“ТэхнаІнтэлект” на практыцы: ад нанакандэнсатара да бранзалета, які выратуе жыццё

Вядомы выраз пра тое, што ўсё геніяльнае проста, набывае асаблівае гучанне, калі трапляеш на папулярны ў Беларусі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцкай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Усё і сапраўды здаецца простым, калі бачыш ідэю, рэалізаваную на практыцы. Аднак, як нарадзіць саму ідэю?..
Аднойчы даследчык Персі Спенсер выпадкова прайшоў перад радарам-выпраменьвальнікам і адчуў, як плітка шакаладу ў яго кішэні расплавілася. Так з’явілася першая ў свеце мікрахвалевая печ, якая важыла паўтоны. Цікава, што рабіць свае першыя адкрыцці многім з юных беларускіх вынаходнікаў таксама дапамагае жыццёвая назіральнасць.

Навясное абсталяванне для аўтатрактарнай тэхнікі і ўласны вывадак куранят

Ідэя стварэння навяснога абсталявання для аўтатрактарнай тэхнікі, якое збірае апалую лістоту, з’явілася ў Арцёма Самахаўца з Кобрынскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці навучэнцаў (Брэсцкая вобласць). Назіраючы за працэсам збору лістоты ўручную, хлопец задумаўся над яго аўтаматызацыяй.

На выставе“У аснове маёй ідэі ляжала жаданне аблегчыць жыццё людзям, — прызнаецца Арцём. — Думаю, што гэта вельмі актуальна, бо праблема збору лістоты ўзнікае кожную восень, і жыллёва-камунальныя службы не заўсёды спраўляюцца з задачамі, якія дыктуе прырода”.
Абсталяванне, прапанаванае Арцёмам, можа быць усталявана на любы від самаходнай тэхнікі, яно дазваляе поўнасцю абыходзіцца без ручной працы. Гэты праект атрымаў першае месца ў секцыі “Тэхнічнае канструяванне”. Цікава, як хутка ім зацікавіцца жыллёва-камунальная гаспадарка Кобрына?
Сяргей Нікіцін, які займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Радыёканструяванне” Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, прыехаў на “ТэхнаІнтэлект” з… інкубатарам. Ідэя стварэння апарата для штучнага вываду маладняка сельскагаспадарчай птушкі з’явілася ў хлопца, які назіраў, колькі праблем узнікае ў яго бабулі, якая спрабуе выводзіць куранят традыцыйным шляхам. Разам з кіраўніком аб’яднання Аленай Георгіеўнай Мартынавай Сяргей пачаў работу над апаратам уласнай вытворчасці.
Сам інкубатар зроблены з ДСП. Пярэдняя сценка — з празрыстага аргшкла для назірання за працэсам інкубацыі. Для падтрымання цяпла ўнутраная паверхня сценак абклеена пенапластам. У цэнтры куба ўсталяваны зменны латок для яек, які круціцца. Для абагрэву інкубатара прымяняюцца дзве лямпы напальвання магутнасцю 40W. А ўзровень вільготнасці падтрымліваецца пры дапамозе ёмістасці з вадой, якая ставіцца на дно канструкцыі.
“На бакавой сценцы мы ўстанавілі рухавік з паваротным механізмам для латка, — расказвае Сяргей. — Зверху размяшчаецца электронная прылада для кіравання работай інкубатара. Інкубатар дазваляе выводзіць як куранят, так і гусянят, качанят, а таксама перапелянят. Яго змяшчальнасць: 32 курыныя, 15 гусіных, 25 качыных і 100 перапяліных яек. Пасля дзвюх спроб і ўдасканалення апарата нам удалося атрымаць уласны вывадак куранят”.
Дарэчы, Сяргей прызнаецца, што ў яго планах задумацца над больш шырокай вытворчасцю і рэалізацыяй інкубатараў. Хлопец упэўнены, што прадукт абавязкова знойдзе свайго спажыўца. Яго кошт па максімальных падліках складзе не больш за 200 тысяч рублёў, што ў некалькі разоў менш за кошт інкубатараў прамысловай вытворчасці.
Менавіта работу Сяргея журы назвала пераможцай у секцыі “Энергетыка і электратэхніка”.

Ці ёсць жыццё на экзапланетах?

