“ТЕМП-2015”: з адкрытасцю да прарыўных ідэй

- 11:28Выхаванне, Спартыўныя падзеі

З 20 па 24 ліпеня на спартыўна-аздараўленчай базе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі праходзіць Міжнародны маладзёжны прафсаюзны адукацыйны форум “ТЕМП-2015” (Трудом Едина Молодежь Профсоюзов). Мерапрыемства мае на мэце аб’яднаць лепшых навучэнцаў, студэнтаў і рабочых Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана і Кіпра.

Ужо некалькі дзён форум з’яўляецца дыскусійнай пляцоўкай для моладзі, прадстаўнікоў дзяржструктур і бізнесу на ўмовах адкрытасці і роўнасці, дзе кожны з таленавітых і актыўных маладых людзей можа прадэманстраваць свой патэнцыял. Таксама ён закліканы сфарміраваць у маладзёжным асяроддзі ўяўленне аб прафсаюзах як моцнай арганізацыі, якая здольна абараніць працоўныя, сацыяльна-эканамічныя правы і законныя інтарэсы моладзі.
Кожны дзень форуму мае сваю тэматыку. Адкрылася мерапрыемства Днём творчасці і нацыянальных культур, у рамках якога і гаспадары, і госці ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”, наведалі знакамітае прадпрыемства “БелАЗ”, якое з’яўляецца візітоўкай нашай краіны, а таксама пазнаёміліся з беларускай культурай.

