Тэмы даследаванняў не ў інтэрнэце, а ў жыцці

Навукова-даследчая работа дае кожнаму вучню магчымасць выпрабаваць і актуалізаваць свае здольнасці, з’яўляецца магутным сродкам, які дазваляе накіроўваць навучэнцаў на шлях развіцця і ўдасканальвання. Працаваць з такімі дзецьмі — адно задавальненне.

Існуе думка, што толькі ў буйных цэнтрах краіны можна стварыць эфектыўныя ўмовы для развіцця таленту высокаматываваных вучняў. Але гэта адназначна памылковы погляд. Сістэма маёй работы даказвае адваротнае. Даследчая дзейнасць з кожным годам карыстаецца ўсё большай папулярнасцю сярод старшакласнікаў устаноў адукацыі не толькі раённых цэнтраў, але і сельскіх школ. Вучні становяцца пераможцамі рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Так, падрыхтаваць адоранага вучня ва ўмовах аддаленасці ад абласнога цэнтра — складаны і вельмі карпатлівы працэс. Ён патрабуе і ад настаўніка, і ад вучняў пэўных затрат: пошук адпаведнага навуковага матэрыялу, сістэматычнасць у падрыхтоўцы, пастаянны аналіз, значная самастойная работа. І тут галоўная роля ў арганізацыі даследчай дзейнасці адводзіцца настаўніку, якому трэба наладзіць работу так, каб захапіць сваіх вучняў прадметам, каб у іх узнікла жаданне адкрываць нешта новае ў вядомым. Іншымі словамі, даследчай работай трэба захварэць самому, калі хочаш, каб ёй захварэлі твае вучні. Як здорава, калі знаходзіш такія алмазікі! Тады ўся работа настаўніка і адоранага вучня будзе накіравана на адшліфоўку іх граней.

Не сакрэт, што цяпер зацікавіць вучняў менавіта беларускай мовай няпроста, асабліва ў канкурэнцыі з іншымі прадметамі. Мне прыходзіцца прыкладаць вялікія намаганні для таго, каб матываваць адораных вучняў да вывучэння роднай мовы і літаратуры па-за рамкамі школьнай праграмы. Намаганні заключаюцца ў тым, каб паказаць навучэнцу, што ён здольны ўключыцца не толькі ў работу вучэбна-даследчага аб’яднання раённай гімназіі “Крок да поспеху”, але і стаць пераможцам рэспубліканскай алімпіяды ці атрымаць дыплом канферэнцыі даследчых работ. Захопленасць вучня, яго мэтанакіраванасць і неабыякавасць садзейнічаюць выніковасці, а выніковасць — гэта калі ўсё зроблена якасна.

Я лічу, што поспех работы ў многім залежыць ад выбару тэмы. Тэма павінна быць цікавай не толькі вам і вучню, але і любому чалавеку, які зусім далёкі ад той навукі, якой вы займаецеся. Заўсёды выйгрышнымі можна назваць тэмы, якія не з’яўляюцца вузкаспецыяльнымі. Не трэба шукаць іх у інтэрнэце, шукайце іх у жыцці.

На мой погляд, адной з найважнейшых задач у даследчай дзейнасці з’яўляецца абуджэнне ў вучняў цікавасці да самабытнай духоўнай спадчыны, якая засталася нам ад продкаў. Акцябрскі раён славіцца сваімі традыцыйнымі святамі, абрадамі, звычаямі, народнымі майстрамі, музыкантамі, носьбітамі старажытнай культуры. Міжнародны фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які штогод праводзіцца ў нашай мясцовасці, з’яўляецца той невычэрпнай крыніцай, якая прыцягвае да сябе людзей розных узростаў — як маладых, так і носьбітаў традыцый. На акцябрскай зямлі можна запісаць вельмі рэдкія народныя песні, развучыць танцы нашых бабуль і прабабуль. На жаль, носьбітаў багатай народнай спадчыны з кожным годам застаецца ўсё менш. Мы павінны пастарацца, каб гэты скарб не знік.

Тэма даследавання “Народная песня ў каляндарна-абрадавай творчасці жыхароў Акцябршчыны” была выбрана невыпадкова. Вучаніца раённай гімназіі Дар’я Шлапакова на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару ў 2015 годзе прадставіла работу па гэтай тэме ў секцыі “Літаратуразнаўства”. Яна на працягу 7 гадоў займалася ў фальклорным ансамблі “Рудабельскія зорачкі”, дзе навучылася манеры выканання аўтэнтычных песень з мясцовым дыялектам, чысціні вымаўлення літаратурнай беларускай мовы. У дадатак да ўсяго на канферэнцыі было прапанавана азнаёміцца з календаром, які мы склалі на аснове фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў Акцябрскага раёна, і са зборнікам аўтэнтычных тэкстаў з фотаздымкамі інфарматараў.

