“ТэхнаІнтэлект”: усё пачынаецца з жадання апярэдзіць час

На некалькі сакавіцкіх дзён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт стаў эпіцэнтрам інтэлектуальных спаборніцтваў. У гэтым годзе папулярны конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” сабраў разам каля 180 маладых канструктараў, даследчыкаў, рацыяналізатараў, вынаходнікаў і будучых архітэктараў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з розных куткоў Беларусі.

Па традыцыі “ТэхнаІнтэлект”, заснаваны Міністэрствам адукацыі Беларусі, аб’яднаў пераможцаў і прызёраў раённых і абласных конкурсаў тэхнічнай творчасці, тэматычных алімпіяд. Думаецца, для новага пакалення канкурсантаў асаблівым стымулам з’яўляецца той факт, што прызёры і пераможцы IV конкурсу “ТэхнаІнтэлект” уключаны ў беларускі банк даных адоранай і таленавітай моладзі, а пераможцы і прызёры V конкурсу рэкамендаваны да ўключэння ў яго.
Узровень сёлетняга, шостага па ліку, конкурсу ніколькі не саступаў конкурсам папярэднім. Застаецца толькі здзіўляцца, што новае пакаленне вынаходнікаў стварае праекты, многія з якіх яшчэ ўчора можна было назваць не інакш як фантастыкай.
Секцыя “Тэхнічнае канструяванне” стала паспяховай для Антона Янчанкі з Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, які прадставіў на суд журы транспартны сродак з назвай “Віхор”. Адметнасць машыны ў тым, што на падушцы, напоўненай паветрам, яна з лёгкасцю рухаецца над паверхняй зямлі ці вады. Транспартны сродак прыводзіцца ў рух пры дапамозе рухавіка, які, выкарыстоўваючы вентылятар, не толькі напаўняе падушку паветрам, але і забяспечвае цягу для руху наперад.
Дыплом II ступені атрымаў мінчанін Антон Казлоўскі з праектам “Мадэль радыёкіруемага аўтамабіля Ford Escort у маштабе 1:5”, дыплом III ступені дастаўся прадстаўніку Гомельскай вобласці і яго конкурснай рабоце “Радыёкіруемыя аэрасані”. Цікава, што спонсары конкурсу адзначылі дадатковымі прызамі яшчэ два праекты секцыі: “Мотасамакат” Яўгена Крука (Магілёўская вобласць) і “Зварачны інвертар з мікрапрацэсарным кіраваннем” Дзмітрыя Сакалоўскага (Гродзенская вобласць).
У секцыі “Энергетыка і электратэхніка” зноў лідзіравалі два прадстаўнікі гомельскай інтэлектуальнай каманды. Пры гэтым дыплом I ступені атрымала работа з творчым характарам “Акустычны комплекс”. Яе аўтар Уладзіслаў Зялінскі — выхаванец усё таго ж Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Як аказалася, акустычны комплекс складаецца з бюджэтнай і функцыянальнай электрагітары, здольнай вынесці нават паходныя цяжкасці, самастойна вырабленага ўзмацняльніка магутнасці, гітарных “прымочак” для рэалізацыі музычных эфектаў кшталту “вау-вау”, “дзісторш”, “дзілей” і г.д., а таксама з колерамузыкі з акустычным выключальнікам і радыёмікрафона для гітары.
Дыплом II ступені дастаўся Аляксандру Лясніцкаму з конкурснай работай “Металадэтэктары” (Гомельская вобласць), дыплом III ступені — Арцёму Сідарэнку з праектам “Цеплавыя трубкі” (Ліцэй БНТУ).
Уладзімір Зарэцкі з Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі стаў пераможцам секцыі “Энергазберагальныя тэхналогіі”. Цікава гучыць ужо сама назва яго работы — “Альтэрнатывы ў альтэрнатыўнай энергетыцы”. Праект прадстаўляе метады выкарыстання сонечных паўправадніковых батарэй і крыльчатых ветрагенератараў, якія адрозніваюцца ад ужо вядомых метадаў альтэрнатыўнай энергіі. Уладзімір прадставіў на суд журы дзве распрацоўкі: энергазберагальны дом з сонечным цеплавым калектарам і ветразевы карусельны ветрагенератар з магчымасцю здзяйснення на чыгуначным хаду. Дарэчы, у апошняй распрацоўцы энергія ветру прыкладваецца да ветразяў, якія, у сваю чаргу, варочаюцца ў гарызантальнай плоскасці. У такім варыянце выканання кірунак ветру не мае значэння.
