Тэорыя, практыка і англійская мова

Пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі вызначылі ў Оршы

Вялікая і цудоўная галіна геаграфіі. Некалі вядомы французскі географ Жан Жак Элізэ Рэклю сцвярджаў: “Гісторыя — гэта геаграфія ў часе, а геаграфія — гэта гісторыя ў прасторы”. На справе нават такое трапнае азначэнне толькі часткова характарызуе прадмет даследавання. Унікальная комплексная сінтэтычная дысцыпліна падзелена і прадыферэнцыравана больш чым на 200 разнапланавых напрамкаў — ад эканомікі, сацыялогіі, палітыкі да фізікі, хіміі, іншых прыродазнаўчых і грамадазнаўчых навук. Алімпіяда па геаграфіі адрозніваецца найперш складанасцю сваёй арганізацыйнай структуры: найбольшая колькасць тураў і дадатковы тур на англійскай мове.

Навучэнец 9 класа гімназіі № 1 Брэста Дзяніс Рабчук (настаўніца Алена Сакалоўская), кіраўнік каманды Брэсцкай вобласці Аляксандр Федарук, навучэнец 8 класа Снітаўскай базавай школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці Максім Лагодзіч (настаўнік Мікалай Бажко).

— Для геаграфіі характэрна цесная сувязь з прыродай, — адзначаючы асаблівасці алімпіяды, расказаў старшыня журы яе заключнага этапу, загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі БДУ, доктар геа­графічных навук, прафесар Пётр Лопух. — Няма больш жыццёва неабходнага прадмета, чым геа­графія. Прычым сучасная геаграфія не тэлевіктарына: тут найперш патрабуецца аналітычнае мысленне, акрэатыўны падыход не менш важны, чым веданне фактаў. Калі браць шырэй, у адрозненне ад іншых навук, змадэляваць у лабараторных умовах той ці іншы працэс, правесці даследаванне па геаграфіі ў большасці выпадкаў не ўяўляецца магчымым. Таму алімпіяда ўключае абавязковы практычны тур, які складаецца з палявога і праектнага этапаў. Задача ўдзельніка — прааналізаваць, як праходзіла эвалюцыя, і спрагназаваць, як далей будзе працякаць той ці іншы працэс. З пункту гледжання сацыяльна-эканамічнай геаграфіі мы прапанавалі практыка-арыентаваныя заданні: навучэнцы стваралі праекты рознага ўзроўню, пры гэтым ім былі прадастаўлены шырокія магчымасці, у тым ліку картаграфічная аснова і аэракасмічныя здымкі. Поле дзейнасці дастатковае, каб комплексна ацаніць прыроднае асяроддзе і прапанаваць свае мерапрыемствы, спосабы і метады па аптымізацыі тэрыторыі, рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў.

— Заданні будаваліся ў кантэксце заданняў міжнародных алімпіяд, — далучыўся да размовы намеснік старшыні журы, загадчык кафедры бесперапыннай адукацыі ў спорце і турызме Інстытута менеджменту спорту і турызму Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, кандыдат геаграфічных навук Генадзь Озем. — Тут таксама прысутнічае невялікая супярэчнасць па змесце школьнага прадмета і змесце заданняў: яны былі практыка-арыентаваныя і зыходзілі з прынцыпу фарміравання геаграфічнага пункту гледжання на працэсы — патрабавалася глыбокае веданне тэорыі з аспектамі яе прымянення на практыцы. Былі складаныя, як мы лічылі, заданні: напрыклад, блокі па эканамічнай геаграфіі ўключалі праблемы сучаснага свету, дзе мы паглыбляліся ў даволі сур’ёзныя паказчыкі, але дзеці справіліся, змаг­лі абысці падводныя камяні. Пытанні ў блоках прапаноўваліся ўзаемазвязаныя: з папярэдняга задання ўдзельнікі атрымлівалі пэўны інфармацыйны пакет, які можна было выкарыстоўваць далей і потым абагульніць у праекце. З метадычных цяжкасцей варта адзначыць недастатковую ўважлівасць удзельнікаў да фармулёўкі заданняў. Калі яны пачыналіся словамі “паглядзіце”, “прапануйце”, “пракаменціруйце”, многія не ўлічылі гэта ў адказах: хутчэй стараліся адказаць на асноўнае пытанне і ўпусцілі з поля зроку, што ім быў прапанаваны комплекс пытанняў, якія раскрываюць тэму. Многія ўдзельнікі прыемна ўразілі нестандартнымі падыходамі да рашэнняў, арыгінальнасцю мыслення. Так, у адным з блокаў заданняў для 11 класа з папярэдняга матэрыялу вынікаў адказ “так”, а навучэнец адказаў “не” і зрабіў добрае абгрунтаванне — яму таксама паставілі максімальны бал.

На працягу пяці дзён на базе Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання 110 фіналістаў алімпіяды пакаралі вяршыні геаграфічных ведаў. Па водгуках журы, слабых работ сёлета не было: даволі высокія балы, моцныя ўдзельнікі па ўсіх узроставых групах. Цікава выявіла сябе гендарная асаблівасць. Геаграфія — традыцыйна “мужчынская” дысцыпліна, на заключны этап алімпіяды выйшлі 79 юнакоў і 31 дзяўчына. У ліку пераможцаў таксама пераважаюць юнакі. Калі ж зыходзіць з паказчыкаў якасці выканання заданняў, то дзяўчаты былі больш паспяховыя. Яшчэ адна адметнасць алімпіяды па геаграфіі — дадатковы тур па англійскай мове. Справа ў тым, што міжнародная алімпіяда па прадмеце, што праводзіцца пад эгідай Міжнароднага геаграфічнага саюза, традыцыйна англамоўная. Удзельнікі іншых міжнародных алімпіяд атрымліваюць заданні ў перакладзе, а па геаграфіі такой магчымасці няма — адсюль і выключныя патрабаванні да падрыхтоўкі ўдзельніка геаграфічнай алімпіяды.

— Колькасць дзяцей, якія ўдзельнічаюць у дадатковым туры, павялічваецца, — паведаміў Генадзь Озем. — Трэнерам я стаў чатыры гады назад, і пачыналі мы з 12—18 навучэнцаў у англамоўным туры. Цяпер гэта як мінімум 50 працэнтаў удзельнікаў — у гэтым выпадку, напрыклад, іх было 63. Каманда фарміруецца зыходзячы з таго, што пасля пісьмовага адбору на субяседаванні застаецца 20 чалавек. Павінен сказаць, якасць падрыхтоўкі навучэнцаў паляпшаецца. Трэба разумець: гэта не англійская мова на школьным узроўні, для заданняў мы адбіраем неадаптаваныя тэксты, удзельнікі павінны прааналізаваць іх і выказаць сваё абгрунтаванае меркаванне. Сёлета лепшай у туры была прадстаўніца Віцебскай вобласці навучэнка гімназіі № 2 Віцебска Марта Шпіндзер (настаўнік Сяргей Крывенка). Быць географам і не ведаць базу іншых навук проста немагчыма, дадаём англійскую мову — атрымліваецца, што нашы дзеці, напэўна, самыя “вундэркіндзістыя” ў рэспубліцы. Прадмет асаблівы і ў тым, што па фізіцы, хіміі, матэматыцы, мовах даволі шырока распаўсюджана рэпетытарства, а па геаграфіі — не, адпаведна, уклад настаўніка вельмі каштоўны. Безумоўна, па выніках рэспубліканскай алімпіяды нашы зорачкі атрымліваюць індывідуальнае суправаджэнне, да іх падрыхтоўкі далучаюцца вопытныя трэнеры — амаль як у спорце, калі размова ідзе аб міжнародных стартах.

Дыпломамі І ступені па выніках заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі адзначаны Максім Мяшкоў (сярэдняя школа № 3 імя В.М.Усава Гродна), Мікіта Каралёў (гімназія № 31 Мінска), Дзяніс Рабчук (гімназія № 1 Брэста); Кацярына Кажура (гімназія №6 Маладзечна), Мікіта Сівірын (сярэдняя школа № 37 Гродна), Ксенія Русак (сярэдняя школа № 31 Гродна), Дзмітрый Бартош (Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй), Ягор Пракопчык (гімназія № 1 Бабруйска) і Марта Шпіндзер (гімназія № 2 Віцебска).

Спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны навучэнец 8 класа Снітаўскай базавай школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці Максім Лагодзіч.

— Спецыфічнае геаграфічнае мысленне закладвае шырокі інтэлект і патрыятычны светапогляд. Ёсць адна вялікая ісціна: праз пазнанне роднага краю фарміруецца любоў да яго, а геаграфія якраз такое пазнанне, — падкрэсліла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Владаўская. — Калі працуеш з такімі навучэнцамі, як удзельнікі Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, душа радуецца, бо разумееш: у нашай краіны — вялікая будучыня.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.