“Тэатральны куфар — 2018”: у пошуках парадоксаў

20 верасня ў Ліцэі БДУ ўрачыста адкрыўся 15-ы сезон Міжнароднага фестывалю студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар”. Арганізатарамі форуму па традыцыі выступілі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (упраўленне па справах культуры), народны студэнцкі драматычны тэатр “На балконе” БДУ і народны музычны тэатр-студыя “На філфаку” БДУ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Нязменным застаўся і слоган фестывалю — “Традыцыі. Пошук. Эксперымент”. А вось сімволіка лічбы 15, па задуме арганізатараў, будзе вызначаць канцэпцыю сёлетняга форуму як суцэльны парадокс.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка накіраваў удзельнікам і гасцям ХV МФСіМТ “Тэатральны куфар” сваё прывітанне, якое на ўрачыстым адкрыцці форуму агучыў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык. “Зноў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт збірае таленавітую моладзь з усяго свету і становіцца творчай пляцоўкай нефармальных зносін, — адзначыў у прывітальным слове Ігар Васільевіч. — За 15 гадоў свайго існавання фестываль стаў яркай падзеяй не толькі ў жыцці ўніверсітэта, горада і краіны, але і прыкметнай з’явай ва ўсім тэатральным свеце. Лічбы гавораць самі за сябе: 150 тэатраў з 65 краін”. Міністр адукацыі выказаў упэўненасць, што сёлетні фестываль прадоўжыць свае цудоўныя традыцыі, адкрые новыя імёны маладых і юных артыстаў, прадэманструе таленты і магчымасці многіх адораных людзей, калектываў і творчых саюзаў. “Мы ганарымся тым, што вядучая ўстанова вышэйшай адукацыі краіны стане паўнапраўнай удзельніцай яркага творчага жыцця сталіцы, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Упэўнены, што “Тэатральны куфар — 2018” падорыць жыхарам і гасцям Мінска нямала яркіх і змястоўных сустрэч, якія стануць крыніцай радасці і натхнення, стымулам для далейшай вялікай стваральнай працы”.

У асноўнай праграме сёлетняга фестывалю на пляцоўцы Ліцэя БДУ выступяць 15 маладзёжных тэатраў з Аўстрыі, Беларусі, Грузіі, Ізраіля, Ірана, Літвы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Украіны і Харватыі. Іх удзельнікі пазмагаюцца за перамогу ў асноўных 6 намінацыях форуму: “Лепшая актрыса”, “Лепшы акцёр”, “Лепшая актрыса другога плана”, “Лепшы акцёр другога плана”, “Лепшая сцэнаграфія” і “Лепшая рэжысура”. Асобна будуць вызначаны лепшы прафесійны спектакль і лепшы аматарскі спектакль. Лёс усіх гэтых намінацый будзе вырашаць прафесійнае журы на чале з вядомым тэатральным дзеячам з Грузіі Канстанцінам Абашыдзэ. Таксама ў склад журы ўвайшлі Роберта Кіта (Аўстрыя), Валянціна Мароз і Настасся Махава (Беларусь), Аляксей Яфрэмаў (Расія) і Раман Ганчарук (Украіна).

Галоўную ж узнагароду “Тэатральнага куфра — 2018”, як і папярэднія гады, вызначыць глядач, ацэньваючы кожны спектакль адразу ж пасля прагляду па 5-бальнай сістэме.

Адной з самых чаканых і відовішчных дзей фестывалю па традыцыі стане праект “Куфар-in-Motion”, калі ўсяго за адзін тыдзень мінскія акцёры пад кіраўніцтвам рэжысёра і педагога з Віцебска Настассі Махавай здзейсняць арыгінальную пастаноўку, прэзентацыя якой адбудзецца на цырымоніі закрыцця форуму 27 верасня.

Сюрпрыз чакае гледачоў і 25 верасня ў так званы Дзень сучаснай беларускай п’есы — прэм’ерны праект “Тэатральнага куфра”, арганізаваны сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі.

Таксама ў рамках фестывалю будзе паказана цікавая спецыяльная праграма для дзяцей. Сваіх аднагодкаў парадуюць артысты ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Латвіі і Расіі. 22 верасня на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі можна будзе ўбачыць пастаноўкі тэатра “Летуценнік” з Любані (“Пясчаны замак” па п’есе Сяргея Кавалёва, рэжысёр Ала Каткавец) і маладзёжнай тэатральнай студыі “Ёрык” з Латвіі (“Утаймаванне свавольнай” паводле Уільяма Шэкспіра, рэжысёр Ларыса Шчукіна). 23 верасня там жа будуць паказаны спектаклі дзіцячага тэатра “Ронд” з Мінска (“Папялушка” паводле Яўгенія Шварца, рэжысёр Антон Мішуцін), Віцебскай танцавальнай школы “Менада” (“Камера захоўвання кардоннага ўзросту” І.Цішкевіча, рэжысёр Аляксандр Базук) і творчага цэнтра “Артыст” з Масквы (“Чарнобыльская малітва” С.Алексіевіч, рэжысёр Аляксей Яфрэмаў). Закрые дзіцячую праграму на сцэне актавай залы філалагічнага факультэта БДУ (К.Маркса, 31) спектакль “Выкраданне прынцэсы” дзіцячага білінгвальнага тэатра з Вялікабрытаніі “Калейдаскоп”.

А адкрыў афішу “Тэатральнага куфра — 2018” у чацвер, 20 верасня, спектакль “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” па матывах аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча, пастаўлены рэжысёрам Аленай Ганум (майстэрня Вячаслава Паўлюця Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў). Гэта была ўзрушаная і велічная дзея, якая паўтары гадзіны трымала ў напружанні поўную актавую залу Ліцэя БДУ. Маладыя артысты з акадэміі мастацтваў паспрабавалі адказаць на складаныя пытанні пра сутнасць Радзімы, Бога, чалавека і яго ролю на гэтай зямлі. Недавучаны шкаляр Юрась Братчык, які воляй лёсу і з прычыны здрадлівых учынкаў духоўных і свецкіх улад бярэ на сябе ролю Хрыста, не думаючы, што робіць грэх, у атачэнні сваіх “апосталаў” вандруе па роднай краіне, але, не здолеўшы-такі спакойна глядзець на навакольнае людское гора, ператвараецца ўрэшце з махляра-псеўдамесіі ў сапраўднага збаўца і заступніка роду чалавечага… І гэта быў першы парадокс, падораны гледачам сёлетнім Міжнародным фестывалем студэнцкіх і маладзёжных тэатраў “Тэатральны куфар”, групай артыстаў майстэрні Вячаслава Паўлюця з акадэміі мастацтваў і… геніем Уладзіміра Караткевіча.

“Парадаксальны” тэатральны форум чакае сваіх гледачоў на наступных паказах. Сачыце за афішай на сайтах tkufar.by і afisha.tut.by.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.