Тэатр пачынаецца… на вуліцы

- 11:49Апошнія запісы, Культура, Рознае

У апошні дзень лета ў Гродне адбыўся Міжнародны фестываль вулічных культур GRANDTEATRO. Цэнтральная пешаходная вуліца стала сцэнічнай пляцоўкай для выступлення музыкантаў, танцораў, магаў, мімаў, акцёраў вулічных тэатраў з Беларусі і Расіі.

Фестываль адбыўся ў межах праекта “Жывая гісторыя”. На гэты раз гродзенцам нагадалі пра творчасць знакамітага мастака Станіслава Жукоўскага, які нарадзіўся пад Ваўкавыскам. На мерапрыемстве былі прадстаўлены рэпрадукцыі карцін С.Жукоў-скага, які ў сваіх пейзажах адлюстраваў непаўторную прыгажосць беларускай прыроды.
Пачаўся фестываль шэсцем артыстаў, а потым каля маладзёжнага цэнтра “Гродна” на вуліцы Савецкай да позняга вечара ішлі розныя прадстаўленні: эксперыментальны тэатр EYE паказаў “Дон Кіхота”, кампанія “Пачатак” — спектакль “Макі” і тэатр ценяў, група
“Дартлі” — акрабатыку, а яшчэ можна было ўбачыць фокуснікаў, паслухаць музыкантаў, паўдзельнічаць у прадстаўленні разам з мімам. У фестывалі прынялі ўдзел 9 вулічных тэатраў і больш за 150 артыстаў розных жанраў.
Для юных удзельнікаў свята была арганізавана дзіцячая пляцоўка. Студэнткі педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы праводзілі майстар-класы па пальчыкавым жывапісе і маляванні з дапамогай звычайных манных круп.
Як расказала кіраўнік дзіцячай секцыі праекта “Жывая гісторыя” настаўнік-дэфектолаг базавай школы № 14 Гродна Вікторыя Навагродская, побач з вернісажам рэпрадукцый карцін Станіслава Жукоўскага валанцёры арганізавалі выставу дзіцячых работ. І, можа, гэты першы поспех юных мастакоў стане першым крокам да вялікай творчай будучыні.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.