Тэхналагічная адоранасць

- 11:03Якасць адукацыі

Ігар Вітальевіч Дубіна, настаўнік-метадыст, настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння з Грозаўскай сярэдняй школы Капыльскага раёна Мінскай вобласці, добра вядомы ў алімпіядным руху і навуковым асяроддзі. Гэты педагог выхаваў не адно пакаленне сапраўдных майстроў і сваіх паслядоўнікаў (многія яго вучні пайшлі ў педагогіку) і не спыняецца на дасягнутым. Жыццё не стаіць на месцы, і сучасны настаўнік, каб быць цікавым сваім вучням, павінен вельмі многа ведаць і ўмець. Каб не адставаць ад часу і ўтрымліваць цікавасць вучняў да сваіх прадметаў, Ігар Вітальевіч актыўна зврятаецца да ІКТ, у прыватнасці, працуе з графічным рэдактарам “Компас 3D”. Сёння педагог — госць “Настаўніцкай газеты”.

— Ігар Вітальевіч, першае пытанне традыцыйнае, але яно дазваляе пазнаёміцца бліжэй. Чым вас прыцягнула і прыцягвае па сённяшні дзень настаўніцтва?
— Мой шлях у настаўніцтва пачаўся задоўга да паўналецця. Бацькі шмат працавалі, таму маім выхаваннем займаліся бабуля і дзядуля, настаўнікі. Дзед Пётр Яфімавіч Дзянісенка, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, у той час дырэктар Ласіцкай сярэдняй школы на Брэстчыне, з трохгадовага ўзросту прывучаў мяне да нялёгкай прафесіі педагога: я хадзіў з ім і на ўрокі, і на педсаветы, ездзіў на нарады ў аддзел адукацыі і турыстычныя паездкі са школьнікамі. Памятаю і першыя падарункі дзеда: цацачныя наборы сталярных інструментаў. Пётр Яфімавіч, філолаг па адукацыі, выдатна майстраваў і вучыў мяне ўсё рабіць сваімі рукамі.
З асаблівай цеплынёй успамінаю і родную школу ў Халопенічах, што на Крупшчыне, свайго класнага кіраўніка Лідзію Карпаўну Жызнеўскую, былога дырэктара Аляксандра Рыгоравіча Маліноўскага. На жаль, гэтых людзей ужо няма сярод нас, але цяпер разумею, як многа яны значылі ў маім жыцці. У нашай школе панавала такая творчая атмасфера, што здавалася — гэта лепшае месца на зямлі.
Пасля заканчэння Халопеніцкай сярэдняй школы імя М.Багдановіча паступіў у Аршанскае індустрыяльна-педагагічнае вучылішча — проста таму, што яно знаходзілася побач. Мне было ўсё роўна, які прадмет выкладаць, хацелася проста заставацца ў школе. Потым скончыў Мазырскі педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай. Так стаў настаўнікам чарчэння і тэхнічнай працы. Ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Цяпер шмат кажуць пра прэстыж настаўніцкай прафесіі, але я заўсёды адчуваў разуменне і аддачу з боку дзяцей, былых школьнікаў. Быць запатрабаваным, быць камусьці патрэбным, нешта адкрываць, запальваць дзяцей любімым прадметам — гэтым і прыцягвае настаўніцтва.

— Як паўплывалі гады работы з дзецьмі на стыль вашай педагагічнай дзейнасці? Што цяпер ляжыць у аснове вашых педагагічных прынцыпаў?
— У педагогіцы я ўжо 24 гады. Канечне, за гэты час многае змянілася ў школе. З’явіліся новыя тэхналогіі, формы і метады навучання, змяніўся і сам стыль работы з дзецьмі. Так і павінна быць. Я пачынаў працаваць яшчэ ў савецкай школе, калі асноўнымі сродкамі навучання былі аловак і папера, крэйда і дошка. Цяпер нават у самай аддаленай сельскай школе дзеці вывучаюць графіку з дапамогай сучасных камп’ютарных сродкаў з выхадам у інтэрнэт. А вось педагагічныя прынцыпы, з якімі я прыйшоў на першы ўрок, засталіся нязменнымі — гэта выхаванне творчай асобы. Перакананы, што неталенавітых дзяцей не бывае. Дапамагчы кожнаму дзіцяці знайсці сябе, запаліць сваю зорку — гэта і ёсць галоўная мэта маёй педагагічнай дзейнасці. За ўвесь перыяд работы ў школе я падрыхтаваў дзясяткі пераможцаў II, III і IV этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. І часта гэта былі далёка не выдатнікі, а цяжкія падлеткі, дзеці з нядобранадзейных сем’яў, якія знайшлі сябе на маіх уроках, гуртках, у алімпіядным руху. Радуе яшчэ і тое, што шмат хто з маіх выпускнікоў звязаў сваё жыццё з педагогікай і стаў настаўнікамі працоўнага навучання, майстрам вытворчага навучання ва ўстановах адукацыі нашай краіны.

