Тэматычныя бацькоўскія сходы: што гэта такое і як праводзіць

- 15:23Образование, Портфолио, Приложение

Ад работы класнага кіраўніка сёння залежыць тое, як сям’я разглядае школу — як саюзніка ў выхаванні дзяцей або перашкоду сямейнаму выхаванню. Таму вельмі важна наладзіць эфектыўнае ўзаемадзеянне сям’і і школы.

Алена Гарбар,
настаўніца біялогіі і хіміі
сярэдняй школы № 42 Мінска,
класны кіраўнік 8 класа,
член клуба “Крыштальны журавель”

Класны кіраўнік адбірае формы работы з бацькамі навучэнцаў. Самай выніковай і ўніверсальнай формай узае­мадзеяння з’яўляецца баць­коўскі сход. Асноўныя задачы, якія вырашае класны кіраўнік на сходзе: развіццё сямейна-педагагічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, стварэнне ўмоў для асветы бацькоў, забеспячэнне практычнай накіраванасці тэматыкі сходаў.

Адзін з відаў бацькоўскіх сходаў — тэматычныя бацькоўскія сходы. Як правіла, яны носяць асветніцкі характар і накіраваны на пашырэнне ведаў бацькоў у галіне выхавання дзяцей. Назапашванне псіхолага-педагагічных ведаў бацькоў павінна быць звязана з развіццём іх педагагічнага мыслення, практычных уменняў і навыкаў у галіне выхавання. Многія праблемы сучаснай сям’і звязаны з каштоўнаснымі арыенцірамі і культурай грамадства, асобнай асобы, з узроўнем адукаванасці і выхаванасці.

Вельмі цікава і плённа праходзяць сходы ў форме педагагічных майстэрань.

Бацькоўскі сход “Любоў”

Мэта: праз пачуцці і перажыванні акцэнтаваць увагу бацькоў на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей у сям’і сродкамі пачуцця любові.

Задачы: стварыць умовы для перажыванняў і адчуванняў пачуццяў, звязаных з паняццем “баць­коўская любоў”; садзейні­чаць разуменню, што бацькоўская любоў — аснова выхавання дзіцяці, развіццю адказнасці за выхаванне дзяцей сіламі бацькоўскай любові; забяспечыць перажыванне даволі моцных эмоцый, звязаных з імкненнем здзейсніць “адкрыццё”, паказаць навакольным свой пункт гледжання.

Уступнае слова настаўніка.

Добры вечар, паважаныя баць­кі! Наш сход сёння прой­дзе ў незвычайнай форме. Я прапаную вам разам пражыць творчую майстэрню. У вас на сталах знаходзяцца алоўкі, папера, канверты з тайнымі пасланнямі. Усё гэта спатрэбіцца нам для сумеснай работы. А каб было камфортней працаваць, прапаную вам сесці ў групы на свой выбар па 4—5 чалавек.

Стварэнне спрыяльнай атмасферы.

— Перш чым мы з вамі пачнём работу, прапаную вам адказаць на мае пытанні і выканаць некаторыя простыя дзеянні, каб абстрагавацца ад падзей працоўнага дня:

падніміце руку тыя, хто з вас прыйшоў сюды адразу пасля работы;

памахайце мне рукой тыя, хто быў на мінулым сходзе;

зрабіце воплеск у далоні тыя, хто рады бачыць адно аднаго;

усміхніцеся адно аднаму тыя, хто гатовы да сумеснай работы;

падніміце руку тыя, хто ведае тэму нашай далейшай размовы (тэму не ведаюць).

Калі вы хочаце даведацца тэму нашай размовы, прыдумайце цёплае слова і падарыце мне яго. У мяне ў руках чара­дзейная шкатулка (паказвае яе). Называючы слова, зрабіце рух, быццам вы кладзяце гэтае слова ў шкатулку. Калі ўсе вашы словы будуць у шкатулцы, вы даведаецеся тэму нашай сустрэчы. (Настаўнік падыходзіць да кожнага стала, адкрывае шкатулку і складае туды падарункі: словы, якія называюць бацькі, напрыклад, дабро, ласка, радасць).

ІНДУКЦЫЯ

— А зараз я падару вам сваё слова (робіць рухі, быццам дастае яго са шкатулкі). Я кідаю вам гэтае слова (робіць рух рукамі, быццам з самкнутых далоней наперад кідае нешта лёгкае).

Лавіце яго. Гэта слова “любоў”. (Запісвае тэму на дошцы.)

У вас на сталах аркушы паперы і алоўкі. Выберыце сабе любы па колеры і запішыце тэму на аркушы паперы.

Сёння мы пагаворым пра любоў. Любоў бацькоў адыгрывае галоўную ролю ў выхаванні дзіцяці. Сваёй любоўю да дзіцяці вы накіроўваеце яго на сталенне і знаёмства з навакольным светам. Толькі любоў бацькоў, якая фарміруецца спачатку ў сям’і, дапаможа дзіцяці ставіцца да сябе як да асобы. Бацькоўская любоў — аснова выхавання дзіцяці. (Настаўнік прапануе праслухаць фрагмент вядомай песні “Бацькоўскі
дом”.)

