ІІІ Міжнародны форум “Тэатр і аўтызм. Пытанні і адказы” прайшоў у Мінску. Асноўная тэма мерапрыемства — “Ад інклюзіўных супольнасцей да інклюзіўнага грамадства”. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і бізнесу з Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа сабраліся разам, каб абмеркаваць сусветны вопыт паспяховай інтэграцыі ў грамадства дзяцей з аўтызмам і пытанні стварэння інклюзіўнага калектыву з выкарыстаннем карэкцыйна-развіццёвага навучання і тэатратэрапіі. Педагогі, аўтары інавацыйных методык і бацькі абмяняліся практычным вопытам па стварэнні эфектыўнага інклюзіўнага асяроддзя. Былі праведзены відэападключэнні з удзелам спецыялістаў з Азербайджана, Францыі і Эстоніі.
Ад інклюзіўнай студыі да прафесійнага тэатра
У пачатку форуму адбылася прэс-канферэнцыя, якую адкрыла дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду, мастацкі кіраўнік сямейнага інклюзіў-тэатра “i”, харэограф, педагог і рэжысёр Ірына Кісялёва: “СІТi–тэатр быў створаны ў красавіку 2016 года па ініцыятыве МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і кампаніі А1 (VELCOM) на базе “Студыі Пушкаровай”. Асноўная задача тэатра — пастаноўка прафесійных відовішчных спектакляў для ўсёй сям’і, дзе на сцэне выступаюць дзеці-акцёры, у тым ліку і дзеці з аўтызмам. Спачатку гэта была невялікая студыя, на базе якой дзеці займаліся харэаграфіяй, пластыкай, вакалам, асвойвалі акцёрскае майстэрства, сцэнічнае маўленне, ігралі на музычных інструментах. У сапраўдны тэатр студыя ператварылася з прыходам прафесіяналаў — педагогаў, псіхолагаў, рэжысёраў, вакалістаў опернага тэатра і кансерваторыі, філармоніі і драматычных тэатраў. Ад вучэбных спектакляў сямейны інклюзіў-тэатр перайшоў да поўнаметражных пастановак на вялікіх сцэнах. Сёння ў рэпертуары тэатра 6 спектакляў, з якімі калектыў выступаў у тэатры музкамедыі, філармоніі, Палацы культуры прафсаюзаў. Чарговая пастаноўка “8 пачуццяў, або Нараджэнне Чалавека” адбудзецца 10 лістапада ў Палацы культуры МАЗа. Зараз у інклюзіў-тэатры займаюцца больш як 120 дзяцей, 37 з іх з аўтызмам. За тры гады праз нашы рукі прайшло больш за 200 маленькіх артыстаў з аўтызмам. Ёсць сярод іх і шчаслівыя выпускнікі. Аднаго з іх сёлета мяркуем працаўладкаваць”.
Тэатр — гэта добры інструмент для інфармавання. Дзякуючы спектаклям тэатра “і”, бацькі і спецыялісты могуць убачыць, як можна працаваць з дзецьмі і дарослымі людзьмі з аўтызмам. У інклюзіўным калектыве дзеці з асаблівымі патрэбамі рэалізоўваюць свой творчы патэнцыял. Некаторыя з іх не толькі дасягаюць сур’ёзных поспехаў у акцёрскім майстэрстве, але і становяцца аўтарамі твораў. На першых занятках не ўсе дзеці з аўтызмам могуць сканцэнтравацца на самым элементарным, не адважваюцца падняцца на сцэну, вымавіць слова. Праходзіць час, і ніхто з гледачоў нават не пазнае ў акцёры дзіця з аўтызмам. Для звычайных дзяцей, якія наведваюць інклюзіў-тэатр, заняткі таксама прыносяць карысць. У іх ніколі не ўзнікне пытання аб праяўленні талерантнасці ў адносінах да людзей з абмежаваннямі.
