Тэрыторыя калектыўных творчых спраў

- 11:21Спецыяльная адукацыя

Педагогі спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы № 14 для дзяцей з парушэннем слыху Мінска пастаянна ўдзельнічаюць у гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсах, дзе дэманструюць свой прафесіяналізм, адзначаюцца граматамі і дыпломамі, прэміямі і грантамі Мінгарвыканкама. Напрыканцы мінулага года ўстанова атрымала дыплом І ступені на ІІ Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі” ў намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат)”. Разам з дырэктарам школы Наталляй Генадзьеўнай Краўчук мы разважаем аб тым, дзякуючы чаму ўстанова выйшла ў лідары адукацыі.

Трапіць у сваю стыхію

“Шчыра кажучы, мой прафесійны выбар быў выпадковым, а дакладней, не ў поўнай меры асэнсаваным. Яго зрабіў за мяне лёс, — успамінае Наталля Генадзьеўна. — Вучылася я на “выдатна” і пасля заканчэння школы планавала стаць юрыстам. Але не адважылася пайсці ва ўніверсітэт, дзе конкурс на юрыдычныя спецыяльнасці быў высокі. Старэйшая сястра парэкамендавала паступаць у педагагічны інстытут. Ідэя прыйшлася мне даспадобы, я падала дакументы на спецыяльнасць “Сурдапедагогіка”, мяне зацікавіла магчымасць вывучаць жэставую мову. Праз месяц навучання ў інстытуце зразумела, што трапіла ў сваю стыхію. Жэставую мову і дактылалогію пачала вывучаць з першых заняткаў. На 3 курсе я пайшла на выхаваўчую практыку ў 14-ю спецшколу, дзе заўсёды вучыліся дзеці з самымі цяжкімі слыхавымі і маўленчымі парушэннямі. На 4 курсе ўладкавалася ў гэтую ўстанову выхавальнікам. Сваіх падапечных палюбіла адразу, займацца з імі вельмі падабалася. Маўленчыя бар’еры былі пераадолены хутка, мы сталі актыўна кантактаваць. Пасля заканчэння інстытута па размеркаванні я ўладкавалася ў 13-ю школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху, дзе працавала спачатку настаўніцай пачатковых класаў, а пасля намеснікам дырэктара. Спецыяльную агульнаадукацыйную школу № 14 для дзяцей з парушэннем слыху ўзначаліла 10 гадоў назад, калі мне быў 31 год.

У якасці кіраўніка я прыйшла да людзей, якія ў свой час былі маімі настаўнікамі. Будучы студэнткай-практыканткай, я сама многаму вучылася ў іх. Некаторыя педагогі працуюць у школе з моманту заснавання — сёлета ўстанова адзначае 40-годдзе. Настаўнікі вышэйшай катэгорыі Д.Р.Ярмілаў, С.А.Казлоўская, Г.Н.Ясавеева, Н.А.Малочка, Ж.А.Бондар, М.П.Краўцова, У.Л.Аляксейчык, А.П.Макарэвіч працуюць у школе звыш 35 гадоў. Так ужо склалася, што маладыя спецыялісты, якія прыходзяць да нас, або застаюцца з намі надоўга, або хутка сыходзяць. Не ўсе прывыкаюць да сістэмы работы з дзецьмі з абмежаваннямі, якая пабудавана па дакладна акрэсленых правілах, калі на кожную сітуацыю прадугледжаны свае рэкамендацыі і свая методыка, якіх спецыяліст абавязаны прытрымлівацца”.

Першае, што здзіўляе, калі заходзіш у кабінет Наталлі Генадзьеўны, — тое, што ў яе няма прыёмнай, госць адразу трапляе да дырэктара. Калі ж прыходзіць чалавек з парушэннем слыху, то размова, як правіла, вядзецца на жэставай мове, асаблівасць якой у тым, што ў ёй няма імён па бацьку і звароту на “вы”. Таму госць пытаецца ў Наталлі Генадзьеўны прыкладна так: “Увайсці можна? Ты вольная?” У людзей з парушаным слыхам пры сустрэчы прынята абдымацца, гэта адна з форм сказаць адно аднаму аб сваёй добразычлівасці. Яны чытаюць людзей па выразе іх твараў, не ўспрымаюць няшчырасці і прыкладаюць максімум намаганняў для таго, каб быць пачутымі суразмоўцамі.

“Шчырая і даверлівая размова з людзьмі, якая штодня ў мяне бывае, — гэта непахіснае правіла майго жыцця, — адзначыла Наталля Генадзьеўна. — Калі абмеркаванне рабочых пытанняў, а таксама новых ідэй і праектаў адбываецца ў спакойнай нязмушанай атмасферы, у кожнага з’яўляецца магчымасць заявіць аб сабе, праявіць лепшыя здольнасці, падзяліцца каштоўнымі напрацоўкамі”.

