Салігорскі раён па праве можна назваць адным з флагманаў Міншчыны, якім ганарацца, на які раўнуюцца і імкнуцца пераняць вопыт, бо ўся работа тут накіравана менавіта на канчатковы вынік. Два гады запар установы адукацыі гэтага рэгіёна ўваходзяць у лік лепшых устаноў рэспублікі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання (гімназіі №№ 1, 2, 3, сярэднія школы №№ 4, 5, 11 Салігорска). Па выніках 2013 года гімназія № 1 Салігорска занесена на рэспубліканскую Дошку гонару. Сярод дасягненняў вучняў — перамогі на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, шматлікіх міжнародных конкурсах.
Пра тое, над чым сёння працуюць педагогі Салігоршчыны, якія задачы з’яўляюцца для іх прыярытэтнымі, наш карэспандэнт гутарыць з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Салігорскага райвыканкама Ігарам Аляксандравічам ЦЫБУЛЬКАМ.
— Для сістэмы адукацыі Салігорскага раёна ў 2015/2016 навучальным годзе адной з прыярытэтных задач з’яўляецца стварэнне аптымальнай адзінай адукацыйнай сістэмы за кошт увядзення профільнай і дапрофільнай адукацыі, якая забяспечвае магчымасць выбару навучэнцамі індывідуальнай адукацыйнай траекторыі. Працягваецца работа па захаванні бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў ва ўстанове, па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Педагагічныя калектывы раёна імкнуцца стварыць умовы для выхавання рознабакова развітой, творчай асобы праз сумесную партнёрскую дзейнасць установы адукацыі і законных прадстаўнікоў непаўналетніх.
На базе ўстаноў адукацыі сёлета рэалізуюцца інавацыйныя праекты Міністэрства адукацыі: укараненне тэхналогіі фарміравання праектных уменняў у навучэнцаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі сродкамі набору “Лега” (сярэднія школы № 4 і № 5 Салігорска), укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных навучэнцаў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі (гімназія № 3 Салігорска). Ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць у сярэдніх школах № 1, № 14 Салігорска па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі. Працягваецца рэалізацыя праекта “Электронная школа” ў межах праграмы пашыранай інфарматызацыі школ нашай краіны разам з РУП “Белтэлекам” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі (у сярэдняй школе № 4 Салігорска), інтэрактыўнага адукацыйнага анлайн-праекта “Чытанне з Web 2.0. Раман з тэкстам” (сярэдняя школа № 5).
Першая чвэрць навучальнага года была адметна перш за ўсё разнастайнымі поспехамі, якіх дасягнулі нашы настаўнікі і навучэнцы як на ўзроўні вобласці, так і на міжнароднай арэне. Дыпломам І ступені IV Міжнароднага конкурсу настаўнікаў “Педагагічнае натхненне” адзначана педагог-псіхолаг Старобінскай сярэдняй школы Салігорскага раёна Алена Мікалаеўна Пашук. На IV Міжнародным інтэрнэт-конкурсе “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Салігорска Нэлі Веньямінаўна Журавель была адзначана дыпломам ІІІ ступені. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Салігорска настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Іванаўна Волкава стала пераможцай Міжнароднага конкурсу “Лепшы настаўнік рускай славеснасці замежжа” ў 2 намінацыях. Дасягнулі поспехаў на Усерасійскай дыстанцыйнай алімпіядзе па рускай мове імя Кірыла і Мяфодзія і выхаванцы А.І.Волкавай Глеб Зямскоў і Вольга Волкава. Яны сталі ўладальнікамі дыпломаў І ступені. На IV Міжнародным фестывалі дзяцей і моладзі “Бераг адкрыццяў” навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўніцы матэматыкі гімназіі № 1 Салігорска Ксеніі Георгіеўны Гоглевай атрымалі 2 дыпломы І ступені, дыплом ІІ ступені і 3 дыпломы ІІІ ступені.
— Як адпачылі дзеці Салігоршчыны на канікулах? Чым былі заняты?
