Тэлебачанне актыўнай моладзі

- 14:11Навіны рэгіёнаў

У Чачэрскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі развіваецца праект “ТАМ. тб”. Школьнікі расказваюць пра падзеі ў родным горадзе, робяць блокі навін, тэматычныя выпускі, здымаюць сацыяльныя ролікі і мультфільмы.

Ідэю стварыць уласны тэлеканал у раённым Цэнтры творчасці дзяцей і мола­дзі выказаў дырэктар Антон Марозаў. Кіраўнік праекта “ТАМ. тб” Анатоль Гурынаў расказвае, што прымушаць нікога не даводзіцца, прапановы сустракаюць з радасцю:

— Мы звярталіся ў школы, прапаноўвалі паспрабаваць сябе, дзеці прыходзілі, і калі ў іх атрымлівалася — заставаліся.

У цэнтры творчасці ад зін з класаў пераабсталявалі з дапамогай зялёнай тканіны. Камп’ютарная графіка ператварае памяшканне ў сапраўдную тэлестудыю. Што да трансляцый, то іх лёгка можна знайсці і ўбачыць у інтэрнэце.

За некалькі гадоў кіраўнік праекта і яго каманда знялі дзясяткі ролікаў, якія на YouTube прыцягваюць увагу шырокай аўдыторыі. Юныя журналісты расказваюць пра мясцовыя славутасці, пра людзей з цікавым лёсам, пра творчыя калектывы, знакавыя падзеі з жыцця свайго раёна, гераічныя подз­вігі землякоў.

Практычна ўсю работу школьнікі выконваюць самі. На пачатковым этапе іх вучылі, як паводзіць сябе ў кадры, пісаць сцэнарыі, выбіраць ракурс для здымкаў, манціра­ваць зняты матэрыял. Паступова творчая каманда расла. Сёння ў праекце задзейнічана 15 чалавек. У кожнага — свае абавязкі. Нехта выконвае ролю рэжысёра, іншыя — карэспандэнта, вядучага, аператара, мантажора…

Юныя журналісты часта наведваюць мерапрыемствы, якія праходзяць ва ўстановах адукацыі Чачэрскага раёна. Улічваючы, што ўсе ўдзельнікі праекта школьнікі, тэма школы ім блізкая і цікавая, а стваральнікі праекта “ТАМ.тб” поўныя запалу.

Каб даведацца больш падрабязна пра тое, як працуе тэлебачанне, дзеці з’ездзілі да прафесіяналаў у Мінск і Гомель — паглядзелі на работу журналістаў знутры. А нядаўна студыйцы заняліся вытворчасцю мультфільмаў.

— Мы сталі ўдзельнічаць у праектах, дзе трэба было займацца анімацыяй, — гаворыць Анатоль Гурынаў. — Першая наша работа была з пластыліну і кардону. Мы аніміравалі персанажаў, каб расказаць пра энергазберажэнне. Цяпер працуем сумесна з мастакамі.

Выпускі праекта размя­шчаюцца на афіцыйных сайтах школ Чачэршчыны, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у сацсетках. Зусім нядаўна была ўвасоблена ў жыццё ідэя інтэлектуальнага тэлевізійнага шоу для дзяцей.

Праект тэлевізійшчыкаў­аматараў даказвае, што не заўсёды для стварэння па­сапраўднаму якаснага прадукту патрэбны сур’ёзныя фінансавыя сродкі. Галоўнае — энтузіязм і мэтанакіраванасць. Дарэчы, камеру юным журналістам летась падарыла Гомельскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.