Тэматыка актуальная, ідэі рацыянальныя

- 11:43Адукацыйная прастора, Рознае

Такім чынам можна ахарактарызаваць Абласны конкурс даследчых работ па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які днямі адбыўся на Магілёўшчыне.

Як адзначыў прарэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі па навукова-метадычнай работе Алег Дзьячэнка, развіццё навуковай творчасці і даследчай дзейнасці дазваляе школьнікам самастойна асэнсоўваць, падвяргаць сістэмнаму аналізу розныя праблемы і з’явы.

— Сёлета ў конкурсе прыняло ўдзел звыш 200 навучэнцаў з усіх раёнаў вобласці. Канкурсанты мелі магчымасць не толькі абараніць свае праекты, але і больш дэталёва вызначыцца з будучым прафесійным шляхам. Дзякуючы нашаму ўсебаковаму супрацоўніцтву з МДУ імя А.А.Куляшова, канферэнцыя ў гэтым годзе мела прафарыентацыйную накіраванасць, — расказаў Алег Віктаравіч.

Па словах арганізатараў, конкурс даследчых работ праводзіцца ў вобласці на працягу ўжо больш як дзесяці гадоў. Удзельнікі сёлетняга конкурсу вывучалі магчымасці развіцця турызму, фарміравання здаровага ладу жыцця, развіцця мовы і літаратуразнаўства, пытанні прыродаахоўнай дзейнасці, экалогіі, этнаграфіі, краязнаўства і іншыя.

Шмат увагі школьнікі ўдзялялі ўвекавечанню памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнец сярэдняй школы № 25 Магілёва Антон Кунакін разам са сваім настаўнікам Юрыем Жыгадла займаецца пошукавай работай па ўзнаўленні імён загінуўшых савецкіх салдат. А навучэнец сярэдняй школы Краснаполля Канстанцін Маторын стварыў камп’ютарную гульню “Па старонках Вялікай Айчыннай вайны”.

Нельга не адзначыць таксама распрацоўку вучня Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Уладзіслава Пруднікава. Хлопец зрабіў сайт накшталт сацыяльнай сеткі Vproshloe.com, які дапамагае школьнікам вывучаць жыццё вядомых гістарычных асоб. Адметнай была і работа навучэнца Касцюковіцкай раённай гімназіі Яўгена Аўхачова, які вывучыў перспектыўнасць выкарыстання сонечных батарэй і паспрабаваў стварыць іх сваімі рукамі. Увогуле, слушных ідэй, цікавых распрацовак падчас абароны работ прагучала шмат. Журы ў першую чаргу адзначыла высокі ўзровень арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі Магілёва, Бабруйска, Чавускага, Крычаўскага, Асіповіцкага раёнаў, абласных ліцэяў і гімназій.

Пераможцамі конкурсу сталі навучэнцы гімназіі № 3 Магілёва Мацвей Зайцаў і Юлія Веліканава, якія распрацавалі лепшую работу па беларускай мове. Уладальнікамі дыпломаў І ступені за актуальныя работы па замежных мовах сталі навучэнка гімназіі № 1 Горак Ганна Панамарова, навучэнка гімназіі № 2 Магілёва Карына Бурачэўская, навучэнец сярэдняй школы № 2 Бабруйска Вадзім Хандзецкі, навучэнка гімназіі № 1 Бабруйска Настасся Сідарчук і навучэнка гімназіі № 3 Магілёва Паліна Каплан. Лепшае даследаванне па рускай мове прадставіла навучэнка сярэдняй школы № 45 Магілёва Таццяна Кавалёва. Сярод удзельнікаў секцый па беларускай і рускай літаратуры вызначыліся навучэнка гімназіі Быхава Кацярына Роўская, а таксама Ганна Грыцына і Дар’я Дзям’янава з гімназіі № 1 Бабруйска. Аўтарамі пераможных работ па біялогіі сталі навучэнец Клімавіцкай раённай гімназіі імя Мікалаева Данііл Трошын і навучэнка гімназіі № 2 Бабруйска Вікторыя Стасева. Лепшымі даследчыкамі ў дакладных навуках прызнаны Аляксей Шычкоў і Вячаслаў Сідарэнка з Магілёўскага абласнога ліцэя № 2, навучэнец Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандр Старавойтаў, якія атрымалі дыпломы І ступені па фізіцы, а таксама навучэнкі сярэдняй школы № 31 Магілёва Кацярына Ніканава, Дар’я Чарнякова і навучэнцы Пудаўнянскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна Вікторыя Лісава і Кірыл Зенчанка, якія сталі першымі ў секцыі па матэматыцы. Сярод праектаў па астраноміі перамагла работа навучэнца Магілёўскага абласнога ліцэя № 2 Мікіты Панасовіча, а па хіміі — навучэнца сярэдняй школы № 19 Бабруйска Уладзіслава Ковеля. Дыплом І ступені па інфарматыцы дастаўся навучэнцам сярэдняй школы № 34 Магілёва Дзмітрыю Варэнікаву і Ільі Тупальскаму. У секцыях па гісторыі і грамадазнаўстве найлепшым чынам праявілі сябе навучэнка сярэдняй школы № 31 Магілёва Дар’я Чарнякова, навучэнцы гімназіі № 1 Бабруйска Андрэй Ступень, Дзяніс Рудзінскі і навучэнцы Разанцаўскага ВПК Мсціслаўскага раёна Настасся Гарачкова і Аляксандр Рабцаў. Пераможны дыплом па геаграфіі павезлі з сабой навучэнкі гімназіі Асіповіч Ксенія Асадчая і Настасся Асадчая.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.