“Сямейны інклюзіў-тэатр “i” цесна супрацоўнічае з Інстытутам інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, — расказала дырэктар інстытута Вера Хітрук. — Больш як 100 нашых студэнтаў з’яўляюцца валанцёрамі тэатра, яны працуюць з дзецьмі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, шукаюць новыя спосабы ўзаемадзеяння з імі. У сваю чаргу ўдзельнікі тэатра, бацькі дзяцей з асаблівасцямі звяртаюцца да спецыялістаў Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі, які дзейнічае пры інстытуце, з просьбамі аб кансультацыях, дыягностыцы, стварэнні праграмы работы з дзецьмі. Мы заўсёды аказваем такую дапамогу і педагогам, і дзецям, і бацькам”.
Спецыяліст па інклюзіі і інваліднасці ПРААН Аляксандр Аўдзевіч падчас прэс-канферэнцыі звярнуў увагу на неабходнасць стварэння ўніверсальнай праграмы ўключэння людзей з інваліднасцю ў жыццё грамадства. Гэта дазволіць ім рэалізоўваць свой патэнцыял, прыносіць карысць, працаваць і атрымліваць даход, што зробіць такіх людзей максімальна самастойнымі. Напрыклад, яны пры неабходнасці змогуць самі аплаціць паслугі асабістага памочніка. Аляксандр адзначыў важнасць стварэння даступных працоўных месцаў для людзей з асаблівасцямі. Людзі з аўтызмам, напрыклад, выдатныя айцішнікі. Ёсць кампаніі, якія займаюцца рэкрутынгам менавіта такіх супрацоўнікаў. Калі стварыць для іх ціхую, без раздражняльнікаў рабочую прастору, людзі з аўтызмам цудоўна справяцца з пастаўленымі перад імі задачамі і змогуць працаваць і дзень і ноч, прычым з задавальненнем.
На этапе пераходу да інклюзіўнай адукацыі
Сузаснавальнік і праграмны дырэктар адукацыйнай інклюзіўнай студыі Studio- 3/4 (Тэль-Авіў, Ізраіль) Марына Крысаў расказала: “Ізраіль знаходзіцца на этапе пераходу да паўнацэннай сістэмы інклюзіўнай адукацыі. Любая школа і любы клас у нас апрыёры лічацца інклюзіўнымі. Не бывае такога, каб дзіця з абмежаваннямі не падыходзіла пэўнай навучальнай установе. Зыходзім з таго, што школа не адпавядае індывідуальным патрэбам дзіцяці, і шукаем для яго іншую навучальную ўстанову”.
Выступоўца акрэсліла ўмовы, неабходныя для ўкаранення інклюзіўнай адукацыі. Гэта перш за ўсё сістэмнасць, якая праяўляецца на ўсіх узроўнях, у тым ліку на заканадаўчым, калі сістэма спецыяльнай адукацыі сумяшчаецца з сістэмай масавай адукацыі, і яны становяцца адным цэлым. Увага пры гэтым удзяляецца патрэбам кожнага дзіцяці, незалежна ад яго асаблівасцей. Былі агучаны і іншыя ўмовы ўкаранення інклюзіўнай адукацыі: разумны менеджмент, які праяўляецца ў гатоўнасці адміністрацыі ўстановы кіравацца прынцыпамі інклюзіі, адстойваць іх як непарушныя; падрыхтоўка настаўнікаў, выкладчыкаў для работы ва ўмовах інклюзіі; работа з навучэнцамі ў кірунку фарміравання талерантных адносін да дзяцей з абмежаваннямі; работа з бацькамі, каб тыя адчувалі сябе паўнацэннымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу; стварэнне дадатковага адукацыйнага асяроддзя і кантэнту, а таксама прымяненне педагогамі шматфункцыянальных дапаможнікаў для работы з класам або з асобным дзіцем у залежнасці ад яго канкрэтных патрэб; назначэнне цьютара, як індывідуальнага, так і для групы, або памочніка настаўніка для работы з класам.