— Ігар Вітальевіч, зыходзячы з вашага педагагічнага вопыту, які ўрок вы лічыце эфектыўным?
— Эфектыўным урокам лічу той, які вучні чакаюць з нецярпеннем і атрымліваюць задавальненне ад яго наведвання. Той, якім дзеці могуць пахваліцца дома і перад сваімі сябрамі. Той, на якім атрыманыя веды, уменні і навыкі спатрэбяцца ў штодзённым жыцці. Той, на якім дасягнуты пастаўленыя мэты і задачы.
На ўроках дзеці не абавязаны вучыцца выконваць абмежаваную колькасць рэчаў або работ, як гэта традыцыйна было на ўроках тэхнічнай працы, а павінны праяўляць больш самастойнасці і творчасці. Для гэтага выкарыстоўваю праектную дзейнасць як на чарчэнні, так і працоўным навучанні. Яе сутнасць ва ўключэнні вучняў у працэс самастойнай дзейнасці — “Ад ідэі да яе практычнай рэалізацыі”. Выконваючы праекты, школьнікі асвойваюць алгарытм праектна-пераўтваральнай дзейнасці, вучацца самастойна шукаць і аналізаваць інфармацыю, інтэграваць і прымяняць атрыманыя раней веды па працоўным навучанні, чарчэнні і іншых прадметах, набываюць новыя веды і ўменні. У выніку развіваюцца іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, самастойнасць, адказнасць, фарміруюцца ўменні планаваць і прымаць рашэнні.
Імкнуся, каб вучэбныя праекты навучэнцаў былі правобразам праектаў у іх будучым самастойным жыцці. Выконваючы свае творчыя праекты, вучні набываюць вопыт вырашэння рэальных праблем. Самастойна распрацаваныя творчыя праекты маіх вучняў былі высока ацэнены на ўсіх этапах алімпіяды па працоўным навучанні. Акрамя гэтага, у часопісе “Тэхналагічная адукацыя” навучэнцы нашай школы дзяліліся сваім вопытам распрацоўкі праектаў. Вучні нашай школы ўдзельнічаюць не толькі ў алімпіядным руху, але і займаюцца даследчай дзейнасцю. Так, у 2012 годзе я выступаў у якасці кіраўніка даследчай работы “Аксаміцкая трагедыя, або Пра што расказаў помнік”, якая была прадстаўлена на IX Міжнародным навуковым форуме “Моладзь у навуцы-2012” у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і была ўдастоена дыплома I ступені ў секцыі “Гістарычныя навукі”. Мае вучні Дзмітрый Мінізянаў і Сяргей Шацько ў працэсе работы не толькі даследавалі праблему, але і сваімі рукамі вырабілі памятны знак і ўсталявалі яго на месцы трагедыі.
На ўроках часта выкарыстоўваю электронныя сродкі навучання (інтэрактыўныя плакаты, электронныя тэсты, прэзентацыі, вучэбныя відэаролікі, аніміраваныя дапаможнікі). Акрамя гэтага, разам з дзецьмі мы здымаем і манціруем вучэбныя відэаролікі. Стварылі на YouTube канал “Прыгажосць сваімі рукамі”, на якім любы жадаючы можа паглядзець працэс стварэння вырабаў. А на канале “Чарчэнне ў “Компас 3D” я прапаную пакрокавыя алгарытмы выканання практычных і графічных работ па чарчэнні ў графічным рэдактары “Компас 3D”. Некалькі гадоў назад для метадычнай падтрымкі настаўнікаў чарчэння і працоўнага навучання я стварыў сайт “Чарчэнне з працай”, на якім таксама вельмі шмат карыснай інфармацыі (chercheniestrud.ucoz.ru).

