Тэхналогіі + спорт — простая формула поспеху

- 14:28Сацыяльны ракурс

“Інавацыйныя тэхналогіі ў спорце высокіх дасягненняў” абмяркоўвалі 12 верасня ў прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы. Вопытам дзяліліся прадстаўнікі навуковых арганізацый, інстытутаў і лабараторый, якія працуюць з айчыннымі спартсменамі.

Тыгран Меліка-Касумаў, загадчык лабараторыі фізіялогіі харчавання Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, расказаў пра важнасць правільнага падбору ежы для дасягнення добрых вынікаў: “Калі мы гаворым пра трэнды ў навуцы і спорце, то адным з галоўных кірункаў з’яўляецца персаніфікацыя харчавання. Складанне індывідуальнага плана прымання ежы як для звычайнага чалавека, так і для спартсмена дазволіць захаваць здароўе і павысіць прадукцыйнасць працы”.

Па словах Зоі Куваевай, загадчыцы аддзела лекавых рэчываў Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі (займаецца вырабам лекавых сродкаў, біялагічна актыўных дабавак і спартыўнага харчавання), айчынныя прадукты не ўступаюць замежным аналагам, а пакупнікі могуць быць упэўненымі ў іх адпаведнасці дзяржаўным патрабаванням. Дарэчы, у Інстытуце гатовы вырабляць прадукцыю па запытах айчын­ных спартсменаў і трэнераў.

Здольнасці чалавека амаль на 75% закладваюцца ў генах, і вельмі важна ўжо на стадыі адбору будучых спартсменаў вызначыць, ці ёсць у іх здольнасці да пэўнага віду спорту. “Зараз мы гэта робім для дзяцей 4—5 гадоў. Можна высветліць, ці ёсць у іх таленты, яны індывідуальныя гульцы або каманд­ныя, ці маюць дзеці гены, неспрыяльныя спорту. Але і дарослым мы можам аказаць вялікую дапамогу. Напрыклад, выявіць схільнасць да нейкіх прафесійных паталогій”, — лічыць Ірма Мосэ, загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Таксама ў лабараторыі з’явіўся новы кірунак дзейнасці — даследаванне псіхаэмацыянальных асаблівасцей чалавека.

Пра дасягненні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту расказала Іна Чарыкова, якая кіруе лабараторыяй псіхалогіі спорту. “У нас рэалізуецца вельмі цікавая амерыканская распрацоўка — фатэль-сэнсорыум, дзе ідзе трайное ўздзеянне: аўдыяль­нае, візуальнае і вібрацыйнае. Калі спартсмен прыйшоў у стане стрэсу, мы праводзім яму праграму, якая даволі хутка мяняе электрычную актыўнасць мозгу. Яшчэ адзін вельмі цікавы праект — біяакустычная карэкцыя. Спартсмен садзіцца, яму прыладжваюць чатыры электроды, знімаецца энцэфалаграма, і гэтая электрычная актыўнасць мозгу трансфармуецца ў гук. Атрымліваецца, чалавек слухае музыку свайго мозгу, а ў арганізме ўключаюцца самарэгуляторныя сістэмы. За 20 мінут можна атрымаць добры эфект”.

Таццяна Маразевіч-Шылюк, пра­рэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, адзначыла, што ўніверсітэт у першую чаргу клапоціцца пра выпуск годных кадраў: настаўнікаў і трэнераў. Таццяна Анатольеўна нагадала, што ў красавіку БДУФК сумесна з БНТУ падпісалі дагавор аб стварэнні навукова-адукацыйнага кластара “Інтэлектуальныя тэхналогіі ў спорце”.

Каб стаць чэмпіёнам, у цяперашні час недастаткова проста аддана займацца спортам. Вялікія нагрузкі, стрэс, бесперапынны кантроль пакідаюць свой адбітак нават на самых здольных людзях. Але чым далей ідзе навука, тым больш з’яўляецца спосабаў справіцца з усімі цяжкасцямі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.