Уладзімір Зарэцкі, Уладзіслаў Зялінскі, Аляксандр Лясніцкі, Антон Янчанка — вучні аднаго і таго ж педагога, як і многія іншыя ўдзельнікі і прызёры конкурсу, пра якіх мы раскажам далей. Цікава, што гэты, мяркуючы па ўсім, унікальны педагог — жанчына, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Радыёканструяванне” Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Алена Рыгораўна Мартынава. Думаецца, для яе вынікі выхаванцаў — самы лепшы падарунак на 8 Сакавіка, няхай і з невялікім спазненнем.
Дыплом II ступені ў секцыі “Энергазберагальныя тэхналогіі” атрымаў Аляксандр Чыкілёў з праектам “Распрацоўка бестрансфарматарнай крыніцы сілкавання святлодыёднай лямпы з высокім ККДз” (Мінск), дыплом III ступені — Данііл Гайдук з практыка-арыентаванай даследчай работай “Разумны дом” (Мінская вобласць).
Дыплом I ступені ў секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне” атрымаў Дзмітрый Хлыстоў з сярэдняй школы № 15 Гомеля. У сваёй рабоце “Вывучэнне ўплыву спектраў выпраменьвання бытавых крыніц святла на працэс жыццядзейнасці жывёл” Дзмітрый апісаў эксперымент з выкарыстаннем лямп напальвання, флюарэсцэнтнай і святлодыёднай лямп. У якасці аб’екта даследавання выступілі лабараторныя мышы і расліны традэсканцыі, якія змяшчаліся ва ўмовы штучнага асвятлення. Эксперымент пачаўся паўгода назад і доўжыцца сёння.
Дыплом II ступені атрымала Алена Шаўчук з работай “Гідрахімічнае і біяіндыкацыйнае даследаванне водных аб’ектаў Асіповіцкага раёна” (Магілёўская вобласць), на трэцім месцы Канстанцін Грынкевіч з работай “Цеплавая энергія сонца. Аналіз магчымасці яе выкарыстання ў паветраным ацяпленні ва ўмовах Беларусі” (Мінск).
Лідарамі секцыі “Матэрыялы ў тэхніцы” сталі прадстаўнікі Мінска і Мінскай вобласці. Дыплом I ступені атрымаў Назар Дзем’яновіч, які прадэманстраваў тэхналогію вырабу корпуса спартыўнай мадэлі аўтамабіля. Будзем спадзявацца, у будучым на вуліцах сталіцы можна будзе ўбачыць шыкоўныя спарткары, да распрацоўкі карпусоў якіх Назар будзе мець непасрэднае дачыненне.
Дыплом II ступені заваяваў Данііл Канстанцінаў з праектам “Мадыфікацыя аптычных палімераў імплантацыяй іонаў металаў” (Мінск), дыплом III ступені — Марк Вялічка з работай “Лазернае выпраменьванне ў мыльных абалонках” (Мінская вобласць).
Ужо традыцыйна адной з самых папулярных на конкурсе з’яўляецца секцыя “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”. Сёлета яе пераможцам стаў мінчанін Аляксандр Дубавіцкі з робатам “Альтрон”, які можа размаўляць з чалавекам, прыбіраць памяшканні, папярэджваць аб знаходжанні ў паветры небяспечных газаў, пажару, дыму, пароў ртуці. Робат з лёгкасцю складвае цацкі, прыносіць тапкі, уключае і выключае прыборы, можа пакарміць хатняга гадаванца ці паліць кветкі, калі вы паехалі ў адпачынак.
Дыплом II ступені атрымаў Ілья Шубін з праектам “Настольны фрэзерны станок” (Магілёўская вобласць), дыплом III ступені — Данііл Сяроў з конкурснай работай “Робат-кекс” (Гомельская вобласць).
