Тэхналогіі будучыні для вёскі

- 12:53Адукацыйная прастора

У ходзе абласнога семінара-нарады ў Бешанковіцкім раёне з удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва, начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрыя Хомы, кіраўнікоў аграпрамысловых аб’яднанняў і вядучых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэгіёна на базе Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельгасвытворчасці імя Л.М.Даватара адкрыты вучэбны цэнтр па вывучэнні тэхналогіі “Дакладнае земляробства”.

Удзельнікі семінара-нарады абмеркавалі перспектывы ўкаранення сучасных тэхналогій у вытворчасць прадукцыі раслінаводства і пытанні пад­рыхтоўкі кадраў для аграпрамысловага комплексу. Мікалай Шарснёў адзначыў сур’ёзную работу, праве­дзеную ў вобласці па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыцці новага абсталявання і тэхнікі для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, усталяванні цеснай узаемасувязі паміж імі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, змяненні тэрмінаў і аб’ёмаў вучэбных практык навучэнцаў у адпаведнасці з запытамі вытворцаў, стварэнні рэсурсных цэнтраў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдасканальванню адукацыйнага працэсу, яго матэрыяльна-тэхнічнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння ў агракласах. Дарэчы, навучэнцаў такіх класаў з Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў ра­зам з педагогамі таксама запрасілі на семінар-нараду, пасля завяршэння якога для школьнікаў арганізавалі азнаямленчую экскурсію па ліцэі, паказалі новы вучэбны цэнтр.  

— Сельская гаспадарка ў перспектыве без дакладнага земляробства немагчымая, — адзначыў Мікалай Шарснёў. — Мы павінны думаць пра будучыню вёскі і людзей, якія задзейнічаны ў аграрным сектары, ім трэба ствараць камфортныя ўмовы для жыцця і працы. Вучэбны цэнтр дазво­ліць падрыхтаваць спецыялістаў, якія заўтра прыйдуць працаваць на высокатэхналагічным абсталяванні. Гаворка ў тым ліку пра бартавыя камп’ютары і GPS-навігатары для тэхнікі, лічбавыя карты палёў, дадаткі па дыферэнцыраваным унясенні ўгнаенняў, дроны і спадарожнікі — каб сачыць за станам поля дыстанцыйна, бесправадныя метэадатчыкі і іншыя сэнсары, якія вызначаюць тэмпературу, вільготнасць, ціск, дзясяткі іншых паказчыкаў на ўчастках поля. Інавацыйныя тэхналогіі дапамагаюць зні­зіць сабе­кошт сельгаспрадукцыі, зрабіць галіну больш эфектыўнай.

Дакладнае земляробства — сістэма вядзення сельскай гаспадаркі, пры якой на неаднародных зонах поля з улікам іх асаблівасцей прымяняюцца розныя нормы насення, угнаенняў, гербіцыдаў і іншых рэчываў, што дазваляе аптымізаваць выдаткі і значна павы­сіць ура­джайнасць. Практыка пацвярджае: толькі аўтапілот дае эканомію на падрыхтоўцы глебы да 20 працэнтаў. Улічваючы, што Ульскі ліцэй мае найбуйнейшую ў вобласці — больш за 1200 гектараў раллі — вучэбную гаспадарку, моцную тэхнічную базу і кадравы патэнцыял, менавіта тут было вырашана арганізаваць эксперыментальна-вучэбную пляцоўку. 

У вучэбным цэнтры будзе наладжана аказанне кансультацыйных, маркетынгавых і аналітычных паслуг, падрыхтоўка навучэнцаў устаноў ПТА, ССА і дарослых па праграмах дадатковай адукацыі, стажыроўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна — на працягу года да 1000 чалавек. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.