі. Персанажы інсцэніроўкі выбіраюцца на любы густ (з казкі ці прыдуманыя), гукавое суправаджэнне — таксама. Калі маленькім артыстам цяжка стаяць, яны могуць сядзець (гэта не прынцыпова).

Самае галоўнае, што дзеці атрымалі асалоду ад новага амплуа, яны змаглі адчуць сябе часткай казачнай гісторыі і ўпэўніцца ў сваіх сілах.

Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
музычны кіраўнік спецыяльнага дзіцячага сада № 7 Гродна.