Тэрыторыя талерантнасці

- 12:13Выхаваўчая прастора

Сучаснае дзіця павінна правільна прымаць і разумець узаемасувязь і ўзаемазалежнасць усіх і кожнага, хто жыве на планеце, разумець і паважаць звычаі, погляды і традыцыі іншых людзей, знаходзіць сваё месца ў сучасным грамадстве, нікому не робячы шкоды і не ўшчамляючы правы іншых. З чаго пачынаць выхаванне талерантнасці? Мы пачалі з раённай дзіцячай бібліятэкі.

Праблема культуры зносін — адна з самых вострых у школе, ды і ў грамад­стве ў цэлым. Часам складваецца меркаванне, што майстэрства зносін — гэта дар, якім валодаюць самыя таленавітыя. Усіх астатніх трэба вучыць. Ву­чыць дыялогу, уменню слухаць, чуць, разумець, не маніпуляваць і не прымя­няць насілля да партнёра па зносінах. Важна быць цярпімымі адно да аднаго, што вельмі няпроста.

Талерантнасць — гэта тоненькі праменьчык святла, праменьчык разумення і ўзаемнай павагі, праменьчык цярплівасці і вытрымкі. І каб ён стаў вялікім яркім сонцам, неабходна, каб кожны чалавек навучыўся яго бачыць, асабліва калі той, хто ідзе побач, адрозніваецца ад цябе, мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця.

Нядаўна, напярэдадні Міжнароднага дня талерантнасці, мы з дзецьмі класа адправіліся для правядзення класнай гадзіны “У нас адзіная планета, у нас адзіная сям’я” ў раённую дзіцячую бібліятэку, якая і паслужыла нам тэрыторыяй талерантнасці.

Не ўсім знаёма было гэтае слова і гучала, на першы погляд, зусім не зразумела. Але нам дапамог тлумачальны ­слоўнік С.І.Ожагава, а таксама супрацоўнікі бібліятэкі. Удакладніла гэтае паняцце Любоў — галоўная гераіня “Казачкі пра шчасце”. Менавіта на выбранай намі тэрыторыі дзіцячыя мастацкія творы і іх героі падказалі юным наведвальнікам прыметы талерантных паводзін у жыцці дзяцей. Праглядаючы асобныя сюжэты мультфільмаў па творах вядомых дзіцячых пісьменнікаў, школьнікі аналізавалі ўчынкі герояў, наўзахваткі выказвалі свае меркаванні.

У той дзень тэма талерантнасці знайшла працяг і ў школе — на ўроку працоўнага навучання. Дзеці, працуючы ў групах, вырабілі з паперы прыгожыя сэрцайкі і падарылі іх адно аднаму ў знак прымірэння і сяброўства.

Аднак, на думку маіх калег, толькі цеснае су­працоўніцтва адукацыйных арганізацый і сям’і здольна стварыць адзінае выхаваўчае асяроддзе, якое дазволіць дасягнуць высокіх вынікаў па маральным, талерант­ным выхаванні дзяцей.

І калі члены сям’і не пры­­маюць талерант­насць як уласную ўнутраную ўстаноўку, то і дзіця не бу­дзе гатова пры­маць іншых такімі, якія яны ёсць. Таму мы, педагогі, праводзім бацькоўскія суботы, баць­коўскі ўсенавуч. У суботу, падчас сустрэчы з татамі і мамамі, мы таксама пагаварылі пра фарміраванне талерантных паводзін у сям’і. Змест відэароліка “Мы розныя, але мы разам”, гульня-трэнінг “Вазьму з сабой” пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы з важнымі якасцямі талерантнай асобы. Працуючы ў групах, бацькі разгледзелі практычныя ­сітуацыі вырашэння канфліктаў у сямейным выхаванні дзяцей з пазіцыі талерантнасці. Кожны з бацькоў атрымаў памятку і анкету, запоўніўшы якую ў сям’і, кожны зможа па­дзяліцца пачутым, падыскутаваць.

У нашым горадзе жыве многа цыган, дзеці якіх наведваюць звычайныя агульнаадукацыйныя школы. У маім класе таксама навучаюцца дзеці цыганскай нацыянальнасці. Каб не дапусціць негатыўных псіхалагічных і камунікатыўных сітуацый у дзіцячым калектыве, праводзяцца сумесныя мерапрыемствы для навучэнцаў класа і іх бацькоў: майстар-класы, круглыя сталы. Прысутнасць бацькоў-цыган заахвочваю словамі падзякі, агульнапрынятымі знакамі ўвагі. Гэта дапамагае выхаваць рэальныя навыкі талерантных паводзін у класным калектыве..

Тэст для бацькоў

“Ці спрабуеце вы зразумець сваё дзіця?”

З трох адказаў на кожнае пытанне выберыце адзін, потым палічыце, якіх адказаў больш за ўсё — а, б, в.

  1. Дзіця капрызнічае. Не есць суп, хаця заўсёды ела. Вы:

а) дадзіце яму іншую страву;

б) дазволіце выйсці яму з-за стала;

в) не выпусціце яго з-за стала да той пары, пакуль не з’есць усё.

  1. Ваша дзіця ў двары “крута” пасварылася з равеснікамі. Вы:

а) ідзяце ў двор і разбіраецеся з дзецьмі;

б) раіце дзіцяці самому ўладзіць канфлікт;

в) прапануеце застацца дома.

  1. Ваша дзіця глядзіць фільм замест таго, каб рабіць урокі. Вы:

а) пачняце яго лаяць, крычаць на яго;

б) паспрабуеце высветліць, чаму яно не робіць урокі, магчыма, сядзеце побач і разбераце разам з ім дамашняе заданне;

в) без слоў выключыце тэлевізар.

  1. Ваша дзіця схавала ад вас атрыманыя “двойкі”. Вы:

а) вы ў гневе і за “двойкі”, і за іх утойванне, забараняеце ўсё, акрамя ўрокаў;

б) спрабуеце дапамагчы выправіць становішча;

в) фізічна ці як-небудзь інакш караеце дзіця.

  1. Ваш сын (дачка) значна пазней за назначаны час вярнуўся (лася) дадому. Вы:

а) не высветліўшы прычыны, пачынаеце лаяць яго;

б) абмяркуеце тое, што здарылася, высветліце, чаму затрымаўся, і дамовіцеся, што надалей спазненняў не будзе;

в) пакараеце.

Пад кожнай літарай прачытайце меркаванне пра сябе.

  • а — тып аўтарытарных бацькоў, якія мала давяраюць свайму дзіцяці, мала разумеюць яго патрэбы.
  • б — тып бацькоў, якія прызнаюць права дзіцяці на асабісты вопыт, нават памылкі і спрабуюць навучыць яго адказваць за сябе і свае ўчынкі.
  • в — тып бацькоў, якія не спрабуюць зразумець дзіця, асноўным іх метадам выхавання з’яўляецца ганьбаванне і пакаранне.

Тэрэза КАНАНОВІЧ,
класны кіраўнік інтэграванага 3 “Б” класа сярэдняй школы № 3 Ашмян.