Тэхналогіі карысныя кожнаму

- 12:55Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Аднойчы давялося пачуць меркаванне, што інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце педагога можна параўнаць з тартамі і пірожнымі ў рацыёне. Без салодкіх прысмакаў  можна абысціся, але яны робяць харчаванне больш разнастайным і смачным. Вось і інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваць неабавязкова, аднак яны робяць працэс навучання больш цікавым, надаюць яму новыя фарбы і магчымасці. А яшчэ, як і ў выпадку з салодкім, калі пачынаеш выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі, то ўжо цяжка спыніцца. Да шырокага выкарыстання новых тэхналогій у кожнай установы свой шлях. Сёння пазнаёмімся з вопытам работы педагогаў Бярозаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў.

Усё пачалося з блогаў. Першыя спробы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій рабіліся даўно, аднак усвядомлены і мэтанакіраваны рух да іх вывучэння і ўкаранення ў адукацыйны працэс аформіўся менавіта падчас работы над праектам, звязаным з блогамі. Установа далучылася да інавацыйнага праекта “Укараненне адукацыйных блогаў як сродку абагульнення і распаўсюджвання станоўчага педагагічнага вопыту”, ініцыіраванага Пінскім дзяржаўным прафесійным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці. (Пра гэты праект можна пачытаць у папярэдніх нумарах нашай газеты). Сут­насць праекта заключалася ў выкарыстанні блогаў як пляцоўкі для распаўсюджвання і абмену вопытам. Працаваць у Бярозаўскім ліцэі вырашылі ў трох напрамках: Наталля Сяргееўна Хонава ў сваім блогу дзялілася вопытам выхаваўчай работы, Любоў Мікалаеўна Мшар — вопытам работы на занятках па спецдысцыплінах, а Ірына Іванаўна Ільчанка — вопытам выкладання агульнаадукацыйных прадметаў.

І.І.Ільчанка расказвае, што спачатку спатрэбілася дапамога інжынера-праграміста ліцэя, а сёння яна ўжо сама ўпэўнены блогер. У яе блогу на платформе Multiurok сабраны багаты матэрыял па хіміі і біялогіі. Асаблівай папулярнасцю ў чытачоў блога карыстаюцца створаныя педагогам прэзентацыі, распрацоўкі лабараторных, кантрольных і практычных работ — іх актыўна спампоўваюць і дзякуюць Ірыне Іванаўне. З цягам часу ў яе з’явілася кола сяброў-аднадумцаў у блогу, і тэмы для абмеркавання ўжо не абмяжоўваюцца толькі прадметам — педагогі абмяркоўваюць усе рабочыя пытанні, якія іх хвалююць, а часам і нерабочыя.

Блог Ірыны Іванаўны перастаў быць толькі пляцоўкай для дэманстрацыі вопыту работы. Яна выкарыстоўвае яго і як інстру­мент для работы з навучэнцамі. У блогу вучэбны матэрыял сістэматызаваны па тэмах,  у тэматычных раздзелах размешчаны апорны канспект, відэаўрокі, тэсты, дадатковыя матэрыялы. Навучэнец атрымлівае QR-код для пераходу да пэўнага раздзела і можа працаваць з гэтымі матэрыяламі. Гэта вельмі зручна для арганізацыі самастойнай работы навучэнцаў, напрыклад, калі хтосьці хварэе і прапусціў заняткі або хоча займацца дадаткова, а таксама пры паўтарэнні матэрыялу. Вельмі карысныя такія раздзелы блога для арганізацыі дыстанцыйнай работы, што апошнім часам надзвычай актуальна.

Зручным блог аказаўся і для праверкі ведаў. У адпаведным раздзеле блога размешчаны тэсты, якія дазваляюць аператыўна праводзіць паўрочны і тэматычны кантроль ведаў. Навучэнцы зноў жа атрымліваюць QR-код і выконваюць тэст, а педагог адразу атрымлівае вынік. Сёння педагог пераканана, што выбрала важны кірунак работы і самаразвіцця.

— Трэба прызнаць, што навучэнцы не проста цікавяцца інфармацыйнымі тэхналогіямі, а жывуць імі. Таму пераканана, што педагогам трэба развіваць свае веды і навыкі ў гэтым напрамку. Тым больш што гэта прыносіць карысць і нам самім, робіць работу лягчэйшай і больш зручнай, — адзначае І.І.Ільчанка.

