Тэндэнцыя да адкрытага і прадукцыйнага дыялогу

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі Ігара Васільевіча Карпенкі з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі на чале з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын. Ад Еўрапейскага парламента на сустрэчы прысутнічалі Богдан Здраеўскі, дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы, член Камісіі па культуры і адукацыі, кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, іншыя афіцыйныя асобы. Размова вялася пра фарміраванне еўрапейскай адукацыйнай прасторы і выкананне прынцыпаў Балонскага працэсу ў сістэме вышэйшай адукацыі нашай краіны.

Фота да матэрыяла: Тэндэнцыя да адкрытага і прадукцыйнага дыялогу.Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што паміж нашай краінай і Еўрапейскім саюзам у тым ліку і ў галіне адукацыі намецілася тэндэнцыя да адкрытага і прадукцыйнага дыялогу. І гэты факт не можа не радаваць абодва бакі. Міністр заўважыў, што ў сістэме адукацыі Беларусі вядзецца актыўная работа па ўстойлівым развіцці і фарміраванні еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Гэта дзве ключавыя тэмы, якія знаходзяцца сёння ў стадыі актыўнай рэалізацыі.

Ігар Васільевіч падкрэсліў, што ў нашай сістэме адукацыі створана камісія па ўстойлівым развіцці ў сферы адукацыі. Наша краіна прымае актыўны ўдзел у тых працэсах, якія адбываюцца ў іншых еўрапейскіх краінах у сферы адукацыі, аб чым сведчыць удзел Беларусі ў форуме міністраў адукацыі па тэме фарміравання еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Прыярытэтныя задачы, звязаныя з гэтым кірункам, унесены ў план дзеянняў Міністэрства адукацыі нашай краіны ў рамках прынцыпаў еўрапейскай адукацыйнай прасторы.

Ігар Васільевіч паведаміў аб тым, як вядзецца сёння работа над новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі. Міністр адукацыі адзначыў, што гэты дакумент з’яўляецца адным з нямногіх заканадаўчых актаў на постсавецкай прасторы, які прайшоў кадыфікацыю. Цяпер яго новая рэдакцыя знаходзіцца на стадыі ўнясення ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь на разгляд дэпутатаў. Плануецца, што ўжо ў хуткім часе ён з’явіцца ў рэальнай адукацыйнай практыцы.

Фота да матэрыяла: Тэндэнцыя да адкрытага і прадукцыйнага дыялогу.Што тычыцца фарміравання еўрапейскай адукацыйнай прасторы, выканання прынцыпаў Балонскага працэсу, то міністр адукацыі адзначыў, што работа ў гэтым кірунку працягваецца і ўдасканальваецца. Нядаўна наш урад разгледзеў даклад міністра працы і сацыяльнай абароны аб Нацыянальнай рамцы кваліфікацый. Была адобрана стратэгія яе распрацоўкі з улікам еўрапейскіх падыходаў і неабходнасці фарміравання кадравай палітыкі ў залежнасці ад патрэбнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу нашай краіны. Гэтая пазіцыя была агучана прэзідэнтам нашай краіны і падтрымана на ўзроўні галіновых міністэрстваў і ведамстваў. Непасрэдна Міністэрства адукацыі правяло некалькі сумесных пасяджэнняў з калегіямі іншых галіновых міністэрстваў па пытанні падрыхтоўкі кадраў. Акрамя таго, у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будзе ўзмоцнена пазіцыя, якая тычыцца ўзаемадзеяння сістэмы адукацыі з заказчыкамі кадраў. Плануецца правесці шэраг сустрэч і семінараў, каб выпрацаваць механізмы стварэння рамкі кваліфікацый, сугучныя з еўрапейскімі падыходамі. Маюцца на ўвазе крокі ў частцы распрацоўкі адукацыйных стандартаў, вучэбна-праграмнай дакументацыі, якія неабходны для падрыхтоўкі таго ці іншага спецыяліста.

— У нас вядзецца актыўная работа па практыка-накіраваным навучанні студэнтаў і больш цесным узаемадзеянні з заказчыкамі кадраў, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Аб гэтым сведчыць стварэнне кафедраў устаноў вышэйшай адукацыі па некаторых спецыяльнасцях непасрэдна на вытворчасці. Цяпер галіновае міністэрства працуе над удасканаленнем выкладання сацыяльна-гуманітарнага блока ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны.

У час размовы Ігар Васільевіч шмат увагі ўдзяліў развіццю прафесійнай адукацыі нашай краіны, паведаміў гасцям аб развіцці рэсурсных цэнтраў, увядзенні новых прафесій, узмацненні вучэбна-матэрыяльнай базы.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што падрыхтоўка рабочых кадраў вядзецца з улікам укаранення новых сучасных тэхналогій на вытворчасці, міжнародных тэндэнцый і замежнага вопыту ў гэтым напрамку.

Прыкладам узаемадзеяння Еўрапейскага саюза і нашай краіны стала адкрыццё экатэхнапарка “Волма” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, які выступае ў ролі рэсурснага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў на ўсіх узроўнях адукацыі: прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў. Ідэя развіцця гэтага парка падтрымана на дзяржаўным узроўні, і яго стварэнне, безумоўна, паспрыяе павышэнню якасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.

— Наша сістэма адукацыі гатова імкліва рэагаваць на патрэбнасці ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы, а ў некаторых напрамках мы працуем нават на апярэджванне, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі Еўрапейскага парламента падзякавалі за сустрэчу і пажадалі поспехаў у развіцці адукацыйнай галіны нашай краіны.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *