Тэатральныя таленты паказалі сябе

- 12:08Навіны рэгіёнаў

Агляд-конкурс “Шматаблічны тэатр” сярод навучэнцаў тэатральных аб’яднанняў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбыўся ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці.

Паводле слоў члена журы загадчыцы аддзела культурна-масавай работы абласнога Цэнтра творчасці Валянціны Комар, конкурс закліканы садзейнічаць развіццю агульнай і тэатральнай культуры ўдзельнікаў і кіраўнікоў тэатральных аб’яднанняў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, спрыяць павышэнню ўзроўню іх выканальніцкага майстэрства.
За два конкурсныя дні на сцэну выйшла каля 160 пачынаючых акцёраў, ці 17 тэатральных калектываў з розных куткоў Магілёўскай вобласці. Яны прадставілі на суд журы васямнаццаць цікавых пастановак. Усе міні-спектаклі адрозніваліся крэатыўнасцю, добрым акцёрскім выкананнем, арыгінальнымі рэжысёрскімі рашэннямі.
Напрыклад, сярэдняя група тэатральнай студыі “Экстрым” абласнога Цэнтра творчасці вярнула прысутных у свет дзяцінства. Пастаноўка па матывах казкі Наталлі Абрамцавай несла ў сабе і пэўны філасофскі сэнс, прымушала гледача паразважаць. Па словах кіраўніка калектыву Настассі Пералыгінай, дзіцячыя казкі з глыбокай сутнасцю амаль заўсёды з’яўляюцца асновай для пастановак.
— Зараз у сярэдняй групе студыі займаюцца 24 навучэнцы ва ўзросце ад 8 да 11 гадоў. Мы пакуль стараемся не закранаць сур’ёзныя тэмы, як мага больш падаўжаючы пару іх дзяцінства. Пастаноўкі ў асноўным ладзім па матывах казак, значная частка якіх належыць пяру менавіта Наталлі Абрамцавай, бо яе творы маюць паралель з рэальным жыццём і дапамагаюць выхоўваць добрыя маральныя якасці ў дзяцей, — гаворыць Настасся Валер’еўна.
Удзельнікі сярэдняй групы тэатральнай студыі “Экстрым” перад выступленнем, вядома, хваляваліся. Але, нягледзячы на юны ўзрост, многія з іх на вялікай сцэне выступалі не ў першы раз. Як адзначылі пачынаючыя актрысы Таццяна Дысянкова і Карына Палякова, з хваляваннем група справілася і яны спадзяюцца на перамогу.
На перамогу спадзяваліся і астатнія канкурсанты, бо кожны калектыў прадставіў добрыя пастаноўкі. Напрыклад, удзельнікі ўзорнага тэатра ігры і юных вядучых “Бім-бом” абласнога Цэнтра творчасці паказалі спектакль па п’есе А.Сям’янава “Бывайце, анёлы, бывайце!”. Пастаноўка ўразіла глыбінёй рэжысёрскай задумы, а добрая ігра юных акцёраў навяла гледача на перажыванні і роздумы аб захаванні памяці пра герояў ВАВ.
Як адзначыла Валянціна Комар, усе ўдзельнікі паказалі даволі высокі ўзровень тэатральнай ігры. Аднак у любым спаборніцтве заўсёды ёсць лідары. У конкурсе “Шматаблічны тэатр” ім стаў узорны тэатр ігры і юных вядучых “Бім-бом”. Прадстаўнікі гэтага калектыву па выніках двухдзённага конкурснага марафону атрымалі гран-пры конкурсу. Пераможцамі ў намінацыі “Лепшы спектакль” стала тэатральная студыя “Экстрым” абласнога Цэнтра творчасці. Лепшым лялечным спектаклем прызнана пастоноўка аб’яднання па інтарэсах “Светлячок” Дрыбінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. За арыгінальную рэжысёрскую знаходку пераможным дыпломам у намінацыі “Лепшая рэжысура” быў адзначаны тэатральны калектыў “Школьны тэатр” з Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Акрамя таго, пэўныя спектаклі былі адзначаны за выдатную сцэнаграфію, эстэтычнае афармленне, добрае ўвасабленне ваеннай тэмы. Узнагароды атрымалі і пачынаючыя акцёры за лепшае выкананне галоўных роляў і роляў другога плана.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.