У Ізраілі развіта сфера нефармальнай (пазашкольнай) адукацыі, распаўсюджаны аб’яднанні, якія займаюцца вырашэннем пэўных сацыяльных задач, маладзёжныя рухі, тэатры. Практычная дзейнасць гэтых арганізацый звязана з фарміраваннем каштоўнасных установак, у тым ліку талерантнасці, з падтрымкай і развіццём інклюзіўных працэсаў у грамадстве. Гэтаму спрыяе сумесная дзейнасць, у першую чаргу творчая, усіх людзей, у тым ліку людзей з абмежаваннямі, якія наведваюць такія ўстановы.
Чаканні і рэальнасць
У Эстоніі існуе праграма інклюзіі, але яна належным чынам не рэалізоўваецца. Аб гэтым расказалі дырэктар рэабілітацыйнага цэнтра Lootus Onnele кансультант Ганна Мікканэн і спецпедагог магістрант факультэта педагагічных навук Талінскага ўніверсітэта Вольга Нігроўская. У краіне ёсць праекты, згодна з якімі дзеці з асаблівасцямі могуць вучыцца разам са звычайнымі дзецьмі. Але, як паказала практыка апошніх пяці гадоў, гэта не працуе. Да сумеснага навучання не гатовы многія настаўнікі і бацькі як звычайных дзяцей, так і дзяцей з АПФР. Не гатовы і дзіцячыя сады. Не хапае спецыялістаў, якія маглі б працаваць з дзецьмі з рознымі парушэннямі. Бацькі мала інфармаваны аб асаблівасцях развіцця сваіх дзяцей. Часта яны не прымаюць дыягназ дзіцяці, не расказваюць і педагогам аб існуючых праблемах. У сваю чаргу бацькі звычайных дзяцей могуць выказваць незадаволенасць, калі, напрыклад, у дзіцячым садзе з’яўляецца малыш з праблемамі. У школе ў дзяцей з асаблівасцямі могуць узнікнуць праблемы ва ўзаемаадносінах з равеснікамі і настаўнікамі, для якіх такое дзіця — перашкода пры правядзенні заняткаў. Не ва ўсіх школах ёсць лагапеды, спецыяльныя і сацыяльныя педагогі, памочнікі настаўніка. Калі клас вялікі, а ў педагога няма памочніка, які б працаваў з дзіцем асобна, то для настаўніка гэта сапраўдная праблема. Калі такі памочнік ёсць і ён працуе побач з педагогам падчас урока, зноў праблема: педагог адчувае дыскамфорт. Ёсць такі варыянт: вучань з абмежаваннямі можа засвойваць асноўныя прадметы асобна ад звычайных аднакласнікаў разам з іншымі дзецьмі з абмежаваннямі, толькі ўрокі фізкультуры, працоўнага навучання наведваць разам з усім класам. Але такі падыход нельга назваць інклюзіўным. Сацыялізацыя — вось што неабходна асаблівым дзецям. Рэабілітацыйныя цэнтры, якія існуюць у Эстоніі для дзяцей з парушэннямі, на жаль, не ўзаемадзейнічаюць у гэтым кірунку са школамі і дашкольнымі ўстановамі. У ідэале такія цэнтры павінны працаваць пры школах і дзіцячых садах, а спецыялісты гэтых устаноў павінны абменьвацца інфармацыяй па пытаннях сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з абмежаваннямі. У якасці прыкладу выступоўцы прывялі вопыт фінаў, дзе сістэма інклюзіўный адукацыі даўно і паспяхова працуе.