— Вы сучасны настаўнік. Уяўляю, як цікава на вашых уроках дзецям. Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя прымянення графічнага рэдактара “Компас 3D”?
— Галоўнай мэтай тэхналагічнай адукацыі з’яўляецца фарміраванне тэхналагічнай граматнасці як асновы тэхналагічнай культуры навучэнцаў. Адным з яе кампанентаў з’яўляецца канструктарская кампетэнцыя, звязаная з чытаннем і распрацоўкай канструктарскай дакументацыі. Яе распрацоўка сёння немагчыма без выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. У сувязі з недастатковым аб’ёмам гадзін, якія адводзяцца на вывучэнне чарчэння (прадмет вывучаецца толькі ў 9 класе), патрабуюцца больш інтэнсіўныя метады навучання, мэтанакіраваная і метадычна прадуманая сістэма падачы ведаў на факультатыўных занятках.
Эфектыўным сродкам у гэтым выпадку могуць стаць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі навучання, якія дазваляюць не толькі сфарміраваць веды і ўменні, павысіць якасць выкананых графічных мадэлей (чарцяжоў), але і больш часу ўдзяліць рашэнню творчых задач. Інтэграцыя сучасных ІКТ з традыцыйнымі метадамі навучання дазваляе павысіць эфектыўнасць засваення тэарэтычных звестак, спосабаў работы, авалодаць вопытам рэпрадуктыўнай дзейнасці і набыць вопыт творчай дзейнасці. Зыходзячы з вышэйсказанага, у мяне ўзнікла ідэя выкарыстання сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР) на ўроках чарчэння і працоўнага навучання.
Сучасны рынак сістэм аўтаматызаванага праектавання прапануе велізарную колькасць розных праграмных прадуктаў як для прадпрыемстваў, так і для навучальных устаноў. Даследаванне па выкарыстанні сістэмы аўтаматызаванага праектавання ў школах блізкага замежжа дазвола зрабіць выснову, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў асноўным выкарыстоўваюцца САПР SolidWorks, AutoCAD і “Компас 3D”. Іх параўнанне па розных крытэрыях дазволіла зрабіць выснову, што найбольш аптымальнай з’яўляецца САПР “Компас 3D”, бо яе распрацоўшчыкі прапануюць некалькі бясплатных праграм, якія можна выкарыстоўваць як у школе, так і ў побыце. Акрамя таго, ёсць метадычная падтрымка кампаніі-распрацоўшчыка, праграма цалкам адпавядае патрабаванням адзінай сістэмы канструктарскай дакументацыі.
Аналіз наяўных сістэм аўтаматызаванага праектавання сведчыць аб мэтазгоднасці ўкаранення сістэмы “Компас 3D” у адукацыйны працэс на ўроках чарчэння і працоўнага навучання, якія ўваходзяць у адукацыйную вобласць “Тэхналогія”, на факультатыўных занятках, у працэсе праектнай дзейнасці і самаадукацыі.

