Тэрыторыя творчасці

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска — незвычайнае месца. Тут заўсёды пануе атмасфера творчасці, пошуку, здзяйсненняў. Сюды амаль штодня з энтузіязмам бягуць тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Без перабольшання, для кожнага з вучняў цэнтр — месца, дзе спраўджваюцца іх мары. Тут можна адчуць сябе артыстам, вынаходнікам, інжынерам, мастаком… Знайсці тую справу, якая можа стаць асновай ужо дарослага жыцця.

Здзяйсняюць дзіцячыя мары, адпавядаюць інтарэсам падрастаючага пакалення ў Цэнтры дадатковай адукацыі на працягу ўжо 75 гадоў. Менавіта столькі доўжыцца гісторыя ўстановы.

— Наша навучальная ўстанова ўзнікла як Палац піянераў. З моманту адкрыцця гэта заўсёды была тэрыторыя творчасці, тэрыторыя захопленых дзіцячых вачэй. За дзесяцігоддзі нічога не змянілася. Як раней, так і цяпер наша ўстанова напоўнена аўрай дабрыні, любові, дружбы. Мы імкнёмся, каб, наведваючы цэнтр, дзеці не толькі асвойвалі пэўнае майстэрства, займаліся заняткамі па інтарэсах, але і набывалі важныя асабістыя якасці, засвойвалі асноўныя жыццёвыя каштоўнасці, — паведаміла дырэктар Т.У.Зайцава.

Паводле яе слоў, навучэнцы, іх захапленні, запыты — галоўны прыярытэт у дзейнасці цэнтра. Сёння ва ўстанове функ­цыянуе звыш 100 відаў аб’яднанняў па інтарэсах. Тут захавалі ўсе класічныя напрамкі, а таксама з улікам сучасных рэалій практычна штогод адкрываюць новыя гурткі.

— У гэтым навучальным годзе мы набралі для навучання 368 груп, у якія залічаны 3685 навучэнцаў. Адукацыйныя праграмы рэалізуюцца па розных профілях. Так, мастацкі прапануе навучанне вакальнай творчасці, харэаграфіі, тэатральнай творчасці і акцёрскаму майстэрству, музычнаму выкананню. У фізкультурна-спартыўны профіль уваходзяць гурткі па шашках, шахматах, атлетычнай гімнастыцы, каратэ, таэквандо, більярдзе, валейболе, АФП з элементамі гульнявога спорту, футболе. Тэхнічны профіль уключае выпілоўванне лобзікам, радыёканструяванне, а спартыўна-тэхнічны — картынг, авіямадэльны і суднамадэль­ны гурткі. Зараз сярод навучэнцаў вельмі папулярныя аб’яднанні прыродазнаўча-матэматычнага і грамадска-гуманітарнага профілю. Дзеці з задавальненнем вучацца робататэхніцы, камп’ютарнай анімацыі, асновам камп’ютарнай пісьменнасці, журналістыцы, англійскай мове. Пералік адукацыйных паслуг у нас вельмі шырокі. І важна, што мы ўвесь час яго мяняем ці дапаўняем з улікам павеваў часу. Напрыклад, сёлета былі адкрыты такія гурткі, як экалагічная творчасць, сеткавыя тэхналогіі, лічбавае маляванне. Мы таксама ўлічваем запыты дзяцей і іх бацькоў. Вялікім попытам карыстаюцца гурткі па адаптацыі і сацыялізацыі дзяцей 2—3 гадоў, школа ранняга развіцця, — расказала Таццяна Уладзіміраўна.

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сапраўды сучасная ўстанова, якая працуе ў інавацыйным рэжыме. Педагагічны калектыў тут нястомна займаецца ўдасканаленнем вучэбнага працэсу і якасці адукацыі.

— Сённяшні цэнтр — гэта больш за 100 педагогаў, кожны з якіх выключны прафесіянал у сваёй справе. Усе педагогі разумеюць, наколькі імкліва мяняюцца свет і адукацыйныя тэхналогіі, таму яны пастаянна займаюцца ўдасканаленнем свайго майстэрства. Большая частка нашага калектыву — педагогі з вышэйшай або першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, — адзначыла Т.У.Зайцава.

Ёсць у цэнтры і такія педагогі, якія прысвяцілі рабоце ва ўстанове доўгія гады жыцця. Сярод іх — педагог па класе домры Наталля Эдуардаўна Беразоўская, кіраўнік узорнага аркестра народных інструментаў “Сувенір” Таццяна Іванаўна Шакірава, педагог студыі “Палітра” Ядвіга Віктараўна Жураўлёва. Шматгадовая плённая праца, дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення гэтых педагогаў былі неаднаразова адзначаны на самым высокім узроўні.

— Нашы педагогі вельмі годна выступаюць на конкурсе прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі”. Алена Аляксандраўна Канойка і Юлія Валер’еўна Прохарава з’яўляюцца пераможцамі, Настасся Сяргееўна Тарасенка — прызёрам гэтага прафесійнага спаборніцтва. Алег Аляксандравіч Шкурко прадстаўляў вобласць на аналагічным конкурсе ў краіне. І гэта дасягненні толькі апошніх некалькіх гадоў, — расказала Таццяна Уладзіміраўна.

Творчыя педагогі прыводзяць да поспеху і сваіх выхаванцаў. Дасягненні навучэнцаў цэнтра — яркае пацвярджэнне гэтага. За мінулы навучальны год імі заваявана 338 прызавых дыпломаў у конкурсах і спаборніцтвах міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Сярод найбольш значных перамог — абсалютнае лідарства ў першынстве краіны па шашках, турніры па панкратыёне ў гонар Дня абаронцаў Айчыны, першыя месцы ў рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаЁлка”, у чацвёртым этапе Кубка па адукацыйнай робататэхніцы, прызавыя месцы ў рэспубліканскай спартакія­дзе па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”. Навучэнцы цэнтра станавіліся пераможцамі фінальнага этапу рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, гран-пры рэспубліканскай шоу-праграмы “Фестываль мастацтва”, рэспубліканскага творчага конкурсу “Крылатая пяхота”, Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў, рэспубліканскага конкурсу “Ратавальнікі вачамі дзяцей”, фестывалю-конкурсу дзіцячай журналістыкі “СТАРТ”, рэспубліканскага конкурсу JoniorSkills Belarus і шматлікіх іншых прэстыжных спаборніцтваў.

— Значна, што такіх поспехаў нашы навучэнцы дасягаюць штогод. Напэўна, таму, што ўвесь педагагічны калектыў сваёй галоўнай задачай бачыць усебаковае развіццё кожнага дзіцяці, раскрыццё яго здольнасцей. Важна таксама падтрыманне цікавасці дзяцей да заняткаў, да ўстановы. І тут трэба ўмець адпавядаць выклікам часу, не баяцца ўкараняць інавацыі і будаваць работу ў новых рэаліях, — адзначыла Т.У.Зайцава.

Па яе словах, у гэтым годзе ва ўмовах пандэміі цэнтр адным з першых перайшоў на арганізацыю навучання дыстанцыйна і ў анлайн-рэжыме. Педагог Яўген Аляксандравіч Смірноў распрацаваў і правёў для калег экспрэс-курс “Асновы тэлекамунікацыйных тэхналогій. Арганізацыя дыстанцыйнага навучання”. Удзельнікі курса па­знаёміліся з асновамі вядзення заняткаў у анлайн-рэжыме, стварылі Google-акаўнты, даведаліся пра магчымасці выкары­стання Google-дыска, набылі практычныя навыкі для вядзення анлайн-урокаў, арганізацыі вэб-канферэнцый, анлайн-кансультацый у праграмах Zoom, Discort, Hangouts, навучыліся ствараць тэсты і апытанні ў дадатку Google-тэст і навучыліся прымяняць атрыманыя веды ва ўласнай працы ва ўстанове дадатковай адукацыі.

Улетку ў цэнтры разам з традыцыйнымі формамі аздараўлення ўпершыню арга­ні­завалі работу віртуальнай пляцоўкі “Цэнтрыфуга”. Пляцоўка была заклікана задаволіць бацькоўскі запыт на заня­тасць дзяцей у сітуацыі сацыяльнага дыстанцыявання. І педагогі цэнтра справіліся з пастаўленай задачай. Для ўсіх жадаючых імі было праве­дзена 58 прамых эфіраў у пра­граме Zoom, выкладзены 592 відэаролікі на афіцыйным канале YouTube, а таксама зроблена звыш 200 публікацый на афіцыйнай старонцы ў сацыяльнай сетцы Instagram.

— Для арганізацыі работы “Цэнтрыфугі” мы стварылі моцны адукацыйны, выхаваўчы, творчы і пазітыўны кантэнт. Кантэнт эфіраў быў вельмі разнастайны. Абавязковае навучанне правілам бяспечных паводзін, з запрашэннем спікераў у эфір, забаўляльныя мерапрыемствы, спартыўныя інтэнсівы, майстар-класы, канцэрты, гульні, конкурсы. Усе эфіры анансаваліся рассылкай. У анонсах пазначаўся час стрыму і матэрыялы, неабходныя да прамога эфіру. Такім чынам, бацькі маглі падрыхта­ваць патрэбныя матэрыялы і падчас прамога ўключэння разам са сваім дзіцем ства­рыць цікавы выраб, паўдзельнічаць у віктарыне або ў спартыўным спаборніцтве. “Цэнтрыфуга” ў поўнай меры змагла задаволіць бацькоўскі запыт на занятасць дзяцей у ня­простай эпідэмічнай сітуацыі і забяспе­чыць інтэлектуальна-пазнавальнае асяроддзе ў інтэрнэце, — патлумачыла Таццяна Ула­дзіміраўна.

 На яе думку, укараненне такіх інавацыйных форм работы — неабходнасць для кожнай установы. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць павялічыць цікавасць дзяцей і бацькоў да дадатковай адукацыі, паказаць яе значнасць і каштоўнасць.

— Стварэнне “Цэнтрыфугі” паказала, што віртуальная пляцоўка — гэта вельмі зручны і эфектыўны інструмент, які дапаўняе стандартныя сродкі навучання, а яшчэ — дазваляе стаць бліжэй да дзяцей і дапамагчы бацькам выкарыстоў­ваць інтэрнэт-рэсурсы ў правільных мэтах, с­таць незаменнымі памочнікамі педагогаў у навучанні і выхаванні, — падкрэсліла Т.У.Зайцава.

Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска эфектыўна функцыянуе. Адметна, што сваім станоўчым вопытам калектыў актыўна дзеліцца з калегамі. Метадычныя матэрыялы і распрацоўкі мясцовых педагогаў рэгулярна адзначаюцца на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Супрацоўнікі цэнтра пастаянна выступаюць з майстар-класамі на разнастайных семінарах, канферэнцыях, а яго кіраўнік Таццяна Уладзіміраўна Зайцава з’яўляецца членам Рэспубліканскага савета па пытаннях дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Нягледзячы на пэўны працоўны поспех, педагогі не спыняюцца ў прафесійным удасканаленні і самаразвіцці. Ісці ў нагу з часам калектыў установы мае намер і далей. У найбліжэйшых планах — адкрыццё рэсурснага цэнтра маладзёжных ініцыятыў “Карман”, які будзе накіраваны на павышэнне інфармацыйнай культуры, укараненне ў прафесійную практыку педагогаў сучасных адукацыйных тэхналогій для яшчэ больш паспяховага навучання і выхавання навучэнцаў. Як запэўніла дырэктар установы, планаў на перспектыву ў калектыву вельмі многа.

— Але асноўная наша мэта застаецца нязменнай. Будзем працягваць напаў­няць дзяцінства юных бабруйчан творчасцю і яркімі фарбамі, развіваць іх здольнасці і таленты, весці да ажыццяўлення мар.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.