Тэрыторыя навагодніх забаў

- 10:49Нашы дзеці

У гэтыя перадсвяточныя дні як ніколі многа запальваецца іскрынак у дзіцячых вачах і з’яўляецца дзіцячых усмешак. Таму што менавіта для нашых дзяцей адбываецца зараз безліч цудаў. Самым маштабным цудам і падарункам для маленькіх жыхароў Мінскай вобласці стала абласное навагодняе свята, што прайшло ў Слуцку.

Абласное дабрачыннае свята “Тэрыторыя навагодніх забаў” стала кульмінацыяй акцыі “Нашы дзеці” на Міншчыне. У Слуцк на Галоўную ёлку вобласці з усіх раёнаў прыехалі больш за 600 хлопчыкаў і дзяўчынак: дзеці-сіроты, дзеці з мнагадзетных, малазабяспечаных і прыёмных сем’яў, пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, актывісты дзіцячага і маладзёжнага руху.

У казачную і вясёлую атмасферу дзеці траплялі, як толькі выходзілі з аўтобусаў. На цэнтральнай плошчы Слуцка іх сустракалі персанажы любімых казак, а сама плошча ператварылася ў маштабны гульнявы квест “Тэрыторыя навагодніх забаў”. Кожная дэлегацыя атрымала карту падарожніка і рухалася ад станцыі да станцыі, выконваючы цікавыя і вясёлыя заданні. Хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі на станцыях, дзе выпрабаванні ім падрыхтавалі не толькі Дзед Мароз, Снягурка, Баба Яга і іншыя казачныя героі, але таксама і прадстаўнікі МНС і ДАІ, якія ў забаўляльнай форме нагадалі, што свята павінна быць яшчэ і бяспечным. Вялікім попытам карысталіся шматлікія навагоднія фотазоны, дзе амаль кожны зрабіў сэлфі або здымак з сябрамі на памяць.

Сюрпрызы і забавы прадоўжыліся ў фае Дома культуры. Тут ладзіліся майстар-класы, дзе дзеці размалёўвалі навагоднія сувеніры, малявалі навагоднія сюжэты з дапамогай нетрадыцыйных матэрыялаў. Таксама тут можна было ўбачыць неверагодныя фокусы крыа-шоу і шоу мыльных бурбалак. Святочны навагодні паказ сабраў усіх гасцей свята ва ўтульнай зале. З найлепшымі пажаданнямі да дзяцей звярнуўся Віктар Іванавіч Сірэнка, намеснік старшыні Мінаблвыканкама. Прадстаўнікі Мінаблвыканкама, упраўлення адукацыі і іншыя ганаровыя госці ўручылі дзецям салодкія навагоднія падарункі.

Навагодняя пастаноўка запрасіла дзяцей у чароўную казку — загадкавую, захапляльную і непрадказальную, у якой дабро абавязкова перамагае зло. І кожны пакідаў святочны Слуцк не толькі з падарункам, але і з верай у цуды.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.