TeenStart: хуткі старт для падлеткаў

Пра спартыўныя івенты праекта TeenKach мы расказвалі ў студзені (“Настаўніцкая газета” ад 19.01.2019), калі яго аўтары Сцяпан Навасельскі і Антон Кастэнка атрымалі грант ад ментара конкурсу SocialWeekend. Тады хлопцы праводзілі гарадскія квесты і трэніроўкі з зорнымі спартсменамі.

Летам мы пачулі пра гэты праект зноў. Цяпер у зусім іншым кантэксце. З пракачкі спартыўных навыкаў школьнікі пераключыліся на развіццё асабістых якасцей, інтэлекту, кругагляду. Так яны другі раз зламалі папулярны стэрэатып, што сённяшнія дзеці нічым не цікавяцца. Як у іх гэта атрымалася, мы даведаліся ў аўтара праекта TeenStart навучэнца ліцэя № 2 Мінска Сцяпана НАВАСЕЛЬСКАГА.

— Усё пачалося з таго, што развалілася наша каманда, — “аптымістычна” пачаў гісторыю праекта Сцяпан. — У TeenKach мы працавалі толькі за ідэю і з часам проста страцілі матывацыю. Нагадаем, спартыўныя квесты для школьнікаў былі цалкам бясплатнымі, а спонсарскія сродкі ішлі толькі на развіццё праекта.

Калі каманда страціла цікавасць да квестаў, Сцяпан не апусціў рукі — пайшоў на бізнес-курсы і стаў думаць, чым яшчэ можа быць карысны равеснікам. Тады і прыйшла ідэя рабіць канферэнцыі і івенты для падлеткаў: у іх заўсёды ёсць попыт на знаёмства з цікавымі людзьмі і іх прафесіямі, на новыя веды і магчымасці.

Усё гэта можна атрымаць на бізнес-курсах, але праз высокі кошт яны даступны не кожнаму. А вось канферэнцыі для падлеткаў больш даступныя і пачынаюць набіраць папулярнасць (напрыклад, у мінулым годзе такая канферэнцыя прайшла ў межах Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва).

— Перш за ўсё мы вызначылі канцэпцыю, — працягвае Сцяпан. — Падзялілі канферэнцыю на 2 блокі: у бізнес-блоку выступалі прадпрымальнікі, кіраўнікі Digital-кампаній, інвестары, бізнес-анёлы. Яны расказвалі свае гісторыі поспеху і давалі парады, як пачаць уласную справу (знайсці грошы на стартап, сабраць каманду).

У блоку “Актуальныя веды” арганізатары сабралі тое, што неабходна ведаць сучаснаму спецыялісту ў любой сферы, — SMM, маркетынг, псіхалогію, нэтворкінг.

Знайсці спікераў дапамаглі ўсемагутныя сацыяльныя сеткі. Паспяховыя людзі ахвотна пагаджаюцца выступаць перад вялікай аўдыторыяй: адны — каб развіваць свой брэнд, другія — з-за цікавасці да новага пакалення, трэція — з мэтай падтрымаць нестандартную ініцыятыву падлеткаў.

— У выніку самым яркім выступоўцам стаў, напэўна, Ян Сташкевіч, дырэктар SMM-агенцтва Ragoo Creative, — падсумаваў Сцяпан. — Ён самы малады спікер канферэнцыі, таму быў на адной хвалі са школьнікамі і ў кантэксце SMM расказаў пра TikTok (сацыяльная сетка з кароткімі відэаролікамі, якая актыўна набірае папулярнасць у падлеткаў, але зусім не зразумелая дарослым. — Заўв. аўт.) — усіх гэта падкупіла. Таксама запомнілася эксперт па нэтворкінгу Таццяна Акімава, бо яна арганізавала шмат інтэрактыўных заданняў, каб ледзь не ўсе ўдзельнікі пазнаёміліся.

Так у групы падлеткаў атрымалася правесці канферэнцыю, якую наведала 120 іх равеснікаў. Зразумела, былі памылкі і недахопы ў арганізацыі (каманда мерапрыемства склала ліст, у якім пералічыла больш за 30 памылак і пазначыла, як іх пазбегнуць у наступны раз), але само мерапрыемства выклікала зацікаўленасць.

— Мы зразумелі, што гэта запатрабавана, і вырашылі заставацца на сувязі з аўдыторыяй: з пачатку ліпеня пачалі праводзіць клубныя мерапрыемствы, — узгадвае Сцяпан. — Гэта невялікія (на 15—20 чалавек)  сустрэчы з цікавымі людзьмі ці проста з равеснікамі, якія дапамагаюць вызначыцца з будучай прафесіяй, даюць пэўныя веды для асабістага і прафесійнага развіцця або проста дазваляюць нашым пастаянным удзельнікам знаёміцца.

На такіх сустрэчах школьнікі гуляюць у настольныя гульні пра бізнес, глядзяць і абмяркоўваюць фільмы на мове арыгінала; вывучаюць асновы маркетынгу, краўдфандынгу, фатаграфіі; даследуюць сучасныя прафесіі, напрыклад, UX/UI-дызайнера. А арганізатары аналізуюць іх цікавасць, каб пасля прапана­ваць новую маштабную канферэнцыю для падлеткаў.

— Ёсць стэрэатып, што падлеткі сядзяць у камп’ютары і нічога не робяць, — разважае Сцяпан. — Але мы бачым зусім іншае: яны прыхо­дзяць да нас, задаюць трапныя пытанні спікерам, расказваюць пра свае хобі, знаёмяцца, аб’ядноўваюцца. Яны класныя!

Сцяпан верыць у тое, што з праекта TeenStart можа пачацца кам’юніці будучых лідараў — таленавітых спецыялістаў, бізнесменаў, творцаў. І запрашае ўсіх далучыцца да наступных сустрэч: яны бу­дуць прысвечаны пошуку інвестыцый і прафесіі BizDev-менеджара. А мы будзем і далей сачыць за развіццём адукацыйнага праекта, створанага падлеткамі для падлеткаў.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва праекта TeenStart.