“Трэба сказаць, што канкурсанты выдатна адчуваюць час, — адзначыў старшыня журы конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, кіраўнік кафедры “Робататэхнічныя сістэмы”, доктар тэхнічных навук, прафесар Генадзь Мікалаевіч Здор. — Яны імкнуцца пераасэнсаваць многія ўжо вядомыя рэчы, стварыць нешта сваё. Сёння адзін з кірункаў робататэхнікі — гэта апрацоўка складаных металаў без удзелу чалавека. У робата не баліць галава, яму не шкодзіць небяспечная для здароўя вытворчасць. За гэтым будучыня! Мяне ўразілі канкурсанты з глыбінкі, якія дабіваюцца свайго, нават нягледзячы на складанасці з набыццём многіх неабходных для работы элементаў”.
Секцыя “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” аказалася паспяховай для мінчаніна Яўгена Захаранкі і яго конкурснай работы “Сістэма кіравання кантэнтам Harmony CMS”. Дыплом II ступені ў ёй атрымаў Андрэй Старадубец з праектам “Праграмнае забеспячэнне святлодыёднага спектра” (Гомельская вобласць), дыплом III ступені — Дзмітрый Вальковіч з праектам “Notificationcenter” (Віцебская вобласць).
Работы ў секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі” сёлета, на думку журы, былі роўнага ўзроўню, што абсалютна не перашкодзіла старшакласніку з Гомеля Алегу Лісіцкаму ўпэўнена заняць першае месца. І гэта пры тым, што канкурсант прадставіў абсалютна не арыгінальную тэму: яго электронны сродак навучання называецца “Вучымся берагчы” і накіраваны на навучанне энергазберажэнню. Аднак Алег зрабіў гэта настолькі творча і прафесійна, што дыплом I ступені дастаўся менавіта яму.
Мінчанін Станіслаў Гальчыцкі атрымаў дыплом II ступені за работу “HTML5. Даведачна-інфармацыйная сістэма”, Станіслаў Кананкоў з Магілёўскай вобласці — дыплом III ступені за работу “Інтэрактыўны праект “Правілы дарожнага руху”.
Новым тыпам крыла ўразіў членаў журы пераможца секцыі “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка” Алег Каробка з Мінска. Крыху саступіў яму прадстаўнік гомельскай каманды Яўген Ельнікаў з работай “Функцыі шчыльнасці планет зямной групы ў мадэлі гравітуючага шара”, а вось дыплом III ступені ў гэтай секцыі атрымала дзяўчына. Дзіяна Скінкевіч з Ліцэя БНТУ выступіла з конкурснай работай “Вымярэнне бляску Дэльта Скарпіёна ў апаастры і перыастры (пабудова мадэлі пераменнасці галоўнага кампанента)”.
Свой горад, вёску, двор і нават уласнае бачанне дома прадстаўлялі ў секцыі “Малюнак. Творчая работа на тэму “Я іду, крочу па краіне” адны з самых творчых удзельнікаў “ТэхнаІнтэлекту”. Дыплом I ступені атрымала работа “Музей-сядзіба Ільі Рэпіна”, якую выканаў, натуральна, прадстаўнік Віцебшчыны Андрэй Нягай. Дыплом II ступені дастаўся праекту, прысвечанаму касцёлу ў Паставах, аўтар якога зноў жа прадстаўнік віцебскай каманды Міхаіл Навумаў. На трэцім месцы Ангеліна Крывенда з праектам “Мой горад”. Ангеліна прадстаўляла Гродзенскую вобласць.
Працягнулі мастацкую лінію конкурсу ўдзельнікі секцыі “Жывапіс. Творчая работа на тэму “Фарбы ў любую пару года”. Самым цікавым журы падаўся “Восеньскі настрой” Соф’і Удовенка з Брэсцкай вобласці, а дыплом II ступені яно прысудзіла Ангеліне Пятрэнка зноў жа з Брэсцкай вобласці за работу “Крыштальны ранак”. На трэцім месцы работа з самай класічнай назвай “Раніца ў лесе” Настассі Прахоўскай з Магілёўскай вобласці.
Замыкаючай секцыяй “ТэхнаІнтэлекту” стала “Кампазіцыя. Творчая работа на тэму “Дом для архітэктара”, дзе сабраліся патэнцыяльныя студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ. Лепшым журы прызнала “Дом для архітэктара” Глеба Рудзені з Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. На другім месцы дом Вікторыі Кавалёвай (Магілёўская вобласць), на трэцім — Элеаноры Чарэпкінай (Мінск).
Застаецца толькі запомніць імёны пераможцаў, прызёраў і многіх удзельнікаў конкурсу, бо мы пра іх яшчэ, без сумненняў, пачуем!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.