Што б бацькі ні рабілі, яны заўсёды з’яўляюцца аўтарытэтам для свайго дзіцяці. У жыцці дзіця ўспрымае і любіць сваіх бацькоў як добрых, разумных, дасведчаных, хто ўсё ўмее. Калі ў таты і мамы агульныя інта­рэсы, абавязкі ў выхаванні дзіцяці, калі яны добрыя, клапатлівыя, любяць сваё дзіця, то такая сям’я ўплывае спрыяльна на выхаванне дзіцяці. Любоў бацькоў вучыць дзіця быць самастойным, паважлівым, умець дараваць, дапамагаць адно аднаму. Недахоп любові і ўвагі бацькоў уплывае на развіццё і выхаванне дзіцяці. Але і празмерная апека і клопат наня­суць дзіцяці непапраўную шкоду. Яно будзе няўпэўненым, несамастойным у вырашэнні сваіх праблем. Шчаслівае тое дзіця, якое з першага дня свайго жыцця трапляе ў атмасферу разумнай бацькоўскай любові і клопату. Без глыбокай любові да дзяцей не можа быць выхавання.

У вас на сталах ёсць канверты. Вазьміце з іх лісты жоўтага колеру. Прачытайце, выберыце з тэксту словы, якія, на ваш погляд, больш дакладна характарызуюць паняцце “любоў”.

Слоўнік Ожагава

ЛЮБОВЬ — это 1) глубокое эмоциональное влечение, сильное сердечное чувство; 2) чувство глубокого расположения, самоотверженной и искренней привязанности. Л. к родине, к родителям, к детям. Слепая л. (всепрощающая). Л. к ближнему.  

Слоўнік Ушакова

ЛЮБОВЬ — это чувство привязанности, основанное на общности интересов, идеалов, на готовности отдать свои силы общему делу; взаимном расположении, симпатии, близости; основанное на инстинкте. Материнская любовь.

САМАКАНСТРУКЦЫЯ

— Запішыце словы на сваім аркушы паперы.

САЦЫЯЛІЗАЦЫЯ

— Прачытайце запісаныя словы. (Часцей за ўсё бацькі выбіраюць словы: пачуццё адданасці, заснаванае на інстынкце, — матчына любоў; пачуццё ўзаемнай прыхільнасці і блізкасці; пачуццё глыбокай сімпатыі і любові.)

САМАКАНСТРУКЦЫЯ

— Як вы думаеце, у чым можа праяўляцца гэтае пачуццё — любоў у бацькоў да дзіцяці? Падумайце і запішыце на сваіх лістах.

САЦЫЯЛІЗАЦЫЯ

— Прачытайце, калі ласка, што вы запісалі. Падчас чытання слухайце ўважліва адно аднаго. Калі вам спадабаюцца думкі, якія будуць выказаны іншымі, запішыце іх сабе на лісце. (Бацькі зачытваюць свае думкі, запісва­юць тое, што пачулі.)

САЦЫЯКАНСТРУКЦЫЯ

— А цяпер прапаную вам папрацаваць у групе. У кожнай групе на стале ёсць канверт. Дастаньце з яго чырвоныя лісты. Прачытайце тэкст (дадатак 1). Прыдумайце пытанні да зместу выказванняў. Запішыце гэтыя пытанні на чыстым лісце.

(Бацькі працуюць у групах, складаюць пытанні.)

— Прачытайце пытанні, якія вы склалі ў групе. Выберыце адно з пытанняў, якое, на ваш погляд, з’яўляецца найбольш актуальным, і запішыце яго ў верхняй частцы чыстага ліста. Цяпер па чарзе перадайце свой ліст з пытаннем суседняй групе. Кожная група можа адказаць на пытанні іншых груп, запісаўшы яго на лісце, які вам перадаюць. (Удзель­нікі бацькоўскага сходу па чарзе перадаюць ад групы ў групу лісты з пытаннем і адказваюць на пытанні іншых груп, запісваючы адказ на лісце з пытаннем. Пасля таго як усе групы запісалі адказы, кожная група атрымлівае свой ліст з адказамі, які напісалі іншыя групы, чытаюць адказы ў групе.)

А зараз дастаньце з канвертаў зялёныя лісты. У іх запісаны тлумачэнні (дадатак 2) тых думак, якія вы чыталі на жоўтых лістах. Знайдзіце адпаведнасці паміж імі. На жоўтым лісце побач з выразамі пастаўце лічбу, пад якой напісана тлумачэнне на зялёным лісце, адпаведнае яму па сэнсе. (Бацькі працуюць у групах.)

Пасля выканання задання групы паказваюць свой выбар, запісваючы на дошцы пары лічбаў: 1—2, 2—3, 3—4, 4—5, 5—6. Настаўнік звярае адпаведнасць выбараў у кожнай групе і правільнасць выканання. Калі ёсць неадпаведнасці, абмяркоўваюць усе разам. Адзін з пунктаў (№ 6 — № 1) не мае адпаведнасці. Настаўнік прапануе бацькам абмеркаваць у групе і растлумачыць, як яны разумеюць выраз № 1. (Баць­кі абмяркоўваюць, выказва­юць сваё меркаванне, а затым агуч­ваюць яго.)

САМАКАНСТРУКЦЫЯ

— Прапаную вам устаць са сваіх месцаў і прайсці па класе. На сценах развешаны інфармацыйныя лісты з парадамі вялікіх людзей (дадатак 3). Прайдзіце, прачытайце іх і запішыце сабе тую параду, якая вам здаецца самай важнай.

Сляпая бацькоўская любоў ператварае дзіця ў свавольніка, яго ахоўваюць ад клопатаў і працы, патакаюць яму, усё ро­бяць за яго. У гэтым бацькі глыбока памыляюцца. Дзіця расце эгаістам, не прыстасаваным да жыцця.

Не маюць рацыі і тыя бацькі, якія лічаць, што праяўленне любові і пяшчоты псуе дзяцей, што выхоўваць трэба строгасцю, пакараннямі. Празмерная стро­гасць адчужае дзяцей, робіць іх сціплымі, прыгнечанымі або злымі на ўвесь свет. Сапраўдная бацькоўская любоў — разумная і патрабавальная. Яна дапамагае дзецям самастойна жыць і працаваць, выказваць давер, павагу, любоў у адказ. Сяброўства і любоў у сям’і ствараюць агульныя духоўныя інтарэсы. Сумесная праца дастаўляе дзецям ра­дасць, збліжае іх з бацькамі, яднае сям’ю. Не пазбаўляйце сваіх дзяцей разумнай любові. Я прапаную вам творчую работу.

ТВОРЧАЯ РАБОТА (сацыяканструкцыя)

— У вас ужо сабралася дастаткова матэрыялу, каб сфармуляваць свае думкі і погляды. Я прапаную вам зрабіць калаж “Баць­коўская любоў — аснова выхавання”. У вас ёсць на кожным стале ліст ватману, алоўкі, у канвертах са смайлікамі парады і рэкамендацыі па выхаванні дзяцей, каляровыя выразкі з часопі­саў з выявай дзяцей, дзяцей з баць­камі (дадатак 4).

Абмяркуйце свае ідэі, пра што б вы хацелі ска­заць іншым бацькам, магчыма, гэта выснова з вашых разважанняў. Выберыце мінімальную коль­касць тэксту. Яго можна напі­саць ці выразаць з раздатачнага матэрыялу. Падбярыце да вашай ідэі малюнкі. Размясціце малюнкі і тэкст на лісце ватману. Можаце да­даць свае малюнкі. Зрабіце калаж. Пад­рыхтуйце яго абарону ў форме 2—3 сказаў па тэме як вывад.

АФІШЫРАВАННЕ

Групы прадстаўляюць свае калажы.

РАЗРЫЎ

— Цяпер я прапаную вам зрабіць работу над памылкамі. Успомніце ўсё, пра што мы сёння гаварылі, думкі, якія былі выказаны бацькамі і вам спадабаліся. Адкажыце сабе на пытанні “У чым я памыляўся ў пытаннях выхавання? Як я магу гэта выправіць і што змагу змяніць?”. Я даю вам 2 мінуты на разважанні.

На вашых сталах ёсць чара­дзейныя канверты. Зазірніце ў іх. Дастаньце з іх кожны сабе маленькі канверт з парадамі. Парады прачытаеце дома. А яшчэ знайдзіце ў чарадзейным канверце каляровыя вяровачкі. Вазьміце па адной. Завяжыце на іх вузельчыкі на памяць і пакладзіце ў кішэню. Каб не забыць дома папрацаваць над сваімі памылкамі.

РЭФЛЕКСІЯ

— Успомніце, чым пачыналася сёння нашая размова. Правільна. Вы дарылі мне цёплыя словы. А я падарыла вам са шкатулкі чарадзейнае слова “любоў”. Мы сёння дзве гадзіны гаварылі пра бацькоўскую любоў. Выберыце адну з фраз і закончыце яе сваімі думкамі:

  • Бацькоўская любоў — аснова выхавання, таму што…
  • Любіць дзіця — гэта…
  • Плён бацькоўскай любові…
  • Я думаю, што…
  • Я прыйшоў сёння не дарэмна, бо…
  • Я задумаўся…
  • Быць бацькамі … , таму што…

(Бацькі выказваюцца па жаданні.)

— Дзякую вам усім за работу. Скончыць нашу размову хачу словамі вялікіх людзей: “Дзеці, якіх не любяць, становяцца дарослымі, якія не могуць лю­біць” (П.Бак), “Лепшы падарунак, які мы можам зрабіць дзіцяці, — гэта не столькі любіць яго, колькі навучыць яго любіць самога сябе” (Ж.Саламэ).