Тэатральныя ўрокі

Сучасная школа павінна рыхтаваць дзяцей да жыцця, дзе валоданне замежнай мовай знаходзіцца на адной ступені з веданнем роднай мовы. Грамадству неабходны людзі, якія ўмеюць творча мысліць, аналізаваць падзеі і разумець іншых.

Даволі часта пры выкладанні англійскай мовы перада мной паўставала пытанне: “Што можна выкарыстоўваць на занятках для абагульнення і замацавання матэрыялу па пэўнай тэме, каб вучні засвоілі яго надоўга і змаглі карыстацца атрыманым лексічным запасам на практыцы?” На дапамогу прыйшоў тэатральны гурток. Падабраўшы тэатральныя пастаноўкі з адпаведным лексічным і граматычным матэрыялам, я пачала выкарыстоўваць іх на ўроках абагульнення і замацавання пройдзенага. Так, пры вывучэнні тэмы “Падарожжа назад у мінулае” ў 7 класе дзеці ажыццявілі пастаноўку “Падарожжа сяброў у часе”, а вывучыўшы тэму “Горад і вёска”, школьнікі прапанавалі абыграць пастаноўку “Гарадское мышаня і вясковае мышаня”. Пры вывучэнні тэмы “Брытанскія традыцыі” ў 8 класе дзеці з вялікім жаданнем удзельнічалі ў пастаноўцы Гары Хорса “Апошнія каўбоі”.

Асноўная мэта такіх заняткаў — пашырыць рамкі школьных урокаў шляхам тэатральных пастановак, даць вучням асноўныя і дадатковыя веды па прадмеце, далучыць дзяцей да тэатральнага мастацтва. Тэатральныя ўрокі рыхтуюцца ў адпаведнасці са школьнай праграмай і праходзяць у класным кабінеце ці на сцэне.

Дзякуючы тэатральным урокам, вучні могуць паглядзець на сябе збоку і разняволіцца, што станоўча ўплывае на развіццё вуснага маўлення. Выкарыстанне тэатральных пастановак на ўроках дазваляе стварыць іншамоўнае асяроддзе, набліжанае да натуральнага. У настаўніка з’яўляецца выдатная магчымасць актывізаваць і замацаваць амаль увесь пройдзены праграмны лексіка-граматычны матэрыял. Вучні хутка асвойваюць маўленчыя канструкцыі і авалодваюць імі, што дапамагае ў далейшым аперыраваць імі ў аўтэнтычным асяроддзі. Падчас тэатральных урокаў у дзяцей фарміруюцца навыкі зносін. Школьнікі пачынаюць разумець унікальнасць і непаўторнасць мовы.

Тэатральныя ўрокі — добры падмурак для ўдзелу ў штогадовым гарадскім конкурсе вучнёўскіх тэатральных калектываў на замежнай мове “Мазаіка”. Так, юныя акцёры неаднаразова ажыўлялі герояў рамана Д.Роўлінг “Гары Потэр”.

Тэатральныя ўрокі адкрываюць дзецям шлях да самавыяўлення, дазваляюць набыць упэўненасць у сваіх сілах, развіваюць творчыя здольнасці, выхоўваюць важныя маральныя якасці.

Ірына ГЕРУСАВА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 8 Пінска.