Тэкстыль заўтрашняга дня, або Фантастыка, увасобленая ў рэальнасць

- 10:35Навука і інавацыі

Навуковыя школы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — яркая старонка ў гісторыі айчыннай навукі. Даследаванні віцяблян добра вядомы як у нашай краіне, так і за мяжой. Іх распрацоўкі маюць велізарнае практычнае значэнне і знаходзяць шырокае прымяненне ў вытворчасці. Заснавальнікам адной з самых аўтарытэтных школ з’яўляецца выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктар тэхнічных навук, прафесар ВДТУ і ганаровы доктар Маскоўскага тэкстыльнага ўніверсітэта Аляксандр Коган.

Звыш 40 гадоў гэты знакаміты вучоны і педагог узначальваў кафедру прадзення натуральных і хімічных валокнаў. Пад яго кіраўніцтвам абаранілася больш за 30 кандыдатаў і 2 дактары тэхнічных навук, у тым ліку рэктар ВДТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Валерый Башметаў і пераемнік Аляксандра Рыгоравіча на пасадзе загадчыка кафедры (якая пасля структурнай рэарганізацыі пераўтворана ў кафедру тэхналогіі тэкстыльных матэрыялаў), доктар тэхнічных навук, прафесар Дзмітрый Рыклін.
Школа Аляксандра Когана цесна ўзаемадзейнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і прадпрыемствамі краіны. Даследаванні вучонага і яго паслядоўнікаў звязаны найперш з распрацоўкай новых тэхналогій для лёгкай прамысловасці. — Па лініі супрацоўніцтва з Акадэміяй навук мы вывучаем магчымасці выкарыстання ў тэкстыльнай прамысловасці токаў ЗВЧ, інфрачырвоных выпраменьванняў, — расказвае Аляксандр Рыгоравіч. — Вялікая колькасць даследаванняў з канкрэтным практычным прызначэннем непасрэдна закранае нанатэхналогіі: пасля нанясення наначасціц на розныя віды тэкстыльных вырабаў матэрыялы набываюць унікальныя зададзеныя ўласцівасці.
Асаблівую цікавасць уяўляе здольнасць нанапакрыцця адлюстроўваць інфрачырвонае выпраменьванне. Вучоным ВДТУ ўдалося атрымаць шэраг узораў тканін, у тым ліку з антыстатычным, экраніруючым, бактэрыястатычным і бактэрыцыдным, электраправодным эфектам. Здавалася б, навошта патрэбна тканіна, якая праводзіць электрычны ток? Між тым гаворка ідзе аб магчымасці выпуску спецвопраткі для работы пры нізкіх тэмпературах, адзення і абутку з падагрэвам, грэлак. Пацверджана, што прымяненне сурвэтак са спецыяльным пакрыццём паскарае працэс зажыўлення ран у 2,5 разу, і даследаванні ў гэтым напрамку працягваюцца.
— Нашы распрацоўкі арыентаваны на вытворчасць, практычнае ўкараненне, — падкрэслівае Аляксандр Коган. — Значная работа праведзена і праводзіцца для Аршанскага льнокамбіната — гэта тычыцца стварэння ахоўнатаніраванага лёну, перапрацоўкі кароткага і доўгага валакна, стварэння скарочаных сістэм прадзення, выкарыстання вылічальнай і іншай сучаснай тэхнікі ў тэхналагічным працэсе. Па сутнасці, мы распрацоўваем новую методыку ацэнкі якасных паказчыкаў ільновалакна (а ў перспектыве не толькі яго). Плённа працуем з цэлым шэрагам гродзенскіх прадпрыемстваў — тут аб’ектамі даследаванняў выступаюць як швейныя ніткі, катаніраваны лён, так і бавоўнаполіэфірная пража, новы асартымент пражы. Для магілёўскага ААТ “Магатэкс” распрацавалі тэхналогію вытворчасці матэрыялаў, якія адлюстроўваюць сонечнае і іншыя віды выпраменьванняў. Яны таксама даволі запатрабаваныя, у тым ліку ў абароннай прамысловасці (напрыклад, эфект адлюстравання дазваляе пашыць касцюм-“невідзімку”) і ў вытворчасці спецыяльнай вопраткі і абсталявання для ратавальнікаў. Для мінскага ААТ “Сукно” і Віцебскага футравага камбіната стварылі тэхналогію па выкарыстанні адходаў вытворчасці.
Актуальны заклік ператварыць адходы ў прыбытак дакладна ілюструе цэлы напрамак дзейнасці навуковай школы. Вядома, што на тэкстыльных прадпрыемствах у працэсе апрацоўкі валакністых матэрыялаў частка з іх, напрыклад, кароткае валакно, ачоскі, ідзе ў адходы. У большасці выпадкаў на перапрацоўку ідуць адходы пражы даўжынёй больш за 25 міліметраў, а калі яны меншай даўжыні, то проста складзіруюцца, ствараючы эканамічную і экалагічную праблему. Дзякуючы распрацоўцы віцяблян, такое валакно пасля ачышчэння ад прымесяў можна выкарыстаць паўторна, у іншай сістэме прадзення. Надзвычайную цікавасць уяўляе сабой прапанаваны спосаб перапрацоўкі тэкстыльных хімічных адходаў у кампазіцыйныя будаўнічыя матэрыялы.
— Рэалізацыя тэхналогіі атрымання аргана-сінтэтычных кудзелістых пліт дазволіць пашырыць асартымент будаўнічых матэрыялаў з высокімі фізіка-механічнымі паказчыкамі, — тлумачыць мой суразмоўца. — Мы распрацавалі аптымальны склад кампазіцыйнай сумесі, які забяспечвае аптымальныя фізіка-механічныя ўласцівасці атрыманага будаўнічага матэрыялу. Прычым па сваіх спажывецкіх характарыстыках ён лепшы за аналагі і, што немалаважна, на парадак больш танны. Новыя тэхналогіі накіраваны і на пашырэнне асартыменту аддзелачных матэрыялаў. Яны дазваляюць наносіць на розныя паверхні (ад тканіны, пліт ДВП і ДСП да бетонных пакрыццяў і гіпсакардону) адходы футравай, дывановай, трыкатажнай вытворчасці, што раней падлягалі ўтылізацыі. У выніку маем інавацыйны дэкаратыўны матэрыял з высокай устойлівасцю да сцірання, уздзеяння ультрафіялетавых прамянёў і вільгаці, з добрымі цепла- і гукаізаляцыйнымі паказчыкамі і, адпаведна, новы асартымент шпалер, тканін з розным пакрыццём шырокага прымянення.
Па словах Аляксандра Рыгоравіча, зараз перад навуковай школай адкрылася шмат новых актуальных напрамкаў. У першую чаргу гэта работа па сертыфікацыі доўгага валакна для Аршанскага льнокамбіната, накіраваная на паляпшэнне якасных паказчыкаў “пярвічкі”. Арыфметыка тут простая: менш якаснай кудзелі — менш якасных тканін, а значыць, менш пакупнікоў, менш ідзе прадукцыі на экспарт, што ў сучасных эканамічных умовах недапушчальна. У тым, што тычыцца перапрацоўкі і выпуску прадукцыі з ільновалакна, вучоныя ВДТУ актыўна супрацоўнічаюць з калегамі з іншых краін. Так, з наступнага года мяркуецца пачаць ажыццяўленне маштабнай праграмы “Лён”, якая аб’яднае акадэміі навук Расіі і Беларусі, установы вышэйшай адукацыі і галіновыя прадпрыемствы дзвюх краін.
— У галіне стварэння кампазіцыйных матэрыялаў, якія шляхам распрацоўкі розных тканін, нятканых матэрыялаў даюць магчымасць атрымліваць абсалютна новыя віды вырабаў, у нас склаліся добрыя сувязі з Казахстанам, — адзначае Аляксандр Коган. — У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўнікальныя тэкстыльныя віды шпалер. На сусветным рынку прадстаўлены тэкстыльныя шпалеры, але такіх, што прапанаваны намі, — тонкіх, з разнастайнымі ўзорамі з шаўковых нітак — практычна няма. Адначасова будуць стварацца тэкстыльныя кампазіцыйныя матэрыялы — тканыя, тонкія, склееныя з нятканым матэрыялам, з поліпрапіленам, нават з паперай. Усе яны могуць з поспехам выкарыстоўвацца ў галантарэйнай і абутковай прамысловасці, вытворчасці вырабаў самага рознага прызначэння. Гэта вельмі перспектыўны напрамак, які абяцае надзвычай цікавыя вынікі.
Каштоўнай практыкай Аляксандр Коган лічыць супрацоўніцтва паміж вучонымі з розных кафедр ВДТУ ( дарэчы, многія з іх — яго былыя выпускнікі). У рабоце шырока задзейнічана вылічальная тэхніка, выкарыстоўваецца камп’ютарнае мадэляванне, інавацыйныя формы дзейнасці.
— На гэты час практычна ўсе прадпрыемствы лёгкай прамысловасці прайшлі мадэрнізацыю і выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі, многія тэхналагічныя працэсы цалкам аўтаматызаваныя. Тым не менш для паспяховага развіцця вытворчасці вырашальным па-ранейшаму застаецца чалавечы фактар, — акцэнтуе ўвагу кіраўнік навуковай школы. — Я люблю працаваць са стараннымі і захопленымі людзьмі. Страшэнна не люблю гультаёў, таму, калі па жыцці лянуешся, лепш не прыходзь да нас на кафедру. І я глыбока перакананы: самае галоўнае і карыснае, што мы можам зрабіць і робім, — падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў. Прычым ажыццяўляць яе трэба на перспектыву, каб моладзь, якая пойдзе на вытворчасць, ведала не толькі тое, што неабходна інжынеру-тэхнолагу сёння, але і тое, што спатрэбіцца яму заўтра ці паслязаўтра. Толькі так можна дасягнуць каласальных вынікаў. Але, каб ствараць новае, трэба шмат працаваць.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.