Хто б мог падумаць, што тэма ратавання людзей у экстрэмальных сітуацыях будзе настолькі блізкай падлеткам, людзям, якія ў сваім узросце схільны рамантызаваць небяспеку. Мініяцюрную мадэль робата-пажарнага стварыў Сяргей Прахаровіч з ліцэя №1 Мінска, які займаецца ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Апарат здольны не толькі даследаваць, але і тушыць ачагі ўзгарання. Спецыяльныя датчыкі фіксуюць тэмпературу, ступень задымлення і г.д., інфармацыя аналізуецца, і робат “прымае рашэнне” аб уваходжанні ў эпіцэнт пажару або немэтазгоднасці такой рызыкі. Сяргей Прахаровіч з робатам-пажарным

Па словах членаў журы, гэтую работу адрознівае каштоўнасць ідэі. Мадэль можа стаць асновай для вытворчасці рэальнага робата-пажарнага. Нездарма менавіта ёй дасталася перамога ў секцыі “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”.
Сваё вырашэнне экстрэмальных сітуацый прапанаваў уладальнік другога месца ў гэтай жа секцыі Антон Любахінец з Брэсцкай вобласці. Яго ідэя накіравана на ратаванне людзей у водным асяроддзі. Яно ажыццяўляецца з дапамогай беспілотнага самалёта, які вылятае на месца трагедыі па сігнале і скідвае сродак ратавання ў выглядзе малагабарытнага плыта, што дапамагае чалавеку пэўны час пратрымацца на вадзе. Як жа самалёт вызначае дакладную кропку скідвання? З дапамогай GPS прымаецца сігнал з бранзалета, які знаходзіцца на руцэ. Застаецца толькі забяспечыць падобнымі бранзалетамі ўсе грамадскія пляжы.
«Ёсць жыццё на Марсе ці няма жыцця на Марсе?» пытанне, якое хвалюе розумы людзей не адно стагоддзе. Аднак у новым тысячагоддзі яно гучыць так: ці ёсць жыццё на экзапланетах? Інакш кажучы, на тых, якія знаходзяцца па-за межамі сонечнай сістэмы? Ілья Таўкач, які вучыцца ў сярэдняй школе № 49 Мінска, паспрабаваў знайсці на яго ўласны адказ.
У працэсе работы Ілья выдзеліў фактары, якія непасрэдна ўплываюць на прыгоднасць планеты для жыцця зямнога тыпу. Выкарыстоўваючы праграмны прадукт Каліфарнійскага ўніверсітэта Лос-Анджэлеса “UCLA”, Ілья пабудаваў сетку Баеса і на яе аснове зрабіў аналіз верагоднай наяўнасці жыцця на адкрытых экзапланетах, што і прынесла яму перамогу ў секцыі “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка”.

Тапінамбур як крыніца энергіі?

“Матэрыялы ў тэхніцы” — секцыя, якая штогод збірае нямала ўдзельнікаў. У гэтым годзе здзівіць членаў журы і стаць наймацнейшым у ёй удалося Ільі Шылко з Мінскай вобласці. Яго нанакандэнсатар “прагучаў” асабліва актуальна ў свеце імклівага развіцця нанатэхналогій.

Секцыі “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Мультымедыйныя тэхналогіі” атрымалі на “ТэхнаІнтэлекце” адукацыйную накіраванасць. Пераможцамі ў іх сталі Міхаіл Вага з Гомельскай вобласці з работай “Падарожжа ў свет англійскай мовы” і Міраслаў Занеўскі з Гродзенскай вобласці з мультымедыйнай праграмай па фізіцы “Пазнавайка 7”.
Сёлетні “ТэхнаІнтэлект” сабраў больш за 170 канкурсантаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з усіх куткоў краіны. Дарэчы, у конкурсе могуць прымаць удзел як прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі, так і маладыя людзі, якія падалі заяўку ў індывідуальным парадку. Аднак апошніх аказалася не так шмат. Па словах намесніка дырэктара Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандра Уладзіміравіча Карабы, у гэтым годзе іх колькасць складае крыху больш за 2 працэнты. Галоўнай прычынай можна назваць недастатковую інфармаванасць падлеткаў.
Ужо традыцыйна “ТэхнаІнтэлект” — гэта не толькі конкурс вынаходстваў. Акрамя непасрэдна тэхнічных секцый, усе жадаючыя маглі паспрабаваць свае сілы ў малюнку. Творчым заданнем гэтай секцыі стала стварэнне работы на тэму “Мой дом у сучасным горадзе”. Асобнымі секцыямі былі прадстаўлены “Жывапіс” і “Кампазіцыя”. І калі канкурсанты першай секцыі крэатывілі на тэму “Двор майго дзяцінства”, то ўдзельнікі другой прадстаўлялі творчыя работы “Будынак музея гісторыі Беларусі ў паркавай зоне».
Тэма, без якой “ТэхнаІнтэлект” не павінен абыходзіцца, — “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне”. Сёлета пераможцай аднайменнай секцыі стала Хрысціна Пічугіна з Мінскай вобласці з работай “Тапінамбур — перспектыўная энергетычная культура”. Дарэчы, з гэтай работай яна атрымала дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ. Плануецца, што гэтую ж работу Хрысціна будзе прадстаўляць на Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў у Турцыі.
Кажуць, што таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. Акрамя генерыравання непасрэдна саміх ідэй, нашай моладзі трэба навучыцца рэалізоўваць іх у жыцці. Бо вельмі часта тое, што ўчора здавалася фантастыкай, сёння з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця.

Наталля АЛЁХІНА

aliohina@ng-press.by.