Тэрміновая ваенная служба для настаўніка

Больш за паўгода назад малады спецыяліст настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ілья Конеў працаваў у сярэдняй школе № 20 Мінска, быў класным кіраўніком 9 “С”, у хлопцаў-гандбалістаў Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву. Тады ён быў для вучняў не толькі выкладчыкам, але і настаўнікам у многіх жыццёвых сітуацыях. А зараз Ілья Дзмітрыевіч для вучняў прыклад патрыёта, грамадзяніна, які годна выконвае свой воінскі абавязак. Бо радавы Ілья Конеў за час тэрміновай ваеннай службы ў 2-й інжынернай брыгадзе неаднойчы быў заахвочаны.

А некалі школьнікі выпрабоўвалі на трываласць свайго новага настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Аднак малады спецыяліст не паддаваўся на правакацыі і цярпліва шукаў шлях да ўзаемаразумення. Ды і цяжкасцей ён ніколі не баяўся, нават любіў складаныя выклікі лёсу.

Па словах дырэктара сярэдняй школы № 20 Таццяны Валянцінаўны Марэнавай, Ілья Конеў яшчэ студэнтам-практыкантам вылучаўся добрым валоданнем свайго прадмета, шчырай любоўю да выбранай прафесіі, моцным і валявым характарам. Так, ва УВА са школы была адпраўлена заяўка аб накіраванні выпускніка Ільі Конева на работу ў сярэднюю школу № 20. Ужо праз год маладому спецыялісту прапанавалі класнае кіраўніцтва ў класе спартсменаў-гандбалістаў.

— Я ўзрадаваўся гэтаму факту. Бо хлопцы з тады яшчэ 9 “С” мне адразу спадабаліся, — успамінае Ілья. — Штодзённа размаўляючы з імі, я імкнуўся да таго, каб хлопцы ўсвядомілі: настаўнік — не манумент, які нічога не разумее і не адчувае. Я малады, у мяне свае інтарэсы, я таксама ведаю сучасную музыку, літаратурныя навінкі… Магчыма, наладзіць кантакт з класам мне дапамагло таксама і тое, што я калісьці займаўся гандболам. І я разумеў іх зацікаўленасць спортам.

Аднак маладому спецыялісту і ў вучнях хацелася абудзіць цікавасць да свайго прадмета. І Ілья Дзмітрыевіч прыдумаў хітры спосаб. Спісаць было немагчыма, нават маючы пад рукой камп’ютар, бо заданні не былі шаблоннымі. Настаўнік не шкадаваў часу, рыхтуючыся да кожнай самастойнай, кантрольнай работы. Увесь тэкст у заданнях быў, што называецца, заснаваны на рэальных падзеях. Таму чытаючы пра праведзеную гульню, будучыя спаборніцтвы або атрыманыя на тыднi не дастаткова высокія адзнакі па іншых прадметах, вучні 9 “С” больш уважліва чыталі заданні, імкнуліся выканаць іх як мага лепш. Хіба ж можна падвесці настаўніка, які гэтак уважлівы да жыцця класа!

Разумеючы, што ў канцы 9 класа вучням трэба будзе вытрымаць першы ў жыцці экзамен на праверку ведаў, Ілья Конеў узмоцнена рыхтаваў да яго сваіх спартсменаў, займаўся з імі на факультатыве.

— Вялікую дапамогу ў гэтым аказалі бацькі вучняў. Настаялі на тым, што веды для гандбалістаў лішнімі не будуць, — расказвае Ілья. — Але калі з беларускай мовай усё ішло нядрэнна, то з літаратурай было складаней. Прыходзілася эксперыментаваць. Напрыклад, калі мы праходзілі тэму сярэдневяковай літаратуры, эпохі Адраджэння, якраз ішоў сезон Лігі чэмпіёнаў. І вось на ўроку ў нас была схема расстаноўкі гульцоў футбольных каманд. Толькі замест іх — 11 самых яркіх дзеячаў літаратуры таго перыяду. Або, напрыклад, калі вывучалі “Пінскую шляхту”, зладзілі паказальны суд. Размеркавалі ролі і кожны выказваў сваё меркаванне, аргументаваў свой пункт гледжання. І вы ведаеце, тэндэнцыя да паспяховага вывучэння маіх прадметаў з’явілася.

Вынікам былі адзнакі за экзамен па беларускай мове, які, дарэчы, гандбалісты здалі лепш чым астатнія абавязковыя прадметы выпускных экзаменаў за 9 клас.

Вось толькі апошні званок у хлопцаў прайшоў без класнага кіраўніка. Ілья Конеў быў накіраваны для праходжання тэрміновай ваеннай службы ў 2-ю інжынерную брыгаду.

Зараз Ілья асвойвае новую для сябе прафесію — механіка-тэлефаніста. Праўда, са спецыфікай ваеннай службы ён знаёмы з дзіцячых гадоў: бацька Ільі — спадчынны вайсковец.

— Я лічу, што атрыманне адукацыі і тэрміновая ваенная служба ў арміі — важныя складнікі ў жыцці мужчыны. Шчыра прайшоўшы гэты жыццёвы этап, можна задумвацца пра планы на будучыню, — перакананы радавы Конеў. — У войску ёсць чаму павучыцца.

Напрыклад, тут ты не можаш сабе дазволіць засмуткаваць, упасці ў роспач, бо павінен устойліва, мужна спраўляцца з пастаўленай задачай. І калі даў слова — трэба абавязкова яго трымаць. У войску гэта закон.

Прайшло ўжо больш за паўгода з таго моманту, як Ілья Конеў пачаў спасцігаць вайсковую навуку. Тым часам у сярэдняй школе № 20 і зараз званок збірае ўсіх на ўрокі, каб затым ажывіць калідоры гоманам галасоў хлопчыкаў і дзяўчынак. Каманда гандбалістаў, вучняў 10 “С”, таксама імкнецца да перамогі на кожным спаборніцтве. І гэтыя вучнi чакаюць вяртання свайго класнага кіраўніка. Як запэўніла дырэктар сярэдняй школы № 20 Таццяна Марэнава, у Дзень ведаў Ілья Конеў на ўрачыстай лінейцы абавязкова зойме месца разам са сваім класам. Пакуль жа хлопцы часта прыязджаюць да свайго настаўніка ў вайсковую часць у дні наведванняў, а здараецца і праводзяць яго да брамы КПП, калі Ілья Дзмітрыевіч, атрымаўшы звальненне, раптам прыязджае на гульню любімай каманды.

— Ілья Дзмітрыевіч класны, сапраўдны мужык. Таму ў армію і пайшоў, — скупа, але трапна выказваюць агульнае меркаванне класа Вячаслаў Траян і Уладзіслаў Банькоўскі. — Зараз, калі сустракаемся, распытваем, як яму служыцца. Рыхтуемся маральна, бо і ў нас гэты этап наперадзе. А сёння, 21 студзеня, віншуем Ілью Дзмітрыевіча з Днём інжынерных войск.

Алена МЯЦЕЛЬСКАЯ.
Фота аўтара.