Тэхнік, геадэзіст, бухгалтар — якія яшчэ прафесіі можна набыць у Барысаўскім дзяржаўным тэхнічным каледжы

- 13:25Абитуриент, Образование

Барысаўскі дзяржаўны тэхнічны каледж запрашае выпускнікоў 9-­х і 11-­х класаў атрымаць запатрабаваныя рэгіёнам спецыяльнасці. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёлета мы чакаем 300 навучэнцаў на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі па 9 спецыяльнасцях. У гэтым годзе мы аднавілі набор на спецыяль­насць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”. У плане — набраць адну групу з 25 навучэнцаў. Дарэчы, ужо ў першыя дні прыёму дакументаў на ўсе гэтыя месцы былі пададзены заявы. Прычым сярэдні бал дакументаў аб адукацыі — 7 і вышэйшы, а на адно мэтавае месца прэтэндуюць тры чалавекі, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце кале­джа Тамара Лявоцкая.

Яна звярнула ўвагу, што ў гэтую ўступную кампанію заяўлена 27 мэтавых месцаў. Больш за ўсё заявак на падрыхтоўку кадраў паступіла ад “БЕЛАЎТАМАЗа” і “Экрана” — 13 і 8 адпаведна. Нагадаем, што на мэтавыя месцы ў каледжы, у адрозненне ад УВА, конкурс неабавязковы. Падставай для ўдзелу ў мэтавым конкурсе з’яўляецца дагавор, заключаны з установай — заказчыкам кадраў.

— За апошнія чатыры гады мы адкрылі тры новыя спецыяльнасці: “Будаўніцтва будынкаў і збудаванняў”, “Вытворчасць транспартных сродкаў” і “Тэхнічная эксплуатацыя тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці”. Апошняя — адна з самых запатрабаваных у нашых абітурыентаў, таму штогод і прахадны бал вышэйшы за 8. Таксама ў паступаючых карыстаецца папулярнасцю “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў”, — падкрэсліла Тамара Эдуардаўна.

Аднак, па яе словах, з пункту гледжання попыту і з улікам таго, што Барысаўскі раён прамысловы, мясцовым прадпрыемствам больш патрабуюцца выпускнікі спецыяльнасці “Тэхналагічнае забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці”:

— Але на ёй, на жаль, як правіла, самы нізкі прахадны бал па каледжы, хоць заўсёды стапрацэнтнае размеркаванне выпускнікоў на “БАТЭ”, завод “Аўтагідраўзмацняльнік”, 140-ы рамонтны завод, Кавальскі завод цяжкіх штамповак і інш. Таму па названай спецыяльнасці апошнія гады мы набіраем па дзве групы, па астатніх — па адной.

Акрамя таго, у каледжы вядзецца і завочнае навучанне на платнай аснове па трох спецыяльнасцях: “Тэхнічная эксплуатацыя цеплаэнергетычнага абсталявання і сістэм цеплазабеспячэння”, “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў”і “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”. На іх могуць паступіць уладальнікі атэстатаў аб агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

— Выпускнікоў 9-х класаў мы чакаем па 1 жніўня, іх залічэнне адбудзецца ў наступныя чатыры дні. А тыя, хто скончыў 11 класаў, могуць падаваць дакументы на бюджэт па 6 жніўня толькі на дзве спе­цыяльнасці — “Геадэзічная дзей­насць” і “Тэхналагічнае забеспячэнне машынабудаўнічай вытворчасці”, залічэнне адбудзецца па 9 жніўня. На завочнае навучанне дакументы будзем прымаць па 14 жніўня, а спіс паступіўшых стане вядомы 17-га, — праінфармавала Т.Э.Лявоцкая.

 Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара