Тэрміны навучання будуць больш аптымальнымі

- 16:33Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Днямі рэдакцыя “Настаўніцкай газеты” чарговы раз прымала гасцей з ліку дэпутатаў Нацыянальнага сходу, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, кіраўнікоў навучальных устаноў, якія сабраліся ў канферэнц-зале рэдакцыі для абмеркавання новага законапраекта “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”.

На абмеркаванне было вынесена пытанне аб тых змяненнях і дапаўненнях, якія мяркуецца ўнесці ў кодэкс у частцы прафесійнай адукацыі.
Начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства А.Д.Лашук выступіў з асноўнымі прапановамі, якія былі вызначаны ў ходзе праведзенага маніторынгу практыкапрымянення Кодэкса аб адукацыі.

Аляксандр Дзмітрыевіч адзначыў, што першым асноўным змяненнем, якое плануецца замацаваць заканадаўча, будзе вызначэнне тэрмінаў навучання.
— Хачу заўважыць, што работа па скарачэнні тэрмінаў навучання вялася ў сістэме прафесійнай адукацыі ўжо амаль два гады і была распачата яшчэ ў пазамінулым навучальным годзе, — паведаміў А.Д.Лашук. — За гэты час 78 навучальных устаноў прафесійнай адукацыі скарацілі тэрміны навучання па 60 спецыяльнасцях.
— Сёння мы прыйшлі да найбольш аптымальнага варыянта і скарацілі тэрміны навучання, — заўважыў Аляксандр Дзмітрыевіч. — Так, у прыватнасці, тым навучэнцам, якія вучыліся 1 год і 6 месяцаў, тэрмін навучання скарочаны да 1 года, а тыя, хто вучыўся два гады, будуць вучыцца да 1 года 6 месяцаў.
Такое скарачэнне адбываецца ў асноўным за кошт інтэграцыі кваліфікацый, па якіх вядзецца падрыхтоўка рабочых. Той, хто навучаецца на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, у адпаведнасці з кодэксам будзе мець магчымасць навучацца па асобных кваліфікацыях, спецыяльнасцях у памеры 6 месяцаў (раней мінімальны тэрмін быў адзін год). Такое ж змяненне па скарачэнні тэрміну навучання да 6 месяцаў па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі пры ўмове выканання адукацыйных стандартаў прафесійна-тэхнічнай адукацыі распаўсюджваецца і на тых навучэнцаў, якія паступілі ва ўстановы прафесійнай адукацыі пасля базавай школы і якія не атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, а таксама на тых, хто мае спецыяльную адукацыю. Напрыклад, навучэнец са спецыяльнай адукацыяй можа засвоіць адну простую кваліфікацыю за 6 месяцаў. Такая магчымасць даецца навучэнцам, але гэта хутчэй за ўсё не правіла, а выключэнне. Што тычыцца ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то ў ім таксама прадугледжана змяншэнне тэрмінаў навучання ад 2,5 да 4 гадоў на аснове агульнай базавай адукацыі (раней было ад 3 да 4 гадоў) і на аснове агульнай сярэдняй адукацыі ад 1,5 да 3 гадоў (раней было ад 2 да 3 гадоў).

З кодэкса выключаюцца дзве адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне кваліфікацыі спецыяліста і рабочага, інтэграваныя з адукацыйнымі праграмамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Таксама выключаецца адукацыйная праграма вышэйшай адукацыі, інтэграваная з адукацыйнай праграмай сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Аднак пры гэтым захоўваецца магчымасць навучання асоб, якія маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю, у скарочаныя тэрміны ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а тыя, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю, у скарочаныя тэрміны ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Скарачэнне тэрмінаў навучання будзе ажыццяўляцца за кошт інтэграцыі вучэбных праграм па вучэбных прадметах (дысцыплінах).

Аляксандр Дзмітрыевіч паведаміў, што вялася работа па вызначэнні відаў і тыпаў устаноў прафесійнай адукацыі. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі застаецца адзін тып устаноў — прафесійны ліцэй. Прафесійна-тэхнічныя вучылішчы існуюць толькі пры папраўчых установах МУС. Большая іх частка ўжо ператварылася, і астатнія ператвараюцца ў філіялы дзяржаўных устаноў адукацыі, якiя знаходзяцца на тэрыторыi папраўчых устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў, рэспубліканскіх унітарных вытворчых прадпрыемстваў Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, лячэбна-працоўных прафілакторыяў МУС. Прафесійна-тэхнічныя каледжы набудуць статусы каледжаў і будуць рэалізоўваць усе адукацыйныя праграмы прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама дадатковай адукацыі дарослых.
Што тычыцца змяненняў пры прыёме абітурыентаў ва ўстановы прафесійнай адукацыі, то яны неістотныя. Напрыклад, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі адменены ўступны іспыт па профілі “Архітэктура і будаўніцтва”, і толькі па профілі “Мастацтва і дызайн” на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі захоўваецца ўступны іспыт. Такім чынам спрашчаецца доступ моладзі для атрымання прафесійнай адукацыі.

У кодэксе плануецца ўдакладніць норму, згодна з якой пры залiчэнні ва ўстановы адукацыі для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі прадугледжваецца сума балаў па выніках здачы ўступных іспытаў па спецыяльнасці і сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыi, атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі альбо пасведчання аб спецыяльнай адукацыі.
Акрамя таго, А.Д.Лашук удакладніў норму аб тым, колькі павінна адводзіцца гадзін на вытворчае навучанне. Гэтая колькасць павінна складаць не менш чым 40 працэнтаў ад агульнай колькасці гадзін, якія адведзены на вывучэнне вучэбных прадметаў прафесійнага кампанента, а не на рэалізацыю ўсёй адукацыйнай праграмы, як было запісана раней. Тое ж змяненне тычыцца і ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і адпаведная норма прадугледжвае, што колькасць гадзін на практыку павінна складаць не менш чым 20 працэнтаў прафесійнага кампанента.
У артыкуле 178 кодэкса норма аб арганізацыі адукацыйнага працэсу будзе дапоўнена на двух узроўнях прафесійнай адукацыі вызначэннем паняцця “факультатыўныя заняткі”. “Факультатыўныя заняткі — заняткі, накіраваныя на павышэнне ў навучэнцаў цікавасці да вучэбных прадметаў, якія вывучаюцца, вучэбных прадметаў прафесійнага кампанента, паглыбленне іх зместу, актывізацыю пазнавальнай дзейнасці, інтэлектуальнае, духоўнае і фізічнае развіццё, падрыхтоўку да пачатку працоўнай дзейнасці і працягу адукацыі”.

У артыкулах 185 і 201 кодэкса, якія прысвечаны вучэбна-праграмнай дакументацыі адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выключаецца норма аб аднясенні тыпавых вучэбных планаў і тыпавых вучэбных праграм да тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Што тычыцца атэстацыі навучэнцаў, якія будуць навучацца ва ўстановах прафесійнай адукацыі, то іх чакае прамежкавая атэстацыя. Такім чынам, з уступленнем новага закона будуць рэалізоўвацца тры віды атэстацыі — бягучая, прамежкавая і выніковая. Натуральна, што заканадаўча будуць удакладнены ўсе віды атэстацыі, і ў правілах аб правядзенні атэстацыі будуць вызначаны ўмовы яе правядзення.
Таксама ў кодэксе будуць расшыфраваны і канкрэтызаваны ўмовы перарывання адукацыйных адносін паміж навучэнцамі і ўстановамі адукацыі. Будуць прапісаны ўсе тыя нормы, якія тычацца адлічэння навучэнцаў з установы адукацыі. Акрамя таго, на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўведзены абмежаванні па тэрмінах узнаўлення на вучобе навучэнца пасля адлічэння. Цяпер можна будзе аднавіцца на вучобе на працягу трох гадоў і не раней чым праз 8 месяцаў.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы А.І.Сягоднік узняў пытанне, якое тычыцца ўзаемадзеяння паміж навучальнымі ўстановамі і заказчыкамі кадраў. Як адзначалася, у заканадаўстве гэтыя стасункі замацаваны на ўзроўні дагавораў. Згодна з гэтым тая арганізацыя, якая заключыла дагавор аб узаемадзеянні з установай адукацыі пры падрыхтоўцы кадраў, прызнаецца базавай. Для вызначэння кірункаў дзейнасці ўстановы адукацыі і базавікоў створана палажэнне аб базавай арганізацыі. Але, як паказвае рэчаіснасць, усе існуючыя заканадаўчыя акты і нарматыўныя прававыя дакументы не заўсёды з’яўляюцца для работадаўцаў падставай для ўмацавання адносін з навучальнымі ўстановамі для больш якаснай, практыка-накіраванай прафесійнай падрыхтоўкі кадраў.
Як адзначыў Аляксандр Іванавіч, сёння арганізацыі і прадпрыемствы ўсвядомлена адмяжоўваюцца ад удзелу ў прафесійнай падрыхтоўцы, якая адбываецца ў навучальнай установе, не ўдзельнічаюць у складанні прагнозных паказчыкаў у падрыхтоўцы працоўных рэсурсаў для сацыяльна-эканамічнага комплексу. Сапраўды, усю сваю пасіўнасць работадаўцы тлумачаць тым, што яны рэгулярна за ўсё гэта плацяць падаткі ў дзяржаўную казну, а на самай справе перакладваюць свае абавязкі на іншых. Можна неяк зразумець тое, што заказчыкі кадраў не цікавяцца прафесійнай падрыхтоўкай у межах навучальнай установы. Але ўдвая недаравальна, калі прадпрыемства непасрэдна ў сябе на вытворчасці не можа дастойна арганізаваць вучэбную практыку для навучэнцаў, а ў далейшым стварыць спрыяльныя ўмовы для маладых рабочых і спецыялістаў, якія прыйшлі да іх працаваць.
— Мы часта сустракаемся з такімі выпадкамі, калі нашы работадаўцы дэманструюць абыякавасць да лёсу сваіх маладых рабочых, — паведаміла Святлана Пятроўна Максімовіч, дырэктар Мінскага ПТК швейнай вытворчасці. — Як вядома, задачай устаноў прафесійнай адукацыі з’яўляецца не толькі навучанне, але і выхаванне нашых навучэнцаў, сацыялізацыя іх у грамадстве, адаптацыя на вытворчасці. Але, мяркуючы па фактах, місія выхавання гэтых якасцей у маладых рабочых далей на вытворчасці наогул адсутнічае і зусім не ўласціва многім работадаўцам.

На жаль, існуюць такія выпадкі, калі выпускнікоў прафтэхустаноў кіраўнікі прадпрыемстваў звальняюць праз кароткі час пасля працаўладкавання за парушэнне працоўнай дысцыпліны, звычайна за прагул. Пры гэтым кіраўніцтва прадпрыемства не высвятляе прычын гэтага ўчынку і менавіта таго, чаму малады чалавек не змог прыжыцца ў рабочым калектыве і чаму ніхто не падаў яму руку дапамогі. А гэта недапушчальна ўвогуле і асабліва пры тым, што сёння рабочыя калектывы маюць шмат вакантных рабочых месцаў. І калі будзе такое стаўленне да маладых кадраў, наўрад ці ўдасца запоўніць гэты прабел у кадравым забеспячэнні нашай вытворчасці.

У час абмеркавання новага законапраекта ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да высновы аб замацаванні нормы аб адказнасці работадаўцаў за маладыя кадры.
Аляксандр Іванавіч Сягоднік звярнуў увагу і на тое, што ранейшая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі была істотна перагружана нормамі, якія ў большай меры маюць удакладняльны характар. Таму мэтазгодна было б зрабіць гэты дакумент у новай рэдакцыі больш лаканічным, што, безумоўна, прынясе карысць усім, хто будзе з ім працаваць, а гэта ўдзельнікі адукацыйнага працэсу і ўвогуле ўся наша грамадскасць.
Напрыканцы сустрэчы намеснік галоўнага рэдактара Вераніка Іванаўна Саламевіч падзякавала ўдзельнікам праведзеных пасяджэнняў, прысвечаных абмеркаванню новага законапраекта “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі” і выказала меркаванне, што нашы педагогі, якія з’яўляюцца чытачамі “Настаўніцкай газеты”, і ў далейшым гатовы прымаць актыўны ўдзел у заканатворчай дзейнасці для сістэмы адукацыі нашай краіны. Таму рэдакцыя чакае новых сустрэч.

 

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.