Тэхналогія моды і жыцця

- 12:45Людзі адукацыі

Першая інфармацыя, з якой знаёмішся на ўваходзе ў Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, — гэта прыгожае віншаванне з атрыманнем сёлета ў жніўні медаля выдатніка па кампетэнцыі “Тэхналогія моды” 45-га Міжнароднага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills International у Казані выпускніцай гэтага года Юліяй Маркевіч, а таксама словы падзякі яе педагогам і майстрам вытворчага навучання, якія падрыхтавалі дзяўчыну да такога выдатнага выніку. Сярод гэтых імён — і майстар вытворчага навучання Надзея Пятроўна Дзехцярэнка.

Больш за 20 гадоў працуе На­дзея Пятроўна ў каледжы. За гэты час многія яе вучаніцы атрымалі не толькі прафесію, але і дасягнулі вышынь прафесійнага майстэрства. З 2014 года, калі прадстаўнікі каледжа пачалі прымаць удзел у конкурсах WorldSkills, Н.П.Дзехцярэнка  актыўна займаецца іх падрыхтоўкай.

— Гэта камандная работа, — падкрэслівае Надзея Пятроўна. — У нас склаўся творчы калектыў педагогаў і майстроў вытворчага навучання, нас ва ўсім падтрымлівае дырэктар каледжа Святлана Сяргееўна Шока, ёсць вельмі таленавітыя, матываваныя навучэнцы. І вось такія высокія вынікі.

У 2016 годзе навучэнка каледжа Вольга Кушнер стала пераможцай ІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016 па кампетэнцыі “Дызайн адзення”. У 2017 годзе ў скла­дзе нацыянальнай зборнай Вольга атрымала залаты медаль на адкрытым Еўразійскім чэмпіянаце ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia)” у расійскім Краснадары.

У мінулым годзе навучэнка каледжа Юлія Маркевіч заваявала перамогу на ІІІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 па кампетэнцыі “Тэхналогія моды”. Сёлета Юлія адзначылася на двух конкурсах — у лютым заняла 2-е месца на VI рэгіянальным чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia) па кампетэнцыі “Тэхналогія моды” у Новасібірску, а ў жніўні ў складзе зборнай Беларусі выступала на 45-м Міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills International у Казані і атрымала медаль выдатніка па кампетэнцыі “Тэхналогія моды”.

— Высокія дасягненні дзяўчат з’яўляюцца прыкладам і для астатніх нашых навучэнцаў, — расказвае Надзея Пятроўна. — Павышаюць прэстыж прафесіі, паказваюць перспектывы. Мы ж павінны рыхта­ваць не толькі зорачак, кожны наш выпускнік павінен быць спецыялістам, быць гатовым да прафесійнага жыцця і любіць сваю справу.

А каб падрыхтаваць добрага спецыяліста, і самому майстру вытворчага навучання трэба быць у курсе ўсяго новага: і ў тэхналогіях, і ў абсталяванні, і ў методыцы навучання.

— Надзея Пятроўна адносіцца да такіх спецыялістаў, якія пастаянна павышаюць сваё майстэрства, — гаворыць дырэктар каледжа Святлана Сяргееўна Шока. — Яна мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю майстра вытворчага навучання, вышэйшыя разрады па прафесіях кравец і закройшчык. Валодае глыбокімі ведамі і ўменнямі ў галіне канструявання адзення, што дазваляе паспяхова выкарыстоўваць у рабоце сістэму яго аўтаматызаванага праектавання. На занятках Н.П.Дзехцярэнка заўсёды пануе творчая атмасфера, яна стварае ўмовы для фарміравання ініцыятыўнай і творчай асобы, развіцця крэатыўнага мыслення навучэнцаў, прывіцця цікавасці да выбранай прафесіі. Пастаянна ўкараняе ў практыку работы новыя тэхналогіі, што дае станоўчы вынік у падрыхтоўцы будучых мадэльераў і канструктараў.

А яшчэ педагог дае сваім навучэнцам прыклад творчых адносін да работы. Выхаванкі Надзеі Пятроўны з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельніцамі абласных і рэспубліканскіх выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, конкурсаў прафесійнага майстэрства. Яна прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы калекцый адзен­ня для тэатра моды кале­джа. У гэтым годзе калекцыя адзення “Каралеўскае Гродна”, створаная пры ўдзеле Н.П.Дзехцярэнка, была адзначана дыпломамі І ступені на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці вучнёўскай і навучэнскай моладзі “АРТ-вакацыі-2019” у намінацыі “Тэатр моды” і ў Абласным аглядзе-конкурсе мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Арт-вакацыі-2019” у намінацыі “Тэатральны жанр”.

Гурток “Мадэльер-канструктар”, які вядзе Надзея Пятроўна, карыстаецца папулярнасцю не толькі сярод навучэнцаў каледжа. Трапіць у яго жадаюць і гродзенкі, што ма­раць навучыцца ствараць індывідуальны вобраз.

— Мне вельмі важна бачыць зацікаўлены позірк дзяўчат, — гаворыць Надзея Пятроўна. — Не ўсе пачынаюць навучанне з поўным уяўленнем пра выбраную прафесію. І наша задача — даць ім навыкі, а галоўнае, зацікавіць, паказаць магчымасці, навучыць творчасці, якая абавязкова павінна прысутнічаць у прафесіі, што атрымліваюць мае падапечныя, — кравец-закройшчык. Сёння многае пастаўлена на паток, у тым ліку на швейнай вытворчасці, але кожную справу можна выконваць творча, з любоўю. А яшчэ патрэбны ўседлівасць, стараннасць, акуратнасць. Як я пра гэта гавару — карпатлівыя ручкі. Мяне вельмі радуе, што набываюць папулярнасць конкурсы прафесійнага майстэрства. Спачатку мы будзем праводзіць такі конкурс у каледжы, і дзеці ўжо самі цікавяцца, калі ён адбудзецца, як да яго падрыхтавацца, потым лепшых будзем рыхтаваць да рэспубліканскіх і сусветных чэмпіянатаў.

Напэўна, сярод сённяшніх выхаванцаў Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну і вучаніц Надзеі Пятроўны Дзехцярэнка будуць тыя, хто падхопіць эстафету Вольгі Кушнер і Юліі Маркевіч.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.