Тэст на прызванне

У пераднавагоднія дні ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы прайшоў міні-чэмпіянат “WorldSkills — старт прафесійнага станаўлення” па кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. У спаборніцтве прынялі ўдзел 16 канкурсантаў з 13 навучальных устаноў педагагічнага профілю нашай краіны.

Яшчэ толькі мінулай вясной мы маглі бачыць на пляцоўцы Нацыянальнага чэмпіянату прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018, як вядуць свае заняткі будучыя выхавальнікі дзіцячых садкоў у прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, і вось амаль праз паўгода такая магчымасць зноў прадастаўлена канкурсантам, але ўжо ў так званым міні-чэмпіянаце WorldSkills. Не будзе перабольшаннем сказаць, што Мінскі гарадскі педагагічны каледж стаў першапраходцам, пачынальнікам і правайдарам у рэалізацыі прафесійнай кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” на рэспубліканскім узроўні. У пацвярджэнне гэтага каледж стаў арганізатарам пляцоўкі на нацыянальным чэмпіянаце, дзе спаборнічалі канкурсанты з усёй нашай краіны. Дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа К.А.Пятруцкая з’яўляецца галоўным нацыянальным экспертам і адным з распрацоўшчыкаў тэставага праекта па гэтай кампетэнцыі. А навучэнка каледжа Аляксандра Пагасай заваявала на WorldSkills Belarus — 2018 залаты медаль. Як бачна, навучальная ўстанова прадэманстравала ў гэтым руху цэлы букет дасягненняў, але на гэтым не спыняецца.

Каледж выступіў ініцыятарам правядзення міні-чэмпіянату “WorldSkills — старт прафесійнага станаўлення” і сабраў на першыя спаборніцтвы самых лепшых навучэнцаў і педагогаў-аднадумцаў. Наталля Вацлаваўна Агеева, метадыст РІПА, якая курыруе спецыяльнасці профілю “Педагогіка” на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, паведаміла, што навучанне па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” цяпер ажыццяўляюць 17 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Выкладчыкі выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе новыя прыёмы педагагічнай дзейнасці, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, а навучанне іх выхаванцаў мае практыка- арыентаваны характар. Будучыя выхавальнікі дашкольнай адукацыі паспяхова развіваюць і ўдасканальваюць свае практычныя навыкі ў ходзе вучэбнай практыкі, якая праходзіць на базе дзіцячых ясляў-садоў. У мэтах павышэння прафесіяналізму будучых выхавальнікаў у рух WorldSkills Belarus была ўключана прафесійная кампетэнцыя “Дашкольная адукацыя”. Новае спаборніцтва, міні-чэмпіянат, стала своеасаблівай пляцоўкай для дэманстрацыі і рэальнага ўвасаблення здабытага вопыту, скіраванага на ўдасканаленне прафесійнай падрыхтоўкі кадраў у сферы дашкольнай адукацыі.

— За кошт конкурснага руху мы імкнёмся ўдасканальваць прафесійныя навыкі, замацоўваць і паглыбляць веды і ўменні, атрыманыя ў працэсе прафесійнага навучання, і стымуляваць творчую і прафесійную самарэалізацыю навучэнцаў педагагічных устаноў, — адзначае Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — WorldSkills у кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя” садзейнічае прафесійнаму станаўленню навучэнцаў педагагічных каледжаў, спрыяе забеспячэнню якасці ведаў, прафесійнай гатоўнасці будучага спецыяліста да самастойнай працоўнай дзейнасці, выяўленню таленавітых навучэнцаў, стымулюе творчую актыўнасць і прафесійную зацікаўленасць нашых выхаванцаў да сваёй спецыяльнасці і яе сацыяльнай значнасці.

За аснову правядзення спаборніцтва ўзяты тэставы праект гэтай кампетэнцыі, распрацоўшчыкамі якога сталі выкладчыкі каледжаў педагагічнага профілю нашай краіны.

У асноўным варыянце праекта закладзены чатыры модулі, па якіх удзельнікі конкурсу павінны прадэманстраваць свае веды і ўменні ў прафесійнай дзейнасці выхавальніка дзіцячага садка. Усе заданні модуляў распрацаваны згодна з міжнароднымі стандартамі і з улікам нацыянальных асаблівасцей вучэбнай праграмы. Так, нагадаем, што модуль А. прадстаўляе развіццё маўлення і культуру маўленчых зносін. У модулі В. трэба прадэманстраваць мастацкія здольнасці і выяўленчую дзейнасць. Модуль С. мае назву “Фізічная культура” і прадугледжвае распрацоўку і правядзенне рухавай гульні з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Для міні-чэмпіянату быў узяты толькі адзін, чацвёрты, модуль — D. “Пазнавальнае развіццё”.

Наталля Віктараўна Пралыгіна, загадчыца аддзялення каледжа, паведаміла, што, згодна з модулем D., які тычыцца развіцця пазнавальнай дзейнасці, канкурсанты павінны былі распрацаваць і ў далейшым прадэманстраваць гульню альбо заняткі з дзецьмі старэйшага дашкольнага ўзросту (у іх ролі выступілі валанцёры) з выкарыстаннем дыдактычных развіццёвых матэрыялаў і ІКТ-абсталявання. Згодна з заданнем, канкурсант павінен быў вызначыць структуру дыдактычнай гульні, падабраць неабходныя матэрыялы і абсталяванне для яе правядзення, распрацаваць неабходны канспект, а ў далейшым правесці фрагмент заняткаў разам з валанцёрамі. Экспертная група, якая ацэньвала выступленне канкурсанта, улічвала яго творчы падыход, ініцыятыўнасць, эмацыянальнасць, уменне наладзіць кантакт з дзіцячай групай і захапіць яе ўвагу.

Цяпер у сферы дашкольнай адукацыі даступна мноства дыдактычных дапаможнікаў, якія дазваляюць развіваць дзяцей з самага ранняга ўзросту. Удзельнікі спаборніцтваў распрацоўвалі сваю дыдактычную гульню на аснове лагічных блокаў Дзьенеша альбо палачак Кюізенера. Гэта класічныя дыдактычныя матэрыялы, якія былі крыху прызабыты, а сёння зноў актыўна выкарыстоўваюцца ў нашых установах дашкольнай адукацыі. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца лагічныя блокі Дзьенеша. Заняткі з гэтымі блокамі дапамагаюць дашкольнікам у забаўляльнай форме пазнаёміцца з асновамі матэматыкі. Дапаможнік уяўляе сабой набор геаметрычных фігур, кожная з якіх непаўторная ў сваім выглядзе. Фігуры дзеляцца па колеры, памеры, таўшчыні, форме. Заняткі з лагічнымі блокамі спрыяюць развіццю памяці, увагі, уяўлення і маўлення. У дзіцяці развіваюцца ўменні класіфікаваць матэрыял, параўноўваць і аналізаваць.

Палачкі Кюізенера ўяўляюць сабой спецыяльныя каляровыя брусочкі, з дапамогай якіх можна вучыць дзяцей асноўным матэматычным дзеянням у нагляднай гульнявой форме. У працэсе гульні з гэтымі брусочкамі ў дзяцей развіваюцца цікавасць да матэматыкі, логіка, мысленне, уменне нестандартна дзейнічаць, выконваць базавыя арыфметычныя дзеянні складання і аднімання.

— Асаблівасць выканання задання гэтага модуля ў тым, што канкурсанты павінны інтэграваць развіццёвыя дыдактычныя матэрыялы з інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, — адзначыла Наталля Віктараўна Пралыгіна. — Складанасць яшчэ ў тым, што адбываецца інтэграцыя некалькіх галін вучэбнай праграммы: “Дзіця і прырода” і “Фарміраванне элементарных матэматычных уяўленняў”. Падчас заняткаў павінны выконвацца адукацыйныя, развіццёвыя, выхаваўчыя задачы.

Канкурсанты рыхтавалі сваё заданне на працягу дзвюх з паловай гадзін і за 10 мінут павінны былі прадэманстраваць фрагмент заняткаў перад экспертнай групай.

Элана Мурашка, навучэнка Сацыяльна-гуманітарнага каледжа філіяла Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, вучыцца на трэцім курсе. Для яе спаборніцтва такога ўзроўню — першае ў жыцці.

— Я вельмі шчаслівая, што мне ўдалося перамагчы свае хваляванні і годна выступіць, — расказала дзяўчына. — Мне вельмі не хацелася падвесці сваіх родных і сваіх педагогаў. Тым больш што я прадстаўляю педагагічную дынастыю. Я ўжо з дзяцінства ведала, што стану педагогам, бо лічу гэтую прафесію цікавай, творчай, натхняльнай.

Элана добра спявае, танцуе і мае яшчэ многа творчых талентаў, якія імкнецца выкарыстоўваць пры навучанні і выхаванні дашкалят. У гэтым ёй дапамагаюць яе педагогі — Вераніка Сяргееўна Бальцэвіч і Вольга Мікалаеўна Надтачэева.

— Я вельмі люблю дзяцей і лічу сваім абавязкам выхоўваць у іх самыя лепшыя якасці і рысы, развіваць здольнасці і фарміраваць іх асобу, — заяўляе канкурсантка з Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Кацярына Падабед, навучэнка 3 курса. — А што можа быць высакародней за гэта?!

Кацярына — чалавек вельмі творчы, яна малюе незвычайныя карціны, удзельнічае ў выхаваўча-забаўляльных мерапрыемствах, адточвае свой прафесіяналізм у конкурсах.

— Я даўно праверыла сябе на адданасць педагагічнай працы, таму пасля заканчэння каледжа збіраюся паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, каб быць яшчэ на адну прыступку вышэй у педагагічным майстэрстве. Але ж няма меж яго ўдасканалення.

Барысаўскі дзяржаўны каледж мае ўжо добры вопыт удзелу ў спаборніцтвах прафесійнага майстэрства сярод будучых выхавальнікаў дзіцячых садоў. Яго навучэнкі перамагалі ў конкурсах рэгіянальнага ўзроўню, а на Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018 навучэнка каледжа Дар’я Шлома стала бронзавым прызёрам.

Як расказала выкладчык Галіна Пятроўна Калініна, каледж у Барысаве і ўвогуле ў Мінскай вобласці з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай для ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі будучых выхавальнікаў, а таксама транслятарам набытага вопыту. У каледжы праводзяцца семінары, майстар-класы, прэзентацыі для выкладчыкаў іншых навучальных устаноў педагагічнага профілю, работнікаў дзіцячых садоў, у якіх удзельнічаюць не толькі педагогі каледжа, але і самі навучэнцы. Дар’я дэманстравала свае прафесійныя навыкі выхавальніка ў дашкольных установах Барысава.

— Рух WorldSkills прынёс нам вельмі многа адкрыццяў, што стала для нас своеасаблівым штуршком ва ўдасканаленні прафесійнай падрыхтоўкі выхавальнікаў, — адзначае Галіна Пятроўна. — Перш-наперш гэта тычыцца прымянення ў рабоце выхавальніка ІКТ, робататэхнікі, што нашы навучэнцы вывучаюць на факультатыўных занятках і актыўна прымяняюць на практыцы.

Хрысціна Сляпцова, навучэнка 4 курса, прадстаўляла Барысаўскі дзяржаўны каледж на міні-чэмпіянаце WorldSkills. Яна сама выказала жаданне ўдзельнічаць у спаборніцтве і актыўна да яго рыхтавалася разам са сваімі педагогамі.

— Хрысціна — актыўны чалавек, стараста групы, пазітыўная, артыстычная, творчая натура, — расказвае Галіна Пятроўна. — Відавочна, што дзяўчына выбірала сваю прафесію па прызванні, настолькі яна захоплена педагогікай.

Дзяўчына вельмі адказная і кожную справу, за якую бярэцца, даводзіць да вышэйшага ўзроўню. Так было і на конкурсе. Эксперты адразу прыкмецілі здольнасці навучэнкі з Барысава, якая дакладна выклала ў сваёй тэхналагічнай карце структуру і змест сваіх заняткаў, прапанавала сучасныя метады і прыёмы работы з дзецьмі. У час заняткаў Хрысціна па-майстэрску прымяняла інтэрактыўную дошку, дапаможныя матэрыялы, добра валодала тэрміналогіяй. Дзяўчына, дзякуючы сваёй харызме, наладзіла цеснае ўзаемадзеянне з дзіцячай групай, зацікавіла прапанаванай тэмай, павяла за сабой і ўтрымлівала ўвагу дзяцей на працягу часу прадстаўлення сваіх заняткаў.

— Каб быць цікавым для дзяцей, быць у цэнтры іх увагі, неабходна самому пастаянна развівацца, — падзялілася сваімі думкамі Хрысціна. — Такія спаборніцтвы гэтаму вельмі спрыяюць. У час падрыхтоўкі я імкнулася выверыць кожны свой крок, адтачыць кожны рух, насыціць урок сучасным зместам, а сам эмацыянальны фон склаўся непасрэдна пры кантакце з дзецьмі.

У выніку Хрысціна Сляпцова заваявала 1-е месца. 1-е месца таксама заваявала Кацярына Стоцкая, навучэнка Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. Дзяўчаты сталі першымі пераможцамі міні-чэмпіянату WorldSkills. На 2-м месцы — Вікторыя Новікава з Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. На 3-м месцы — Кацярына Падабед з Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

У найбліжэйшай будучыні плануецца правесці чарговы міні-чэмпіянат на базе Полацкага педагагічнага каледжа, дзе будзе адпрацоўвацца яшчэ адзін модуль тэставага праекта.

Мінскі гарадскі педагагічны каледж — установа адукацыі, у якой актыўна развіваецца праектная дзейнасць, конкурсны рух, сацыяльнае партнёрства. Святлана Станіславаўна Елісеева, кіраўнік практыкі, расказала, што з пачатку гэтага навучальнага года ў каледжы стартаваў чарговы адукацыйны праект педагагічных ініцыятыў “Тэатральная педагогіка”. Месцам яго рэалізацыі стаў Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага. Да праекта далучыліся педагогі і навучэнцы педагагічных класаў школ Мінска, выкладчыкі і навучэнцы спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” Мінскага каледжа прадпрымальніцтва.

Нядаўна ў тэатры прайшоў урок “Увесь гэты свет — збор казак …”, які складаўся з дзвюх частак: урок на сцэне і прагляд спектакля.

Урок стаў “сходам” вучэбных дысцыплін “Сусветная дзіцячая літаратура”, “Культура маўлення”, “Методыка выкладання літаратурнага чытання”, “Асновы выразнага чытання”, “Методыка развіцця маўлення”.

Змест урока да спектакля — дэманстрацыя метадычных прыёмаў работы з казкай: “Няскончаная прапанова”, “Чытанне з прыпынкамі”, “Пагружэнне ў казку”, “Вырашэнне праблемнай сітуацыі”, “Сінквейн”, “Адкажы на пытанне”, “Працягнем фразу”.

Прагляд казкі “Па шчупаковым загадзе” даў магчымасць вучыцца ў прафесійных акцёраў тэатралізацыі, увасабленню аўтарскага чытання казкі, а таксама практычна выкарыстоўваць прапанаваныя метадычныя прыёмы.

Ва ўроку ўдзельнічалі навучэнцы пачатковых класаў гімназіі № 36 Мінска.

Урок вяла выкладчык Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа кіраўнік клуба настаўнікаў Мінска “Вялікі перапынак” Таццяна Іванаўна Паўлючук.

Ала КЛЮЙКО.