— А як усё гэта рэалізоўваецца на практыцы падчас урокаў?
— Навучанне чарчэнню накіравана на фарміраванне канструктарскай кампетэнтнасці, звязанай з чытаннем і праектаваннем чарцяжоў, дэталей і зборачных адзінак. Праектна-канструктарская дакументацыя выкарыстоўваецца на ўроках працоўнага навучання ў рабоце з вырабамі з канструкцыйных матэрыялаў. Акрамя таго, яна з’яўляецца асновай для распрацоўкі праектна-тэхналагічнай дакументацыі — маршрутных і аперацыйных тэхналагічных карт. Пры навучанні чарчэнню з выкарыстаннем САПР “Компас 3D” мадэляванне будучага вырабу пачынаецца са стварэння 3D-мадэлі загатоўкі, якая ў адпаведнасці з тэхналогіяй вырабу ва ўмовах школьнай майстэрні паслядоўна пераўтвараецца ў 3D-мадэль вырабу. Фіксацыя прамежкавых 3D-мадэлей дазваляе аператыўна пераўтварыць іх у эскізы (чарцяжы), якія неабходны для афармлення аперацыйнай тэхналагічнай карты.
Узровень засваення тэарэтычнага матэрыялу і асваення практычных навыкаў на ўроках чарчэння і працоўнага навучання на аснове гэтай методыкі значна павысіўся. Зменшылася колькасць зваротаў па дапамогу вучняў пры вывучэнні матэрыялу, што гаворыць пра іх самастойнасць падчас работы з новым матэрыялам.
З 2005 па 2014 год навучэнцы ўдзельнічаюць у Рэспубліканскай алімпіядзе па працоўным навучанні і становяцца пераможцамі абласных (штогод) і рэспубліканскіх этапаў. Гурткоўцы пастаянна ўдзельнічаюць у раённых і абласных выставах тэхнічнай творчасці. Пасля ўкаранення сістэмы аўтаматызаванага праектавання ў працэс вывучэння чарчэння і працоўнага навучання вучні ўбачылі непарыўную сувязь паміж гэтымі прадметамі. Павялічыўся час на вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу, з’явілася магчымасць выканання большай колькасці практычных работ. З боку вучняў і педагогаў водгукі аб САПР толькі станоўчыя. Па выніках анкетавання педагогаў на курсах павышэння кваліфікацыі і колькасці зваротаў на сайт “Чарчэнне з працай” можна зрабіць выснову, што цікаўнасць настаўнікаў і вучняў да САПР “Компас 3D” з кожным годам узрастае.

— Ігар Вітальевіч, “Компас 3D” дапамог вам не толькі наглядна прадэманстраваць цесную сувязь паміж чарчэннем і працоўным навучаннем, але і заявіць пра сябе як пра метадыста?
— Інавацыйная тэхналогія фарміравання канструктарскай кампетэнтнасці вучняў у працэсе тэхналагічнай адукацыі прадугледжвае рэалізацыю міжпрадметных сувязей паміж чарчэннем і працоўным навучаннем і правядзенне інтэграваных факультатыўных заняткаў. У сувязі з гэтым у праграму факультатыўных заняткаў “Займальнае графічнае мадэляванне на камп’ютары” (аўтары Л.С.Шабека і Ю.П.Бежанар) былі ўнесены карэктывы.
Для ўкаранення ў адукацыйны працэс скарэкціраванай праграмы факультатыўных заняткаў я распрацаваў прыкладнае тэматычнае планаванне факультатыўных заняткаў “Займальнае графічнае мадэляванне на камп’ютары”, планы-канспекты заняткаў, метадычныя рэкамендацыі для навучэнцаў па засваенні САПР “Компас 3D”, а таксама метадычныя рэкамендацыі па пабудове і пераўтварэнні 3D-мадэлей у працоўныя чарцяжы і тэхнічныя малюнкі (аксанаметрычныя праекцыі), па распрацоўцы праектна-тэхналагічнай дакументацыі з выкарыстаннем эскізаў (чарцяжоў) апрацоўкі загатовак (тэхналагічных аперацый), якія адлюстроўваюць паслядоўнае пераўтварэнне загатоўкі ў гатовую дэталь.
Акрамя таго, падрыхтаваў метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні сістэмы аўтаматызаванага праектавання “Компас 3D” на ўроках па агульнаадукацыйных прадметах “Чарчэнне” і “Працоўнае навучанне”, па распрацоўцы творчых праектаў і афармленні праектнай дакументацыі, кантрольна-дыягнастычныя матэрыялы па чарчэнні, накіраваныя на вызначэнне ўзроўню засваення тэарэтычных звестак і асваення практычных навыкаў; метадычныя рэкамендацыі па рабоце з праграмай “Компас 3D” (вучэбны курс); дэманстрацыйныя відэаролікі для метадычнага суправаджэння ўрокаў чарчэння; рабочы сшытак па чарчэнні для 9 класа, выдадзены ў 2013 годзе (выдавецтва “Аверсэв”).

— Вялікі дзякуй за грунтоўную гутарку і поспехаў вам!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.