Драматэрапія для людзей з аўтызмам
У Азербайджане зарэгістравана 4 тысячы людзей з аўтызмам, але, па нефармальных ацэнках, іх значна больш. Многія з іх наведваюць цэнтры псіхалагічнай рэабілітацыі. Кіраўнік такога цэнтра Ільхам Асманлы расказаў, што яго наведвальнікі прымаюць удзел у тэатралізаваных гульнях, інсцэніроўках казак, пастаноўках лялечнага тэатра. Самыя таленавітыя акцёры выступаюць на тэатральных фестывалях. Тэатральная дзейнасць з’яўляецца комплексным метадам карэкцыйнай работы. Тэксты літаратурных твораў пашыраюць слоўны запас, дапамагаюць весці дыялог, што вельмі важна для людзей з аўтызмам, якія маюць праблемы з камунікацыяй, з нізкай самастойнай актыўнасцю. Людзі з аўтызмам знаходзяцца ў сваім замкнёным свеце. Калі ж неназойліва далучыць іх да творчасці, іх псіхалагічны стан палепшыцца, праявяцца іх здольнасці. Немалую ролю ў рэабілітацыі дзяцей з аўтызмам адыгрываюць іх бацькі.
Дыпламаваны спецыяліст па рэжысуры тэатра і арт-тэрапіі, рэжысёр, педагог і сузаснавальнік Artscene Compagnie Жазэ да Сільва (Парыж) каля 20 гадоў выкарыстоўвае драматэрапію ў рабоце з людзьмі з асаблівымі патрэбамі, у тым ліку з дзецьмі з аўтызмам, і дапамагае ім знайсці свой шлях у жыцці, навучыцца ўзаемадзейнічаць з усімі людзьмі. Вельмі блізкія яму методыкі работы вядомых рэжысёраў Станіслаўскага і Гратоўскага. Калі Жазэ працаваў у медыцынскім цэнтры з людзьмі з абмежаваннямі, ён прымяняў практыкаванні, якія выкарыстоўваў у рабоце са звычайнымі акцёрамі. І наадварот, спецыяльныя арт-тэрапеўтычныя практыкаванні для пацыентаў з асаблівасцямі прымяняў пры рабоце са звычайнымі артыстамі. Гэта прыносіла станоўчы эфект у абодвух выпадках.
“Часта людзі думаюць, што найлепшы спосаб зносін — словы. Але яны — толькі дапаўненне да шчырых і глыбокіх пачуццяў, якія ўзнікаюць паміж людзьмі, — адзначыў Жазэ. — Важна прыслухоўвацца да сябе, свайго цела і сваіх адчуванняў, умець распазнаваць невербальныя знакі, вызваляць унутраную энергію. Аднойчы я паставіў п’есу па аповесці Івана Тургенева “Дзённік лішняга чалавека”. У галоўнай ролі выступіў вельмі таленавіты акцёр з аўтызмам. Ніхто з гледачоў не заўважыў яго асаблівасці. Дзякуючы яго маме, пісьменніцы Франсуазе Лефевр, якая напісала раман-споведзь пра свайго сына Жана-Сільвестра “Маленькі прынц-канібал”, свет даведаўся пра гісторыю жыцця гэтага хлопчыка, пра адчайную барацьбу яго мамы за шчаслівую будучыню сына. Работа з асаблівымі дзецьмі і дарослымі падарыла мне цэлы свет новых адчуванняў, адкрыла новы падыход да акцёрскага майстэрства”.
Сямейны інклюзіў-тэатр “і” — прафесійны і аўтарытэтны ў нашай краіне творчы калектыў. Падобныя тэатральныя клубы і студыі ствараюцца і ў шэрагу ўстаноў адукацыі. Падчас форуму быў прадстаўлены вопыт інклюзіўнага творчага калектыву “Добрая рака” Каладзішчанскай сярэдняй школы Мінскага раёна, Анры-тэатра дзённага цэнтра Чырвонага Крыжа ў Гродне, а таксама дасягненні тэатраў “Куліса” і “Аднолькавыя” сярэдняй школы № 177 Мінска, у якіх займаюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.