Тэхнічна і творча

Настаўнік тэхнічнай працы базавай школы № 10 Наваполацка Павел Смулько — тэхнічны і творчы педагог. Ён заўсёды імкнецца да дасканаласці, напэўна таму яго вучні ўжо не першы год становяцца пераможцамі алімпіяды па працоўным навучанні. А яшчэ ва ўніверсітэце Павел Віктаравіч з захапленнем вывучаў начартальную геаметрыю і прынцыпы работы метала- і дрэваапрацоўчых станкоў, што ў выніку прывяло да другога захаплення — адным з яго любімых матэрыялаў з’яўляецца дрэва.

Яшчэ ва ўніверсітэце ён захапіўся разьбой па дрэве. Творы майстра можна ўбачыць на шматлікіх выставах Наваполацка і ў асабістых калекцыях. Майстар, які выразае фігуры з дрэва, павінен дакладна адчуваць аб’ём і фактуру, тонка адчуваць матэрыял. Павел Віктаравіч — проста мастак. Яго скульптуры магічныя, пакідаюць пачуццё недасказанасці, што дае магчымасць на нейкі час стаць філосафам і зарадзіцца цеплынёй і жыццём. Дрэва ж і пасля апрацоўкі застаецца жывым.

Другім захапленнем настаўніка з’яўляецца спорт. Ён актыўны ўдзель­нік  школьных і гарадскіх спаборніцтваў. Кожны год становіцца пераможцам па розных відах спорту сярод работнікаў адукацыі горада. У скарбонцы ўзнагарод — дыпломы па кулявой стральбе і настольным тэнісе, па дартсе і шашках, граматы лепшаму ўдзельніку гарадскіх спаборніцтваў па валейболе, аддзела па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама за перамогу ў спаборніцтвах па кулявой стральбе, дартсе і шашках.

 У свой час перад Паўлам Віктаравічам стаяла дылема: быць настаўнікам працы ці фізкультуры. У выніку перамагла педагогіка, жаданне працаваць з дзецьмі, таму з 2003  года пасля заканчэння Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта пачаў працаваць у базавай школе № 10 Наваполацка. Цяпер можна смела сцвярджаць, што педагогіка — прызванне Паўла Віктаравіча. Аўтарытэт у дзяцей і іх бацькоў настаўнік заваяваў літаральна з першых дзён работы ў школе, а яго прадмет стаў адным з любімых у хлопчыкаў, што не дзіўна. Творчы падыход, захапленне сваёй працай заўсёды заварожвае. А калі твой настаўнік працоўнага навучання яшчэ і сам вялікі майстар, чалавек шырокага кругагляду, цікавы суразмоўнік, неардынарная асоба, то да яго на ўрокі заўсёды будзеш ісці з прадчуваннем нечага грандыёзнага.

Адукаваны, таленавіты педагог, які ўвесь час удасканальвае сваё майстэрства, адразу заваюе павагу ў калектыве. Праверана часам. Адна з галоўных рыс Паўла Віктаравіча — цікавасць да ўсяго новага. Формула яго поспеху — вучыцца самому і дзяліцца набытым з іншымі.

Павел Віктаравіч шчаслівы чалавек, бо займаецца любімай справай. Выдатнае валоданне методыкай выкладання прадмета, высокая педагагічная культура дазваляюць педагогу выкарыстоўваць усе магчымасці сучаснага ўрока для станаўлення асобы школьнікаў. “Для яго ўрокаў характэрны навуко­васць, канкрэтнасць і практычная накіраванасць, высокая дынаміка, выразная арганізацыя дзейнасці навучэнцаў. Урокі Паўла Віктаравіча адрозніваюцца высокай пазнавальнай актыўнасцю, умелымі дзеяннямі ў спалучэнні навучання і выхавання, творчым прымяненнем розных метадаў навучання. Паразуменне і супрацоўніцтва — абавязковая ўмова сумеснай дзейнасці настаўніка і класа. Павел Віктаравіч — майстар сваёй справы, высокакваліфікаваны спецыяліст, працуе добрасумленна, творча, з захапленнем”, — адзначаюць яго калегі.

Быць творчым настаўнікам — гэта зусім не азначае працаваць за межамі рэальнасці. Арганізацыя ўрока тэхнічнай працы патрабуе вялікай падрыхтоўкі, ды і на самім уроку трэба быць максімальна сканцэнтраваным. Тэхніку бяспекі ніхто не адмяняў, а калі хлопцы працуюць на станках ці з іншымі прыстасаваннямі, то патрабуецца засяроджанасць і ўважлівасць.

“На маіх уроках вялікае значэнне мае дысцыпліна. Акрамя таго, я заўсёды побач са сваімі вучнямі, бо асноўная матывацыя зыхо­дзіць ад настаўніка, яго асабістага прыкладу. Раблю невялікія выставы ўласных работ. Дзецям падабаецца і яны хочуць зрабіць нешта падобнае сваімі рукамі. Увогуле праца рукамі — гэта не толькі карысныя навыкі, яшчэ гэта натхненне, бадзёрасць духу, узнёсласць. Многім падабаецца сам працэс”, — адзначыў педагог.

Калі працэс заканчваецца, то пачынаецца вынік. А вынікам можа быць, напрыклад, падстаўка пад тэлефон з дрэва або драўляная цацка. Чым больш вучні ўцягваюцца, тым больш маштабныя работы ў іх атрымліваюцца. А як жа інакш? Калі твой настаўнік майстар на ўсе рукі і лёгка можа зрабіць рамонт у кватэры, а пасля яшчэ і ўсю мэблю!

Настаўнік жа развівае ў школьнікаў творчыя здольнасці, логіку мыслення, пашырае кругагляд, фарміруе практычныя навыкі, развівае эстэтычны густ. Удумліва рэалізуе прынцып політэхнічнай адукацыі, раскрывае сувязі працоўнага навучання з жыццём, з тэхнікай вытворчасці. Пажадана, каб хлопцы навучыліся не толькі рабіць нешта рукамі, але і бачыць узаемасувязі працэсаў, аналізаваць на перспектыву.

З 2009 года штогод выхаванцы Паўла Віктаравіча з’яўляюцца  пераможцамі і прызёрамі ўсіх этапаў рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. У прыватнасці, у бягучым годзе двое яго навучэнцаў — Аляксей Пятровіч і Ілья Жыжоў — атрымалі дыпломы ІІ ступені на абласным туры рэспубліканскай алімпіяды. А Ілья Жыжоў стаў прызёрам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды (дыплом ІІІ ступені). Пра сваіх алімпіяднікаў настаўнік гатовы гаварыць многа. Годныя хлопцы, мэтанакіраваныя, загартаваныя скрупулёзнай працай. Усе становяцца паспяховымі па жыцці і не забываюць пра свайго Паўла Віктаравіча. Цяпер вось пачалася падрыхтоўка да новага алімпіяднага сезона.

Педагог стварыў сваю сістэму работы з адоранымі навучэнцамі, якая арыентавана на вынік. Ён ахвотна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі ў школе, гора­дзе. Павел Віктаравіч Смулько — пераможца гарадскога конкурсу “Эфектыўны настаўнік”, узнагароджаны Ганаровай граматай упраў­лення па адукацыі Віцеб­скага аблвыканкама за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце па развіцці творчых здольнасцей школьнікаў, у 2016 годзе быў занесены на гарадскую Дошку гонару “Майстры педагагічнай працы”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.