— У перыяд асенніх канікул на базе 15 устаноў адукацыі, 3 устаноў дадатковай адукацыі для 1020 выхаванцаў была арганізавана работа 18 аздараўленчых лагераў, кожны з якіх працаваў над рэалізацыяй розных праектаў. Так, гімназія № 3 Салігорска, рэалізуючы праект “Выбіраем бяспеку!”, ставіла задачу стварэння бяспечных умоў адпачынку дзяцей, навучання навыкам бяспечных паводзін. Сярэдняя школа № 3 Салігорска працавала па шматпланавай праграме “Тэрыторыя SuperKIDS. Асенняя старонка”, мэтай якой было стварэнне ўмоў для паўнацэннага адпачынку, умацавання здароўя і рэалізацыі творчых і спартыўных магчымасцей дзяцей і падлеткаў. Праект “Каб не было бяды” сярэдняй школы № 11 Салігорска дазволіў сфарміраваць у дзяцей усвядомленыя і адказныя адносіны да выканання правіл проціпажарнай бяспекі, а таксама веды, уменні і навыкі, неабходныя для дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях.
Традыцыйна школьнікі раёна вывучаюць родную краіну праз экскурсійныя паездкі. Больш за 600 дзяцей у перыяд канікул пабывалі за межамі раёна, у карце падарожжаў — Мінск, Брэст, Гродна, Тураў, Белавежская пушча. У канікулярны перыяд дзеці таксама з задавальненнем займаліся ў цэнтры бяспекі дарожнага руху, створаным пры падтрымцы ДТСААФ у сярэдняй школе № 1 Салігорска.
— Больш поўна ўлічваць інтарэсы і здольнасці навучэнцаў дазваляе профільнае навучанне. Наколькі эфектыўна працуюць у раёне профільныя класы?
— З 1 верасня ў 22 класах 12 устаноў адукацыі на трэцяй ступені арганізавана профільнае навучанне з агульным ахопам 461 навучэнец (54,7%). Работа арганізавана па трох мадэлях у адпаведнасці з адукацыйнымі запытамі навучэнцаў і магчымасцямі кожнай установы. Стабільнаму пачатку навучальнага года садзейнічала карпатлівая папярэдняя работа, праведзеная аддзелам адукацыі і ўстановамі. У трох установах арганізавана работа профільных педагагічных груп з агульным ахопам 24 навучэнцы. Дадаткова арганізавана работа міжшкольных факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” для 10 навучэнцаў іншых устаноў. Работа будуецца на дамоўленасцях з БДПУ імя Максіма Танка. Працягваецца супрацоўніцтва школ і з іншымі ўстановамі вышэйшай адукацыі: БНТУ, БДЭУ, БДУ, БДМУ. Асаблівую ўвагу ў гэтым навучальным годзе мы ўдзялілі і дапрофільнай падрыхтоўцы: гэта і прыцягненне ўстаноў дадатковай адукацыі (эколага-біялагічны цэнтр), і ўнясенне дапаўненняў у дагаворы з установамі сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
— Якія пытанні вас як начальніка аддзела адукацыі хвалююць сёння ў першую чаргу? Што трэба зрабіць для іх вырашэння?
— Важным лічу арганізацыю стабільнай работы аддзела і ўстаноў адукацыі ў новых эканамічных умовах. З 2015 года 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі перайшлі на фінансавую самастойнасць. Сярэдняя школа № 14 Салігорска ўключана ў пілотны праект па апрабацыі механізма нарматыўнага фінансавання. Плануем гэтую работу працягваць. Сярод значных задач аддзела — завяршэнне капітальнага рамонту корпуса пачатковай школы ў Старобіне, замена аўтобусаў для падвозу навучэнцаў у сельскай мясцовасці і інш. Усе праблемы ў раёне вырашаюца планамерна і паслядоўна.
— Вялікі дзякуй за гутарку. Поспехаў у рэалізацыі задуманага!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.