“Нармандская чацвёрка” дамовілася прадоўжыць тэрмін дзеяння мінскіх пагадненняў на 2016 год па выніках тэлефоннай размовы Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна з федэральным канцлерам ФРГ Ангелай Меркель, Прэзідэнтам Французскай Рэспублікі Франсуа Аландам і Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Аб гэтым паведаміла прэс-служба Крамля.
“Лідары грунтоўна абмеркавалі напружаную і нестабільную сітуацыю на паўднёвым усходзе Украіны ў кантэксце рэалізацыі ўзгодненых 12 лютага 2015 года ў Мінску дамоўленасцей. Вырашана прадоўжыць тэрмін іх дзеяння на 2016 год. Адзначана важнасць далейшай работы кантактнай групы ў мэтах поўнай і ўсёабдымнай рэалізацыі мінскага комплексу мер”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Елісейскі палац паведамляе, што кіраўнікі МЗС “нармандскай чацвёркі” да пачатку лютага 2016 года падвядуць вынікі рэалізацыі Мінска-2. “Канцлер ФРГ Ангела Меркель, Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін і Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падкрэслілі ў ходзе праведзенай размовы важнасць поўнай рэалізацыі ў 2016 годзе ўсіх палажэнняў мінскіх пагадненняў”, — адзначаецца ў паведамленні.
Паведамляецца таксама, што асабістыя кантакты кіраўнікоў краін “нармандскай чацвёркі” (Расія, Францыя, ФРГ, Украіна) будуць прадоўжаны.
Акрамя таго, прэс-служба Крамля інфармуе, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін у тэлефоннай размове з лідарамі ФРГ, Францыі і Украіны выклаў ацэнкі наступстваў імплементацыі пагаднення аб асацыяцыі ЕС — Украіна для расійска-ўкраінскага супрацоўніцтва. У размове былі таксама закрануты пытанні, звязныя з пастаўкамі ва Украіну расійскага газу.