Тэрыторыя ўзаемаразумення

Тыдзень псіхалагічнага здароўя 2018, які прайшоў у Астравецкім раёне, быў прысвечаны новым формам работы, а кожны з яго дзён — аднаму з кірункаў — метафарычным картам, казкам, гульням, арт-тэрапіі. Хацелася, каб зачапіла, хацелася навінак і “разыначак”. І ўсё гэта было!

Мэта раённага конкурсу — не толькі стымуляваць прафесійны і асобасны рост педагогаў устаноў адукацыі, раскрываць іх творчы патэнцыял, паказваць лепшыя ўзоры псіхолага-педагагічнай практыкі, але і фарміраваць пазітыўнае ўспрыманне навакольнага свету.

У рамках тыдня былі прадстаўлены майстар-класы “Тэхніка працы з пяском — развівальны рэсурс у працы з дзецьмі” (кіраўнік Таццяна Тарашкевіч, педагог-псіхолаг ДЦРР №1 г. Астраўца); майстар-клас з выкарыстаннем метафарычных асацыятыўных карт для класных кіраўнікоў па тэме “Дзеці — наша ўсё!” (кіраўнік Юлія Царэвіч, педагог-псіхолаг СШ № 1 г. Астраўца); “Мандала — як адзін са складнікаў арт-тэрапіі” (кіраўнік Кацярына Трайгель, педагог-псіхолаг СПЦ Астравецкага раёна); майстэрня з выкарыстаннем элементаў тэхналогіі медыяцыі: псіхалагічная гульня па развіцці навыкаў супрацоўніцтва і ўменні дамаўляцца з дзецьмі “Тэрыторыя ўзаемаразумення: як навучыць дзяцей супрацоўнічаць” (кіраўнікі Ганна Сальмановіч, педагог-псіхолаг Гудагайскай сярэдняй школы, і Настасся Пятроўская, педагог-псіхолаг Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы).

Тыдзень уключаў не толькі работу з педагогамі, але і цыкл групавых кансультацый “Усвядомленае бацькоўства”. Інтэрактыўная сустрэча з бацькамі “Як мець зносіны з дзіцем?” спрыяла набыццю новага досведу: бацькі даведаліся, як развіваць увагу, памяць, дробную маторыку ў дзяцей з дапамогай вясёлых практыкаванняў з мячыкамі, і на практыцы асвоілі спосабы зняцця негатыўных эмацыянальных станаў у дзяцей з дапамогай кінэтычнага пяску. Работа “групы ўзаемнай падтрымкі” дазволіла аказаць супервізарскую дапамогу калегам-псіхолагам у цяжкай прафесійнай сітуацыі.

Для маладых спецыялістаў быў арганізаваны “псіхалагічны марафон”, у рамках якога дасведчаны педагог-псіхолаг працаваў у пары з маладым спецыялістам.

Многім удзельнікам тыдзень псіхалагічнага здароўя дапамог задумацца аб неабходнасці некаторых змен у рабоце: вучыцца таму, чаму не вучылі ва ўніверсітэце, авалодваць новымі формамі працы, шукаць новыя спосабы камунікацыі з навучэнцамі, адказваць запытам канкрэтнай школы і праяўляць ініцыятыву, чуйна сачыць за зменамі, якія адбываюцца ў адукацыі.

Юлія РАЖКО,
метадыст па сацыяльна-педагагічным і псіхалагічным суправаджэнні
Астравецкага вучэбна-метдычнага кабінета.