Ствараць умовы для творчай дзейнасці

Час ідзе — мяняюцца дзеці, і педагогі школы імкнуцца быць сучаснымі, жыць інтарэсамі вучняў. Наталля Генадзьеўна ўпэўнена, што сёння недастаткова быць проста добрым настаўнікам і рэалізоўвацца ў вузкіх рамках свайго прадмета, працаваць па прынцыпе “кожны сам за сябе”. Кожны спецыяліст у школе — гэта камандны гулец. Кіраўнік і прадстаўнікі адміністрацыі павінны знаходзіцца не над калектывам, а ў цэнтры ўсіх падзей, якія ў ім адбываюцца. Асноўная справа кіраўніка — ствараць умовы для сумеснай творчай дзейнасці ўсіх педагогаў.

“Як аб’яднаць калектыў у каманду, дзе персанальнае дасягненне аднаго ўспрымаецца як агульнае калектыўнае? — разважае Наталля Генадзьеўна. — З самага пачатку праблемай для нас з’яўлялася нежаданне педагогаў дзяліцца сваімі ведамі і вопытам з калегамі ў інтарэсах іх паспяховых выступленняў на адказных мерапрыемствах і конкурсах. Для таго каб з’яднаць калектыў, мы правялі серыю псіхалагічных гульняў “Дом”, калектыўна стварылі калажы “Мой прафесійны свет”, “Востраў”, “Мы — каманда”, а таксама правялі рухавыя камандныя гульні “Форт Баярд”, “Просьба”, карпаратыўныя выезды. Мы пачалі прымяняць нетрадыцыйныя формы арганізацыі метадычнай работы з педагогамі. У школе з’явіліся новыя творчыя калектывы, эстэтычны савет, змяніўся змест работы савета ўстановы і яго склад, а таксама быў заключаны шэраг дагавораў аб супрацоўніцтве з пазашкольнымі ўстановамі дадатковай адукацыі. Была пераўтворана дзейнасць гурткоў “Фарба”, “Флора”, “Жэставыя спевы”, “Мяккая цацка”, “Клаўнада і цырк”. У гурткі пачалі хадзіць усе вучні, хто пажадае, незалежна ад узросту і здольнасцей. Самыя актыўныя і здольныя з іх — майстры, пачалі вучыць іншых дзяцей. Нашы творчыя аб’яднанні сёння адкрыты як для бацькоў, выхавальнікаў, так і для выпускнікоў школы. Бацькі, дарэчы, далучыліся да работы эстэтычнага савета, да супрацоўніцтва з літоўскім таварыствам PAGAVA, якое аб’ядноўвае сем’і, якія выхоўваюць дзяцей з парушэннем слыху.

Мы адышлі ад такіх традыцыйных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу, як аб’яднанні па інтарэсах, гурткі, секцыі, і перайшлі да стварэння творчых майстэрань па розных кірунках дзейнасці, кожную з якіх узначаліў настаўнік-майстар. Былі створаны творчыя майстэрні па нетрадыцыйных формах правядзення вучэбных заняткаў у пачатковых класах, па распрацоўцы навукова-даследчых праектаў па вучэбных прадметах і іншыя. Станоўчы вопыт работы такіх майстэрань дазволіў нам перайсці да стварэння часовых творчых калектываў, у якія педагогі пачалі аб’ядноўвацца з мэтай рэалізацыі пэўных праектаў. Некаторыя творчыя калектывы ўзнікалі ва ўзаемадзеянні з сацыяльнымі партнёрамі, з якімі школа заключае дагаворы. На працягу 2014—2017 гадоў было арганізавана 16 часовых творчых калектываў — для падрыхтоўкі пасяджэнняў педсаветаў і метадычных аб’яднанняў, тэатральных пастановак і жэставых мюзіклаў, прадметных тыдняў і вучэбных праектаў, для вылучэння і падтрымкі лідараў-педагогаў у разнастайных конкурсах, для напісання вучэбна-метадычных комплексаў, а таксама з мэтай падрыхтоўкі вучняў да міжнародных прадметных інтэрнэт-алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсу-фестывалю мастацкай творчасці выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў і спецыяльных школ “Вясёлкавы карагод” і г.д.”.

Работа часовага творчага калектыву па напісанні і падрыхтоўцы вучэбна-метадычнага комплексу дазволіла аўтарскаму калектыву педагогаў з поспехам прыняць удзел у конкурсе, аб’яўленым НІА, па стварэнні вучэбнага дапаможніка “Прадметна-практычнае навучанне” для 3, 4, 5 класаў спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннем слыху. Прадстаўлены рукапіс быў рэкамендаваны да выдання. Аўтарамі вучэбнага дапаможніка выдадзены таксама вучэбна-метадычны дапаможнік для педагогаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйную праграму спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Калектыў аўтараў у складзе Ж.А.Бондар, Н.А.Малочка, Н.Г. Краўчук быў узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі.

Арганізацыя часовага творчага калектыву па стварэнні гарадскога рэсурснага цэнтра аказання комплекснай дапамогі дзецям і моладзі з парушэннем слыху пасадзейнічала паспяховаму функцыянаванню цэнтра як структурнага падраздзялення спецыяльнай школы № 14 Мінска. У рэсурсным цэнтры прымяняецца тэхналогія ранняга суправаджэння дзяцей-кандыдатаў на кахлеарную імплантацыю. Творчы калектыў рэсурснага цэнтра (К.С.Бярозкіна, В.М.Гайдук) стаў уладальнікам гранта Мінгарвыканкама за перамогу ў конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. Тэхналогія ранняга суправаджэння дзяцей-кандыдатаў на кахлеарную імплантацыю адзначана дыпломам III ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (К.С.Бярозкіна, В.М.Гайдук, Т.І.Куцэнка).

Сумесны праект часовых творчых калектываў спецыяльных устаноў Беларусі і Літвы дазволіў забяспечыць адукацыйную і культурную сацыялізацыю дзяцей і моладзі з парушэннем слыху. За 2014—2017 гады былі рэалізаваны тры сумесныя праекты. Іх вынікам сталі выставы работ у абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна ў Мінску, у бібліятэцы А.Міцкевіча ў Вільні, выстава ў Пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, выстава фатаграфій у Сейме Літоўскай Рэспублікі. Былі выдадзены буклет і два календары. Кіраўнік праектаў Дзмітрый Рэмавіч Ярмілаў узнагароджаны падзякай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Неабходна адзначыць творчую майстэрню настаўніцы гісторыі Г.М.Ясавеевай, якая арганізавала навучэнцаў, бацькоў, выхавальнікаў на сумесную праектна-даследчую дзейнасць, накіраваную на вывучэнне гісторыі Беларусі. Кожны навучэнец, працуючы над пэўнай тэмай у рамках агульнага гістарычнага перыяду, ствараў макет, газету, ілюстраваную схему такім чынам, каб яны сталі звяном агульнага праекта. У канцы года яны прадстаўляюць свае міні-праекты ў іх лагічнай паслядоўнасці.

Творчая майстэрня “Вывучаем мову жэстаў” пад кіраўніцтвам настаўніцы мовы жэстаў Таццяны Аляксандраўны Шугай была створана з мэтай наладжвання камунікацыі паміж бацькамі, якія чуюць, і іх глухім дзіцём. У гэтай майстэрні бацькі выступаюць у ролі вучняў, а настаўнікамі жэставай мовы часта з’яўляюцца старшакласнікі. На занятках разыгрываюцца і мадэлююцца сітуацыі з жыцця, у якіх бацькі спантанна засвойваюць мову жэстаў. Зараз Таццяна Аляксандраўна разам са спецыялістамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі ажыццяўляе праект па стварэнні слоўніка (жэстаўніка) тэрмінаў, звязаных з інфарматыкай і камп’ютарнай графікай. Слоўнік ствараецца да міжнароднай выставы “ТІБО-2018”.

Стаць лепшым

Абагульнены вопыт работы часовых творчых калектываў быў прадстаўлены калектывам школы на ІІ Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”, за што ўстанова была ўзнагароджана дыпломам І ступені.

“Сёння з упэўненасцю магу сказаць, што нашы педагогі навучыліся перамогу калег або перамогу ўстановы ўспрымаць як сваю,— гаворыць Наталля Генадзьеўна. — Усё, што мы робім у школе, успрымаецца намі як калектыўная творчая справа. Калі педагогі прымаюць удзел у конкурсе на лепшае ўпрыгажэнне школы, то над агульнай канцэпцыяй работы, якая прадстаўляецца, працуе ўся ўстанова. Калі наша Паліна Кухарэнка, якая слаба чуе, рыхтавалася да ўдзелу ў сёлетнім гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў “Пазнанне і творчасць” з работай “Фразеалагічныя абароты ў мове жэстаў”, на дапамогу ёй прыйшлі ўсе нашы настаўнікі-філолагі і вучні старшых класаў. Паліна атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Роднае слова”, і радасць наша была агульнай.

Раней наш калектыў працаваў па прынцыпе “менш вопытныя педагогі павінны вучыцца ў больш вопытных, у настаўнікаў-зорак”. Сёння кожны з нас імкнецца мець дачыненне да поспеху калег. Калі наша Таццяна Іванаўна Куцэнка, а затым і Таццяна Аляксандраўна Шугай у розныя гады прымалі ўдзел у гарадскім конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, то над іх візітоўкай, майстар-класам днямі працавалі ўсе ў калектыве. Без усебаковай падтрымкі перамога педагогаў проста б не адбылася. Запаветныя дыпломы былі атрыманы, і свята адчувалася ў сэрцах усіх нашых супрацоўнікаў”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.