Яшчэ адна мая вучаніца Настасся Мартыненка на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару ў 2017 годзе ў секцыі “Літаратуразнаўства” прадставіла работу “Беларуская нацыянальная кухня і яе рэпрэзентацыя ў творах фальклору і літаратуры”. Самабытныя стравы нашай славутай Рудабельшчыны, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў, сведчаць пра рацыянальнасць, эканамічнасць і разнастайнасць харчавання нашых продкаў.

Мы вырашылі правесці ў рабоце аналіз фальклорных твораў, які дазволіў сцвердзіць, што ў тэкстах песень, загадак, прыказак, прымавак Рудабельшчыны згадваюцца прадукты, стравы нацыянальнай кухні і правілы іх ужывання. Аналіз літаратурных твораў дазволіў гаварыць, што адны майстры слова выкарыстоўваюць назвы і апісанні страў для ўзбагачэння мастацкай палітры сваіх твораў, другія аддаюць даніну памяці кулінарным традыцыям продкаў і праяўляюць любоў да роднай беларускай культуры.

Практычная значнасць гэтай работы вызначаецца магчымасцю прымянення яе матэрыялаў і выніковага дадатку “Беларуская нацыянальная кухня” на ўроках і факультатыўных занятках па беларускай мове і літаратуры, пры падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд. Вынікі даследавання ў выглядзе буклета “Смачна есці!” будуць цікавы турыстам, а набор каляровых паштовак “Беларуская гаспадынька” стане карысным для ўсіх зацікаўленых.

З упэўненасцю магу сказаць, што даследчая дзейнасць любіць неабыякавых і мэтанакіраваных вучняў. Ёсць для характарыстыкі такіх дзяцей цудоўнае слова ў беларускай мове — апантанасць. Да такіх вучняў адносіцца Данііл Шэйка. Маючы вялікую цікавасць да роднай мовы, ён вырашыў паспрабаваць сябе ў даследчым кірунку не на аснове этнаграфічных матэрыялаў. Выбраўшы складаную тэму “Семантыка і культурная інфармацыя фразеалагізмаў беларускай мовы з лікавым кампанентам”, сам шукаў неабходны матэрыял, працаваў са слоўнікамі фразеалагізмаў беларускай мовы, бо менавіта на іх асноўвалася ўся даследчая работа. Вывучэнне фразеалагізмаў — моўных брыльянтаў, своеасаблівых зярнятак народных ведаў — ён палічыў вельмі актуальным. Акрамя таго, фразеалогія дапамагае пашырэнню кругагляду, робіць мову жывой і выразнай. Хачу сказаць, што работа цалкам захапіла і яго, і мяне. Увесь гэты час мы былі ў пастаянным пошуку, сумеснай карпатлівай рабоце.

Настаўнік вучыць вучня, а хто вучыць настаўніка? Ці мы ўсе адразу становімся настаўнікамі-празорцамі? Не. Асабліва, калі раён аддалены ад абласнога цэнтра. Хочацца паглядзець прыклады падрыхтоўкі іншых калег, задаць пытанні, як зрабіць лепш, каб работа стала канкурэнтаздольнай. І тут на дапамогу прыходзяць кансультацыі з метадыстам абласнога інстытута (па тэлефоне). Дзякуючы сучасным тэхналогіям, існуе магчымасць разам з вучнямі выходзіць на сувязь па Skype, каб атрымаць кансультацыі нават з выкладчыкамі ГДУ імя Францыска Скарыны. Спрыяюць поспеху і трэніровачныя зборы па падрыхтоўцы да конкурсу на базе інстытута развіцця адукацыі, на якіх канкурсанты вучацца абараняць сваю работу перад вялікай аўдыторыяй слухачоў, адказваць на пытанні.

А ў дні фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, дзе разам з навукоўцамі-фалькларыстамі, работнікамі культуры і адукацыі ўдзельнічаюць таксама і вучні раённай гімназіі, каб атрымаць даследчы вопыт. Усё гэта дае вынік.

Адзначу таксама, што важным кірункам сістэмы маёй работы з’яўляецца работа з сям’ёй. Сям’я павінна стаць апорай у выбары дзіцяці, бо без падтрымкі ніякага поспеху не будзе. Мне пашчасціла з сем’ямі маіх вучняў, дзе выразна назіраецца высокая каштоўнасць адукацыі, пры гэтым часта вельмі адукаванымі з’яўляюцца і самі бацькі. Яны праяўляюць асаблівую ўвагу да школьнай адукацыі, выбіраючы для сваіх дзяцей дадатковую літаратуру па даследаванні, раяцца з настаўнікам, як лепш падрыхтавацца.

Кожны настаўнік, рыхтуючы вучняў да конкурсу, здае своеасаблівы экзамен па прафесійным майстэрстве. А паспяховая падрыхтоўка — гэта і творчасць настаўніка, і творчасць вучня, памножаная на любоў бацькоў. Толькі тады, калі будзе ўзаемаразуменне, калі вучань пойдзе за сваім настаўнікам, можна дасягнуць вынікаў.

Таццяна КРЭЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Акцябрскай раённай гімназіі Гомельскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *