Тэрыторыя майстэрства: як конкурсны рух дапамагае ўдасканальваць падрыхтоўку педагагічных кадраў

- 10:03Новости

Аб ролі конкурснага руху ва ўдасканаленні падрыхтоўкі педагагічных кадраў і ўдзеле ў ім сталічнага педкаледжа карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала Вікторыя Паўлавец, намеснік дырэктара Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

На павышэнне прэстыжу прафесіі

— Экспертная супольнасць рэспуб­ліканскіх спаборніцтваў прафесійнага майстэрства РrofSkills Belarus папоўнілася яшчэ адным удзельнікам. Ім сталі вы, Вікторыя Віктараўна. Як атрымалі статус галоўнага эксперта па кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”? Увогуле, ці звязана ваша біяграфія з конкурсным рухам?

— Мая педагагічная дзейнасць пачыналася з пачатковай школы. Я скончыла БДПУ імя Максіма Танка, вучыла пачаткоўцаў у сталічнай школе, потым мне даверылі пасаду намесніка дырэктара, а пазней і дырэктара школы. Да конкурснага руху далучылася ў самым пачатку прафесійнага шляху, сама спрабавала свае сілы ў спаборніцтвах і рыхтавала ўдзельнікаў. Атрымала шмат асабістых узнагарод, і мае навучэнцы неаднаразова ўзнагароджваліся за выдатныя паказчыкі. Апошнія 5 гадоў маёй педагагічнай дзейнасці звязаны з Мінскім гарадскім педагагічным каледжам. Я прыйшла ва ўстанову менавіта ў той час, калі каледж ініцыіраваў увядзенне ў пералік кампетэнцый конкурсу прафесійнага майстэрства РrofSkills Belarus новай кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”. У сёлетнім спаборніцтве навучэнцы ўстаноў ССА педагагічнага профілю будуць дэманстраваць свае веды і навыкі ўжо трэці раз.

У каледжы я пачала займацца распрацоўкай конкурсных заданняў па гэтай кампетэнцыі, падрыхтоўкай канкурсантаў на ўзроўні гарадскіх і рэспубліканскіх спаборніц­тваў. Была экспертам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства РrofSkills Belarus — 2020 для адной з нашых канкурсантак Вікторыі Дабрагост, якая стала залатым прызёрам рэспубліканскага чэмпіянату. Падрыхтавала па гэтай кампетэнцыі і нашага выкладчыка Алесю Півавар. Яна была экспертам сярэбранага прызёра V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства.

— Як вы ацэньваеце ролю спаборніц­тваў ва ўдасканаленні педагагічнай адукацыі і ў прыватнасці пачатковай?

— У вызначэнні напрамкаў развіцця пачатковай адукацыі экспертная супольнасць адыгрывае вялікую ролю, бо тут сабраліся сапраўдныя прафесіяналы і абмяркоўваюцца перспектывы развіцця спецыяльнасці. Маючы вялікі багаж метадычных і педагагічных напрацовак, мы імкнёмся распрацаваць механізм удасканалення падрыхтоўкі будучых педагогаў. Таму пры распрацоўцы конкурсных заданняў уключаем тэмы, якія дазваляюць пашырыць змест навучання, сканцэнтраваць увагу на сучасных, найбольш эфектыўных напрамках педагагічнай дзейнасці. У іх ліку — функцыянальная адукаванасць, крэатыўнасць, крытычнае мысленне, навыкі зносін навучэнцаў, іх сацыяльныя навыкі. Акрамя таго, конкурсы спрыяюць павышэнню прэстыжу прафесіі педагога, пашыраюць магчымасці прафарыентацыйнай работы.

Сучасныя тэхналогіі

— Якія асновы педагогікі закладзены ў конкурсным заданні?

— Каб паспяхова выступіць на конкурснай пляцоўцы, навучэнцы павінны валодаць методыкай выкладання рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, вучэбнага прадмета “Чалавек і свет”. Пры правядзенні фрагмента вучэбных заняткаў, які ўваходзіць у конкурснае заданне, трэба ўмець укараняць сучасныя адукацыйныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, выкарыстоўваць новыя метады, формы і сродкі навучання і выхавання, метады кантролю ведаў, уменняў і навыкаў навучэнцаў. Вельмі важна ўмець праектаваць выхаваўчае асяроддзе, ствараць умовы для фарміравання грамадзянскасці, нацыянальнай самасвядомасці, маральнай, эстэтычнай, экалагічнай і эканамічнай культуры, сацыялізацыі і развіцця асобы вучня.

Неабходна забяспечваць выхаваўчы складнік вучэбных заняткаў, ажыццяўляць педагагічную асвету, узаемадзейнічаць з сям’ёй навучэнца.

— Чым напоўнены змест модуляў заданняў? У чым іх сутнасць?

— Па ўзроўні складанасці заданні разлічаны на лепшых з лепшых. У той жа час улічаны тэндэнцыі, якія існуюць у сярэдняй спецыяльнай адукацыі, акрэслены сучасныя падыходы, новыя формы і метады педагагічнай дзейнасці. Напрыклад, у модулі А канкурсант дэманструе ўменне публічна выступаць перад калегамі і законнымі прадстаўнікамі ў форме рэкламы метадычнага прыёму, раскрывае яго практычную значнасць, універсальнасць у адукацыйным працэсе.

У модулі Б трэба прадэманстраваць распрацоўку і правядзенне фрагмента ўрока на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце “Руская літаратура (літаратурнае чытанне)” з выкарыстаннем метадаў і прыёмаў фарміравання функцыянальнай адукаванасці. Сёння шмат увагі ўдзяляецца гэтаму напрамку. Функцыянальная адукаванасць — гэта здольнасць выпускніка ўстановы адукацыі выкарыстоўваць атрыманыя веды на практыцы — у рабоце і ў жыцці. У якасці асноўных зместавых складнікаў такой адукаванасці выдзелены наступныя кампаненты: чытацкая, матэматычная, прыродазнаўчая, фінансавая, камп’ютарная адукаванасць, крэатыўнае мысленне, глабальныя кампетэнцыі. На ўроку рускай літаратуры (літаратурнага чы­тання) выкарыстанне пэўных прыёмаў і метадаў павінна быць скіравана на функцыянальную адукаванасць, важнае значэнне маюць заданні на пошук і вылучэнне інфармацыі, устанаўленне прычынна-выніковых сувязей, фармуляванне высноў на аснове фактаў, якія ёсць у прадстаўленым тэксце. Самы высокі ўзровень сфарміраванасці функцыянальнай адукаванасці можна вызначыць у заданні, якое падразумявае інтэрпрэтацыю і інтэграцыю інфармацыі.

Функцыянальная адукаванасць павінна быць адлюстравана ва ўсіх модулях задання. Так, пры стварэнні інфармацыйнага буклета для педагагічнай асветы бацькоў навучэнцаў 1—4 класаў на аснове прапанаванага тэксту канкурсантам неабходна праявіць чытацкую дасведчанасць, выб­раць з тэксту інфармацыю ў адпаведнасці з патрабаваннямі конкурснага задання такім чынам, каб гэтая інфармацыя была даступнай для бацькоў. Адзін з самых важных модуляў — падрыхтоўка і правя­дзенне фрагмента мерапрыемства па адным з напрамкаў выхавання (ідэалагічнае, сямейнае, гендарнае, выхаванне культуры бяспекі жыццядзейнасці). Канкурсанты павінны выкарыстоўваць разнастайныя метады і прыёмы арганізацыі выхаваўчай работы як на мерапрыемствах, так і непас­рэдна ў вучэбнай дзейнасці.

Сучасны ўрок не можа абысціся і без выкарыстання інтэрактыўных метадаў навучання, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і павінен праводзіцца ў сугуччы з актуальнымі метадамі выхавання.

Конкурс матывуе будучых педагогаў да бесперапыннага прафесійнага ўдасканалення, выяўляе адораных навучэнцаў, стварае ўмовы для раскрыцця іх таленту, прафесійных і арганізатарскіх здольнасцей.

Шчодры тыдзень

— Вядома, што Мінскі гарадскі педагагічны каледж кожны тыдзень ператвараецца ў маштабную праектную пляцоўку…

— Асоба настаўніка для навучэнцаў пачатковых класаў з’яўляецца прыкладам сапраўднага грама­дзяніна. Каб падрыхтаваць сучаснага педагога, у каледжы створана асаблівае адукацыйнае асяроддзе. Тут кожны дзень шчодры на новыя веды і навыкі, незабыўныя ўражанні і эмоцыі.

Пагартаем старонкі календара. Першы дзень тыдня — праект  “Беларускамоўны панядзелак”. Навучэнцы і педагогі імкнуцца размаўляць на роднай мове не толькі ў рамках вучэбнага працэсу, але і ў астатні час. Усе беларускамоўныя мерапрыемствы распрацоўваюцца і арганізоўваюцца самімі навучэнцамі. Гэта гульні, квесты, літаратурныя і тэатральныя гасцёўні і інш.

У аўторак рэалізуецца праект “Музычны аўторак”: навучэнцы праводзяць музычныя перапынкі, спяваюць і танцуюць на імправізаванай сцэне, развучваюць музычныя гульні.

Праект “Валанцёрская серада” накіраваны на ўвядзенне ў прафесію першакурснікаў. Праект мае два напрамкі. Першы — гэта работа ў педагагічных майстэрнях, дзе куратары 1 курса праводзяць заняткі з навучэнцамі, каб навучыць іх арганізоўваць мерапрыемствы прадоўжанага дня, напрыклад, выхаваўчага, забаўляльнага характару, ства­раць сцэнарыі пазакласных мерапрыем­стваў. Другі напрамак серады — наведванне ўстановы адукацыі і правядзенне ў групах прадоўжанага дня разнастайных мерапрыемстваў. Анкетаванне навучэнцаў на тэму прафесійнай адаптацыі пацвер­дзіла, што першакурснікі аднадушна ўхвалілі праект “Валанцёрская серада” і выказаліся за яго пашырэнне. Праект патрэбны, цікавы і дазваляе навучэнцам пабыць у ролі педагога ўжо ў пачатку вучобы. Таксама ў сераду ў каледжы рэалізуецца праект “АРТ-серада”. Мерапрыемствы накіраваны на тых навучэнцаў, якія выбралі спецыяльнасць “Педагагічнае суправаджэнне” з кваліфікацыяй “выхавальнік”. Пасля заканчэння вучобы яны будуць працаваць у групе прадоўжанага дня і аказ­ваць індывідуальнае суправаджэнне дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у асноўным з расстройствамі аўтыстычнага спектра. У рамках гэтага праекта навучэнцы спасцігаюць асаблівас­ці работы з такой катэгорыяй дзяцей, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў выяўленчага мастац­тва. Сёлета пройдзе першы выпуск такіх спецыялістаў.

У чацвер праводзяцца інфармацыйныя гадзіны, падрыхтаваныя самімі навучэнцамі, а ў пятніцу — заняткі па пашырэнні прававых ведаў. Не так даўно стартаваў яшчэ адзін праект — “Краязнаўчая субота”. Навучэнцы 3 курса распрацоўва­юць рэкламныя буклеты, у якіх змяшчаюцца маршруты экскурсій, цікавая інфармацыя пра гістарычныя і прыродныя аб’екты, жывапісныя мясціны нашай краіны.

У каледжы дзейнічае клуб “П³ ФАРМАТ: педагог — патрыёт — прафесіянал” — гэта прафесійная супольнасць аднадумцаў.

Клуб — тэрыторыя патрыятычнага выхавання моладзі, дзе прахо­дзяць дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы са знакамітымі асобамі і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на выхаванне падрастаючага пакалення.

Ала КЛЮЙКО
Фота з асабістага архіва В.ПАЎЛАВЕЦ