Тэматычны дзень “З 515-годдзем, родны горад!”

Напярэдадні святкавання юбілею Смаргоні ў лагеры “Алімпіёнік” сярэдняй школы № 7 Смаргоні прайшоў тэматычны дзень “З 515-годдзем, родны горад!”.

Спаборнічалі ў спартыўных стартах “Малой радзіме прысвячаецца”, удзельнічалі ў конкурсе творчых работ “Малюем малую радзіму”, адказвалі на пытанні гульні-віктарыны “Знаўцы роднага краю”. Найбольш актыўныя і эрудзіраваныя былі адзначаны граматамі і прызамі.

Самым малодшым выхаванцам лагера ў гэты дзень пашанцавала ўдвая, бо для іх была арганізавана паездка ў аграгарадок Крэва, які славіцца сваім багатым мінулым. Дзеці наведалі народны гісторыка-краязнаўчы музей дзяржаўнай установы адукацыі “Вучэбна-педагагічны комплекс Крэўскі яслі-сад — сярэдняя школа”, пабывалі каля помніка архітэктуры XIV ст. Крэўскага замка, які цяпер знаходзіцца на кансервацыі, убачылі крэўскіх 90-метровых гігантаў — ветраэнергетычныя ўстаноўкі.

Тэматычны дзень “Алімпіёніка”, прысвечаны 515-годдзю Смаргоні, прайшоў весела і карысна: дзеці шмат даведаліся пра родны край, дакрануліся да яго гісторыі.

Марыя ГОВІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.