темп

***

21 ліпеня стаў Днём права, міжнародных адносін і прафсаюзнага лідарства, а галоўнай падзеяй дня — сустрэча з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігарам Іванавічам Бузоўскім і старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Сяргеевічам Ордай.
“Патэнцыял прафсаюзаў — тая аснова, на якую дзяржава ўскладае вялікія надзеі, — звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы І.І.Бузоўскі. — Сёння мы гаворым пра неабходнасць прарыўных ідэй, інавацыйных форм і метадаў работы для развіцця дзяржаў на постсавецкай прасторы. Упэўнены, што нашы госці падзяляюць нашы ідэі. Паколькі інавацыі зараджаюцца ў асноўным у маладзёжных колах, хацелася б, каб вы разумелі важнасць вашых думак, планаў і праектаў, бо яны будуць іграць найважнейшую ролю ў развіцці краіны ў цэлым”.
Натуральна, што моладзі цікава было пачуць меркаванне Ігара Бузоўскага адносна шэрага тэм. Маладых прафсаюзных лідараў Беларусі ў прыватнасці цікавіла тэма размеркавання.
“Літаральна гады 2—3 назад мы гаварылі пра размеркаванне ў іншых інтанацыях, чым сёння, — падкрэсліў выступоўца. — Калі чалавек як належнае ўспрымае работу, жыллё, бясплатную адукацыю, медыцынскія паслугі, ён страчвае разуменне каштоўнасці ўсяго гэтага. Непазбежная і фаза крытыкі. Сапраўды, многія ўспрымалі размеркаванне як своеасаблівае навязванне.
Думаю, вашы новыя сябры раскажуць нямала цікавага пра размеркаванне ў іх краінах. Хацелася б, каб вы разумелі, што сёння значыць першае працоўнае месца ў Еўропе.
темп 2015У любой камерцыйнай структуры ёсць паняцце менеджменту. У гэтым выпадку дзяржава — заказчык. Людзі, якія плацяць падаткі, робяць заказ на медыкаў, педагогаў, іншых работнікаў сацыяльнай сферы. Моладзь, якая атрымала бясплатную адукацыю, у сваю чаргу павінна разумець адказнасць перад дзяржавай. Ёсць і іншыя шляхі: не хочаш размяркоўвацца — заплаці! Размеркаванне, як правіла, не падабаецца тым, хто адпраўляецца ў аддаленыя раёны. Але можна выдатна вучыцца, быць першым і выбіраць працоўнае месца. Цяпер, прыходзячы ў вучэбныя калектывы, бачу пераасэнсаванне работы сістэмы. Моладзь пачала цаніць прадастаўленне першага працоўнага месца, і нават тыя, хто вучыцца платна, просяць іх размеркаваць”.
У поле зроку ўдзельнікаў сустрэчы трапіла таксама і віртуальная прастора. Як аказалася, 80% моладзі знаходзіцца сёння ў інфармацыйным сеціве, большая частка — у рэжыме анлайн.
“Можна бачыць у гэтым і пазітыўныя, і негатыўныя тэндэнцыі, — адзначыў Ігар Іванавіч. — Але разам з тым мы павінны ўспрымаць гэтую з’яву як натуральную, паколькі не можам адмежавацца ад жыцця. Трэба думаць, як выкарыстоўваць яе патэнцыял. Гэта, як агонь, які знішчае, але ён жа крыніца святла і энергіі. Сеціва дае каласальныя магчымасці ў плане развіцця эканомікі, палітыкі, міжнародных сувязей, і яно ж нясе з сабой маральныя і энергетычныя разбурэнні.
Я хацеў бы сказаць, што мы не павінны ўводзіць тут ніякіх абмежаванняў, але ўпэўнены, што такія структуры, як, напрыклад, Міністэрства інфармацыі, павінны выступаць у якасці цэнзара, быць у пошуку новых форм спынення патоку негатыўный і разбуральнай інфармацыі. Якім чынам на гэта могуць уплываць прафсаюзы? Напрыклад, у Кітаі існуе такі падыход. Адно з грамадскіх аб’яднанняў ажыццяўляе кантроль за рэсурсамі інтэрнэту. Спецыялісты штотыдзень прымаюць рашэнне, якім рэсурсам даць жыццё, а якія закрыць. Пакуль што мы карыстаемся метадам спроб і памылак, таму трэба актыўна вывучаць вопыт іншых краін. І ў вас сёння ёсць такая магчымасць. Абмежаванні ў гэтым выпадку як выхаваўчы працэс у сям’і — яны неабходныя!”
Не абышлі ўвагай удзельнікі форуму і праблему забеспячэння жыллём. Старшыня Рэспубліканскага камітэта “Белхімпрафсаюза” Святлана Клачок задала пытанне па просьбе сваіх маладых калег:
