Тэлебачанне актыўнай моладзі з’явілася ў Чачэрску

- 11:39Планёрка ў рэгіёне

“У апошнія тры гады ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці не праводзілася аптымізацыя ўстаноў адукацыі і ў найбліжэйшы час не будзе праводзіцца, бо колькасць дзяцей у раёне з кожным годам павялічваецца, — адзначыла загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Чачэрскага райвыканкама Святлана Пятроўна МЕЛЬНІКАВА. —На сёння ва ўстановах дашкольнай адукацыі выхоўваюцца 630 дзяцей, у агульнаадукацыйных установах займаюцца 1912 навучэнцаў. Усяго ў раёне функцыянуюць 24 установы адукацыі”. 

— Святлана Пятроўна, якія цікавыя праекты былі рэалізаваны ва ўстановах адукацыі Чачэрскага раёна за апошні час?

— Хацелася б расказаць аб вопыце Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы раёна, дзе рэалізавана ідэя стварэння садавінна-ягаднага гадавальніка. Вучэбна-доследны ўчастак, які з’явіўся на прылеглай да школы тэрыторыі, налічвае больш за 7000 саджанцаў розных культур. У рамках рэалізацыі праекта міжнароднай дапамогі тут былі высаджаны кусты чырвоных і чорных парэчак, яблыні, маліны, агрэсту, ажыны і дэсертнага вінаграду. Дапамог школе і дырэктар фермерскай гаспадаркі з пасёлка Крынічнага Мазырскага раёна, які бязвыплатна перадаў саджанцы вінаграду і гатункавай клубнікі. З садавіннага гадавальніка ў вёсцы Доўск сюды былі перададзены саджанцы чорных і чырвоных парэчак. Летам 2016 года школа набыла 2 цяпліцы з полікарбанату для вырошчвання агародніны. Ва ўстанове з 2013 года рэалізоўваўся інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання радыяцыйнай культуры з улікам рэгіянальнай спецыфікі”, у рамках якога на вучэбна-доследным участку школы пачалі вырошчваць вёшанкі — карысныя, экалагічна чыстыя грыбы, якія не назапашваюць радыенуклідаў. Адпаведны вопыт актыўна распаўсюджваецца сярод мясцовага насельніцтва. Такім чынам, ва ўстанове ўдалося зрабіць больш танным харчаванне дзяцей і ў той жа час прыцягнуць іх да працоўнай дзейнасці.

Штогод на базе школы рэалізоўваюцца праекты другаснай занятасці навучэнцаў, якія фінансуюцца абласным упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Падчас летніх канікул на работы па доглядзе садавінна-ягаднага гадавальніка працаўладкоўваюцца ад 16 да 40 вучняў з розных школ раёна. Пазабюджэтныя сродкі, атрыманыя ад рэалізацыі прадукцыі, вырашчанай на прышкольным гадавальніку, ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. За два апошнія гады ў Залескай школе абсталявана трэнажорная зала, кабінет замежнай мовы, набыта абсталяванне для кухні ў кабінет абслуговай працы.

— Як арганізаваны час школьнікаў раёна ў шосты школьны дзень?

— Кожная школьная субота звычайна мае свае тэматычныя назвы: “Дзень патрыёта”, “Дзень фінансавай дасведчанасці”, “Спорт — гэта сіла!” і г.д. Пад кіраўніцтвам педагогаў у школах праводзяцца майстар-класы, падчас якіх дзеці вучацца майстраваць вырабы ў розных тэхніках. Дзейнічае фотаатэлье, дзе навучэнцы могуць сфатаграфавацца і прымераць на сябе розныя вобразы. Па суботах дзеці вучацца мадэляванню, маляванню, асновам журналістыкі, вывучаюць гісторыю роднага краю, а таксама наведваюць тэматычныя кансультацыі, семінары, круглыя сталы, сумесныя мерапрыемствы для бацькоў, педагогаў і навучэнцаў: конкурсы, спартыўныя святы, рыцарскія турніры, канцэрты, інтэлектуальныя гульні, сямейныя святы. На базе Чачэрскага раённага ЦТДіМ двойчы ў месяц праводзяцца дні сельскага школьніка. Нядаўна на базе цэнтра было створана інтэрнэт-тэлебачанне —“Тэлебачанне актыўнай моладзі”, або “ТАМ ТБ”, якое асвятляе адукацыйныя падзеі раёна. Выпускі навін размяшчаюцца на інтэрнэт-канале YouTube, у сацыяльных сетках, на сайтах устаноў адукацыі раёна. Тэлебачанне актыўнай моладзі набірае папулярнасць (на сёння каля 1000 праглядаў). У далейшым школьнікі будуць працаваць не толькі ў студыі, яны выйдуць у народ, прыхапіўшы з сабой відэакамеру і стыльны мікрафон з лагатыпам “ТАМ АНЛАЙН”. Плануецца стварыць карэспандэнцкія пункты ў кожнай школе.

— Якую праблему на сёння вы лічыце найбольш актуальнай?

— У раёне на ўліку стаяць 29 сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і ў якіх выхоўваюцца 72 дзіцяці. На жаль, гэты спіс папаўняецца, часцей за ўсё маладымі сем’ямі. У раёне створана эфектыўная сістэма работы па раннім выяўленні, карэкцыі і рэабілітацыі такіх бацькоў у рамках міжведамаснага ўзаемадзеяння. На базе Чачэрскага раённага СПЦ функцыянуе клуб “Цяпло сям’і”. Спецыялісты, якія там працуюць, матывуюць бацькоў прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці, працаўладкавацца, даюць ім навыкі дамаводства і г.д. Добрым стымулам для нядбайных бацькоў змяніць свой лад жыцця з’яўляюцца лісты ад іх дзяцей. Чытаючы радкі, выведзеныя дзіцячай рукой, мамы міжволі глытаюць слёзы, разумеюць, што дзеці іх любяць, шкадуюць і лічаць самымі добрымі, мілымі і прыгожымі.

— Ці ёсць у раёне вопыт міжнароднага супрацоўніцтва?

— У рамках правядзення Міжнароднага дзіцячага патрыятычнага лагера “Прамень” паміж Чачэрскім раёнам і Палескай гарадской акругай Калінінградскай вобласці (Расія) на працягу 11 гадоў дзейнічае пагадненне аб супрацоўніцтве. Штогод у чэрвені 20 юнакоў і дзяўчат з Чачэрскага раёна і Славянскай школы Палеска Калінінградскай вобласці праводзяць разам 9 незабыўных дзён, падчас якіх знаёмяцца з гісторыяй Гомельшчыны, наведваюць памятныя куткі, ездзяць на экскурсіі ў Мінск, а па вечарах ля вогнішча спяваюць песні пад гітару, ходзяць на дыскатэкі. Сваю культурную праграму для дзяцей арганізоўвае і расійскі бок.

У раёне традыцыйна праводзіцца Міжнародная дабрачынная калядная ёлка для дзяцей Чачэрскага, Буда-Кашалёўскага, Веткаўскага, Жлобінскага, Гомельскага, Кармянскага, Рагачоўскага раёнаў, а таксама Краснагорскага раёна Бранскай вобласці. Мерапрыемства ладзіцца на базе сельскіх устаноў адукацыі раёна ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі пры падтрымцы старшыні Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру Ц.І.Глушакова і за кошт спонсарскіх сродкаў. Больш за тысячу беларускіх і расійскіх хлопчыкаў і дзяўчынак атрымалі падарункі, сталі ўдзельнікамі касцюміраваных шоу, знайшлі сабе сапраўдных сяброў.

Надзея ЦЕРАХАВА.