Тэатру-студыі “Вясёлка” — 40

- 10:52Навіны рэгіёнаў

Добра вядомы не толькі на Магілёўшчыне, але і па ўсёй краіне заслужаны аматарскі калектыў, узорны эстрадны тэатр-студыя “Вясёлка” адсвяткаваў 40-годдзе з дня стварэння.

За гэты час для юных магілёўскіх вакалістаў і танцораў “Вясёлка” стала дзвярыма ў свет музыкі і творчасці. За чатыры дзесяцігоддзі педагогі і кіраўнікі тэатра-студыі стварылі чароўную краіну дзяцінства, падарылі радасць зносін, творчасці, дружбы і свята шматлікай колькасці хлопчыкаў і дзяўчынак. А для некаторых выпускнікоў калектыў стаў пуцёўкай на эстраду. На працягу ўсіх сарака гадоў існавання калектыву гэтую пуцёўку хлопцам і дзяўчатам давала ідэйны натхняльнік стварэння студыі і яе нязменны кіраўнік Нэлі Мікалаеўна Бардунова.

Сёння “Вясёлка” — гэта школа эстэтычнага выхавання і адукацыі, дружная сям’я педагогаў і больш як 650 выхаванцаў. Тэатр-студыя ўніверсальны ў сваёй дзейнасці і ўключае ў сябе сінтэз вакальнага мастацтва, музыкі і харэаграфіі. Кожны педагог калектыву верыць у творчы патэнцыял дзяцей, усяляк заахвочвае іх імкненні. Прафесійныя настаўнікі імкнуцца перш за ўсё сфарміраваць у дзецях асобу, а потым ужо развіваць іх таленты. Эфектыўнасць такога падыходу да работы з дзецьмі адпаведная.

Навучэнцы тэатра-студыі “Вясёлка” пастаянна становяцца лаўрэатамі і дыпламантамі прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, конкурсаў і аглядаў. А Ірына Круглік, Лізавета Пеганава і тры вакальныя групы — “Зязюлькі”, “Скарбонкі”, “Фа-соль” — з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Юбілейны канцэрт выдаўся феерычным. На працягу некалькіх гадзін гледачы атрымлівалі асалоду ад добрай музыкі, выдатнага вакалу і харэаграфіі, а таксама цэласнасці і непаўторнасці кожнага нумара. Разнастайным быў і рэпертуар канцэрта. Са сцэны гучалі песні мінулых гадоў і сучаснасці, кампазіцыі лірычнага і заваднога характару.

Не абышлося і без віншаванняў. Павіншаваць са святам калектыў прыйшло мноства ганаровых гасцей. У адрас тэатра-студыі з іх вуснаў прагучала нямала цёплых слоў і пажаданняў. Акрамя гэтага, педагогі калектыву за сваю дзейнасць былі адзначаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.