Тэатр у школе — гэта цікава!

- 15:37Нам пішуць

Адметнай падзеяй мінулага навучальнага года стала стварэнне ў сярэдняй школе № 5 Навагрудка школьнага тэатра на англійскай мове “Inspiration”. Час паказаў, што такая актыўная форма мастацка-творчай самадзейнасці дзяцей садзейнічае раскрыццю і развіццю творчага патэнцыялу кожнага вучня.

За невялікі час існавання школьнага тэатра юныя аматары сцэны набылі не толькі акцёрскія навыкі, але і пэўныя веды ў вывучэнні замежнай мовы.

Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра для выхаванцаў аздараўленчага лагера “Раўчук” удзельнікі школьнага тэатра паказалі пастаноўку на англійскай мове “Прыгажуня і пачвара”. Уважліва і з цікавасцю сачылі хлопчыкі і дзяўчынкі за цудоўнымі ператварэннямі на сцэне, за тым, як сілы дабра перамагаюць зло. Дзеянне суправаджалася чароўнай музыкай, якая на нейкі час дапамагла апынуцца ў казцы. І хоць малодшыя школьнікі толькі пачынаюць вывучаць англійскую мову, выступленне акцёраў-аматараў не пакінула гледачоў абыякавымі.

Тэатр на англійскай мове ў школе — гэта сродак павышэння цікавасці вучняў да вывучэння замежнай мовы, прымянення атрыманых ведаў у нестандартнай абстаноўцы. І, безумоўна, гэта яскравая магчымасць раскрыць творчы патэнцыял нашых дзяцей.

Юлія САЛАЎЯН,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Навагрудка.