Тэхнічнае мадэляванне цікава моладзі

Тэхнічная творчасць — адзін з кірункаў дзейнасці Навагрудскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, які дае магчымасць дзецям рэалізаваць сябе ў такой справе, як мадэляванне і канструяванне тэхнікі, спаборніцтвах па тэхнічных відах спорту.

Дзякуючы адданай працы вопытных педагогаў са стажам больш за 30 гадоў, такіх як Георгій Валяр’янавіч Манюк, Васіль Уладзіміравіч Свораб, навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах становяцца пераможцамі спаборніцтваў па тэхнічных відах спорту. Напрыклад, нядаўна ўдзельнікі каманды Навагрудскага раённага ЦТДіМ у абласных спаборніцтвах па суднамадэльным спорце заваявалі шэсць 1-х месцаў, адно 2-е і адно 3-е.

На занятках аб’яднання па інтарэсах “Авіясуднамадэляванне” падлеткі з вялікім захапленнем і цікавасцю вырабляюць мадэлі яхт, падводных лодак, караблёў, з якімі выступаюць на спаборніцтвах. Навучэнцы з задавальненнем удзельнічаюць у футболе на вадзе. Кіруючы спрынджарамі, імкнуцца забіць мяч у вароты саперніка.

Неаднаразовым прызёрам спаборніцтваў па суднамадэльным спорце з’яўляецца Максім Касцюк, навучэнец аб’яднання па інтарэсах “Авіясуднамадэляванне”, удзельнік і прызёр конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “Таленты ХХІ стагоддзя”. Максім наведвае аб’яднанне па інтарэсах ужо некалькі гадоў, зрабіў самастойна не адну стэндавую мадэль карабля, мае першы разрад па суднамадэльным спорце.

Арганізаваць работу аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага кірунку дапамагае супрацоўніцтва з Навагрудскай раённай арганізацыйнай структурай “ДТСААФ”. Навучанне ў аб’яднаннях па інтарэсах пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў, паспяховае выступленне на спаборніцтвах даюць дзецям стымул для далейшых заняткаў тэхнічнымі відамі спорту, загартоўваюць характар.

Алена СТАНКЕВІЧ,
загадчык аддзела тэхнічнай творчасці Навагрудскага раённага ЦТДіМ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *