Тэмпы аднаўлення беларускай эканомікі паскорыліся

- 10:43Інфармацыйная гадзіна

Умеранае аднаўленне беларускай эканомікі ў сярэднетэрміновай перспектыве прадоўжыцца, але не перасягне 3 працэнты, паведаміла эканаміст Сусветнага банка Марына Сідарэнка на прэзентацыі чарговага Эканамічнага агляду СБ для Беларусі.

У Эканамічным аглядзе Сусветнага банка для Беларусі адзначаецца, што ў пачатку 2018 года тэмпы аднаўлення беларускай эканомікі паскорыліся, аднак неабходна ўмацаванне асноў для эканамічнага росту.

Умеранае аднаўленне эканомікі прадоўжыцца і будзе падтрымлівацца паляпшэннем унутранага і знешняга попыту. Аднак, паводле прагнозаў СБ, штогадовы тэмп эканамічнага росту не перасягне 3 працэнтаў з-за абмежаванняў з боку вытворчага сектара. Так, рост ВУП у 2018 годзе прагназуецца на ўзроўні 2,9%, у 2019 — 2,7, 2020 — 2,5 (паказчыкі перагледжаны ў бок паляпшэння ў параўнанні з папярэднім прагнозам).

Перспектывы росту эканомікі Беларусі ў сярэднетэрміновым перыядзе бачацца СБ даволі складанымі з-за патрэб у знешнім фінансаванні, а таксама нявырашаных унутраных структурных праблем.

Паводле ацэнкі Сусветнага банка, сярэднетэрміновы прагноз звязаны з сур’ёзнымі рызыкамі ў сувязі са змяненнямі ў знешнім асяроддзі. Пагаршэнне або нестабільнасць эканамічнай сітуацыі ў Расіі (у тым ліку звязаныя з нядаўнім увядзеннем санкцый у адносінах да некаторых расійскіх кампаній) можа аказаць уплыў на эканоміку Беларусі. “Хуткі ўплыў праяўляўся праз змяненне абменнага курса беларускага рубля адносна долара ЗША і расійскага рубля, — растлумачыла Марына Сідарэнка. — Цяпер абменныя курсы крыху выраўноўваюцца і стабілізуюцца”.

Для дасягнення больш устойлівай траекторыі росту неабходна павышэнне эфектыўнасці размеркавання капіталу і паступовае зніжэнне даўгавога цяжару, лічаць у СБ. Апошнія дзесяцігоддзі Беларусь накоплівала багацце, якое складаецца з матэрыяльнага і чалавечага капіталу.