Тэхнічная дзейнасць — са школьнай парты

- 11:01Актуальна, Апошнія запісы

У пленарным пасяджэнні форуму ўніверсітэтаў інжынерна­-тэхналагічнага профілю прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка. 

Кіраўнік галіновага ведамства адзначыў, што форум атрымаў міжнароднае прызнанне і ператварыўся ў найбуйнейшую і аўтарытэтную пляцоўку на ўсёй еўразійскай прасторы, дзе прадстаўнікі ўніверсітэцкай тэхнічнай навукі і студэнцтва дэманструюць свае інавацыйныя ідэі, тэхналогіі і распрацоўкі, а таксама абменьваюцца вопытам па шырокім коле пытанняў.

“Сёння адна з найважнейшых задач, якая стаіць перад установамі вышэйшай адукацыі інжынерна-тэхнічнага профілю, — якасная падрыхтоўка кваліфікаваных і запатрабаваных нацыянальнай эканомікай спецыялістаў, здольных на аснове найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі генерыраваць новыя ідэі, ствараць і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі, забяспечваць перспектыўнае развіццё высокатэхналагічных галін эканомікі”, — адзначыў міністр адукацыі.

У апошнія гады ў краіне пачалося масавае ўкараненне прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пашыраецца рэалізацыя STEAM-падыходаў у адукацыйным працэсе. На развіццё цікавасці да навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці накіравана дзейнасць Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. “Адчыніўшы свае дзверы ў 2021 годзе, установа адукацыі рэалізуе новую адукацыйную праграму дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі па такіх напрамках, як інжынерная экалогія, робататэхніка, біятэхналогіі, прататыпаванне і іншыя. Папулярызацыі і павышэнню прываб­насці інжынернай адукацыі ў грамадстве, як па традыцыйных, так і па новых перспектыўных спецыяльнасцях і прафесіях будучыні, спрыяе ўдзел Беларусі ў руху WorldSkills International”, — працягваў Ігар Карпенка.

Каб забяспечыць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, укараненне новых форм і метадаў арганізацыі адукацыйнага працэсу, у нашай краіне створаны 51 цэнтр кампетэнцый па 9 відах эканамічнай дзейнасці. “Драйверам гэтага працэсу павінна стаць развіццё сеткавай формы ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі. Лічу, што гэтая праблематыка будзе актуальнай для ўдзельнікаў форуму”, — зазначыў міністр.

Многія беларускія ўніверсітэты рэалізуюць праект “Універсітэт 3.0”, актыўна працуюць філіялы кафедраў на вытворчасці, ствараюцца галіновыя лабараторыі і ўніверсітэцкія тэхнапаркі. Далейшаму сістэмнаму вырашэнню пытанняў інавацыйнага развіцця галін і міжгаліновых комплексаў будзе спрыяць рэалізацыя мадэлі “Універсітэт 4.0”.

“Практыка-арыентаваная падрыхтоўка кадраў па інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцях патрабуе пастаяннага абнаўлення зместу адукацыі і падрыхтоўкі адпаведных навукова-педагагічных кадраў. На гэта накіраваны працэс мадэрнізацыі традыцыйных і ўкараненне новых форм адукацыйнага працэсу. Разам з тым сітуацыя з пандэміяй выявіла новае праблемнае поле. У прыватнасці, ці можна падрыхтаваць інжынера дыстанцыйна? Наколькі якаснай будзе такая падрыхтоўка? Прапаную вам абмеркаваць і гэтую актуальную праблему”, — абазначыў яшчэ адно актуальнае пытанне Ігар Карпенка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.