Інфармацыйныя тэхналогіі знайшлі прымяненне ў розных кірунках дзейнасці ўстановы. Напрыклад, у выхаваўчай рабоце. У ліцэі быў назапашаны багаты краязнаўчы матэрыял дзякуючы таму, што ў 2014—2016 гадах установа працавала над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выхавання патрыятызму ў навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі сродкамі краязнаўства”. У 2018 годзе гэтыя матэрыялы сталі асновай для стварэння краязнаўчага сайта “Мой край BEREZA.BY”. Гэта сайт аб гістарычна-культурнай спадчыне малой радзімы, аб людзях, якія пісалі гэтую гісторыю і стваралі культуру. Распрацоўка была высока ацэнена на розных выставах і конкурсах. Так, на XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі быў атрыманы дыплом ІІ ступені.

На аснове сайта пачалі стварацца розныя інтэрнэт-праекты, такія як інтэрактыўная гульня па гісторыі малой радзімы, інфармацыйна-даследчы праект “75 фактаў аб вайне”, інтэр­актыўны праект “Вайна, якая застыла ў мемарыялах” і інш.

Сёння педагогі ўстановы працуюць над рэалізацыяй інавацыйнага праекта “Укараненне мультымадальных тэхналогій навучання ў адукацыйны працэс устаноў прафесійнай адукацыі”. Выкарыстанне мультымадальных тэхналогій накіравана на візуалізацыю інфармацыі ў адукацыйным працэсе, што дазваляе навучэнцам лепш засвойваць матэрыял. Для гэтага аб’ядноўваюцца статычныя сродкі, такія як тэкст, графіка, і дынамічныя — музыка, анімацыя, відэа. Кацярына Васільеўна Нікіціч, выкладчыца матэматыкі, праводзіць заняткі з выкарыстаннем праграмы “Жывая матэматыка”, якая дапамагае візуаліза­ваць, напрыклад, геаметрычныя фігуры, што вельмі дапамагае навучэнцам лепш зразумець прадмет.

Мультымадальныя тэхналогіі карысныя і на занятках па спецдысцыплінах. Большасць працэсаў, якія вывучаюць на такіх занятках, немагчыма прадэманстраваць у аўдыторыі, трэба чакаць вытворчага навучання. А мультымадальныя тэхналогіі дазваляюць візуалізаваць гэтыя працэсы, каб літаральна іх разгледзець і потым на практыцы паспрабаваць самім іх узнавіць. Вопыт выкарыстання мультымадальных тэхналогій на занятках па спецдысцыплінах ёсць у выкладчыцы Ніны Сяргееў­ны Шостак.

У Бярозаўскім ліцэі перакананы, што педагогам неабходна развівацца ў кірунку інфармацыйных тэхналогій. Але для гэтага выкладчыкаў неабходна стымуляваць і падтрымлі­ваць. Метадыст ліцэя Алена Мікалаеўна Пунько адзначае, што для таго, каб педагогі актыўна развіваліся ў гэтым напрамку і не страчвалі зацікаўленасці, неабходны некаторыя ўмовы. Першае — іх трэба інфармаваць. Штомесяц на пасяджэннях метадычных камісій адным з пытанняў для разгляду абавязкова з’яўляюцца інфармацыйныя тэхналогіі. На пасяджэннях педагогам прапануюць розныя карысныя сэрвісы і варыянты іх прымянення, яны абменьваюцца сваімі знаходкамі і прапановамі. Другое — патрэбен чалавек, які можа аказаць тэхнічную дапамогу. Гэта важна для таго, каб педагогі проста адчувалі сябе больш упэўнена, бо, насамрэч, большасць такіх сэрвісаў разлічаны на ўзро­вень звычайнага карыстальніка. І трэцяе — неабходна, каб кожны педагог убачыў і зразумеў, як непасрэдна ён можа прымяніць ІТ у сваёй рабоце. На гэта метадыст абавязкова звяртае ўвагу, прыводзіць прыклады, прапа­нуюць педагогам розныя варыянты. Калі працэс запушчаны і падтрымліваецца ва ўстанове, педагогі і самі з цікавасцю знахо­дзяць і прапануюць нешта новае для сябе і калег. А калі бачаць, як жыва на вынікі іх дзейнасці рэагуюць навучэнцы, — працэс ідзе яшчэ больш актыўна.

Дар’я РЭВА.