Тэатральнае “Асарці”

- 15:15Нам пішуць

На Маларытчыне падвялі вынікі раённага фестывалю вучнёўскіх тэатральных калектываў “Асарці”, які праводзіўся з мэтай развіцця творчага патэнцыялу і камунікатыўных навыкаў школьнікаў. Усе ўдзельнікі паказалі выдатнае валоданне замежнымі мовамі. Сёлетнімі пераможцамі сталі самадзейныя артысты з сярэдняй школы № 1 Маларыты (кіраўнік Аксана Ярмалюк), якія падрыхтавалі англамоўную пастаноўку “Сірата Эні” па матывах мультфільма.

— У творчым спаборніцтве ўдзельнічалі 17 аматарскіх калектываў, — расказала метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Тамара Абрамук. — На 2-м месцы — юныя тэатралы з Ляхавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы (кіраўнік Аліна Жышкевіч), якія прадставілі аўтарскую апрацоўку казкі братоў Грым “Беласнежка і сем гномаў”. 3-е месца заслужылі вучні Хаціслаўскай сярэдняй школы. Юныя акцёры на сцэне сярэдняй школы № 2 Маларыты, дзе ладзіўся фестываль, па-майстэрску ўвасобілі нямецкую народную казку ў аўтарскай апрацоўцы “Казка пра дружбу” пад кіраўніцтвам Валянціны Крэнь і Марыі Пішчык.

Лепшыя тэатральныя вучнёўскія калектывы вызначаліся і ў намінацыях. Так, у намінацыі “Тэатралы” лепшай прызнана пастаноўка вучняў Чарнянскай сярэдняй школы (кіраўнік Марта Кулічык), у намінацыі “Маскарад” — пастаноўка вучняў Лукаўскай сярэдняй школы (кіраўнікі Сяргей Чыкіта і Алена Міхальчук), у намінацыі “Кампазіцыя” — пастаноўка вучняў Ланской сярэдняй школы (кіраўнік Вера Ільючык).

Пры вызначэнні лепшых тэатральных пастановак самадзейных артыстаў журы ўлічвала мастацкую каштоўнасць твораў, правільнасць маўлення, узровень валодання замежнай мовай, яе выразнасць, адпаведнасць задумы твораў яе сцэнічнаму ўвасабленню, а таксама культуралагічны аспект выступлення: сцэнічны выгляд, перадачу літаратурнага вобраза твора і інш.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.