“Раней існавала фарміраванне асобнай чаргі для маладой сям’і, цяпер ільготным жыллём карыстаюцца ў асноўным шматдзетныя сем’і. Аднак, каб стаць шматдзетнай сям’ёй, патрэбны час. Якія перспектывы вырашэння гэтага пытання? Прадпрыемствы актыўна аддаюць свае інтэрнаты на баланс горада. А варыянт выкарыстання арэнднага жылля мае на ўвазе зняцце з чаргі. Ці магчыма нейкае ўрэгуляванне? Напрыклад, пасыл наймальнікам, каб частка сродкаў, заробленых калектывам, выдзялялася ў якасці мэтавых сродкаў для прадастаўлення займаў на набыццё жылля маладым сем’ям?”
“Так званыя дэмаграфічныя нажніцы якраз сышліся, і мы сёння з гордасцю гаворым пра тое, што, бадай, упершыню за доўгі час у нас смяротнасць не перавышае нараджальнасць, — адзначыў І.І.Бузоўскі. — Гэта вынік цяжкай карпатлівай работы дзяржавы, у тым ліку ў жыллёвым будаўніцтве.темп1
Перспектыва знаходзіцца ў іншай плоскасці. Мы па-новаму павінны паглядзець на жыллёвую палітыку. Менавіта па гэтай прычыне было ўведзена такое паняцце, як арэнднае жыллё. Думаем над тымі новымі тэхналогіямі, якія дазволяць захаваць якасць, але зрабіць жыллё больш танным.
Давайце паглядзім, якія тэндэнцыі ў свеце. У многіх у Еўропе арэндныя кватэры, жыллё, якое куплена ў крэдыт, жыллё, якое будуецца з таннага матэрыялу. Мы павінны быць рацыянальнымі. Час лічыць грошы. Задача прафсаюзаў — тлумачыць людзям гэтыя тэндэнцыі. Мы не будзем спыняцца. У дачыненні да арэнднага жылля і зняцця з чаргі задача пастаўлена на ўзроўні ўрада, і, думаецца, у хуткім часе мы будзем мець канкрэтнае рашэнне”.
Прадстаўнікоў Казахстанскай прафсаюзнай моладзі цікавіла тэма студэнцкага абмену паміж Беларуссю і Казахстанам. У ходзе сустрэчы прагучала інфармацыя, што такія праграмы ўжо існуюць на ўзроўні Саюзнай дзяржавы, а таксама асобных ведамстваў. Сёння актыўнае супрацоўніцтва ў гэтым кірунку ў Беларусі наладжана з Кітаем.
“Наколькі вядома, Казахстан адпраўляе сваіх студэнтаў у многія вядомыя ў Еўропе ўстановы вышэйшай адукацыі, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — І ваша краіна сёння атрымала вялікі патэнцыял ад таго, што моладзь вучылася ў лепшых установах Англіі, ЗША, іншых краін. Потым маладыя людзі пяць гадоў павінны адпрацаваць на карысць дзяржавы, прычым у аддаленых рэгіёнах. Тэма маштабных абменаў будзе цікавая тады, калі будзе мець пад сабой эканамічнае абгрунтаванне. Нам важна, каб такі абмен выліўся ў цеснае супрацоўніцтва паміж краінамі. Гэта каласальныя матэрыяльныя сродкі. Нам неабходна адказаць на пытанне “Для чаго?”. Абмен дзеля абмену, укладванне вялікіх сродкаў у развіццё палітычнага турызму? Калі гэта сапраўды будзе карысным для абодвух бакоў, давайце абмяркоўваць канцэпцыю супрацоўніцтва. Трэба, каб падобныя праграмы былі на слыху і каб для ўдзелу ў іх адбіраліся лепшыя з лепшых, а не тая моладзь, якая проста аказалася побач. Важна, каб людзі потым працавалі на сваю дзяржаву, на тыя арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у праграме”.
Цікавую тэму ўзняў напрыканцы сустрэчы прадстаўнік Федэрацыі незалежных прафсаюзаў Расіі Эдуард Авецісаў. Як паведаміў Эдуард, па апошніх даных, 1% насельніцтва Расіі належыць 48% даброт. Прагназуецца, што ў наступным годзе лічба дасягне 52%. Маладога чалавека цікавіла, наколькі праблема расслаення грамадства актуальная ў цяперашні момант для Беларусі.
“Адсутнасць такой праблемы, на мой погляд, — адно з галоўных дасягненняў Беларусі, — рэзюмаваў Ігар Бузоўскі. — Адэкватнасць аплаты працы і энергіі, на яе затрачанай, — няпростая задача. Калі ў грамадстве прэваліруе грашовая маса, нараджаюцца згубныя з’явы. На шчасце, Беларусь захавала такія асноўныя каштоўнасці, як духоўнасць і маральнасць. Калі мы ад гэтага адмовімся, эканамічныя паказчыкі жыцця гэтак жа будуць панаваць і ў нас”.

***

Дзень бізнесу, інавацый, медыя і інфармацыйных патокаў прайшоў пад знакам знаёмства з беларускімі СМІ. Удзельнікі форуму наведалі Белтэлерадыёкампанію, прафсаюзную радыёстанцыю “Новае радыё”.
Сёння, у Дзень рэлігіі і веры, прафсаюзную моладзь чакае сустрэча з настаяцелем праваслаўнага Усясвяцкага прыхода Мінска протаіерэем Фёдарам Повным. Завяршыцца “ТЕМП-2015” Днём здароўя і экалогіі.

Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.