Тэст на самастойнасць

Што вы ведаеце пра бяспеку? Ці зможаце аказаць першую медыцынскую дапамогу? Ці ведаеце, як сябе паводзіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі? Сучасны чалавек не проста павінен ведаць адказы на гэтыя пытанні, але і быць гатовым прадухіліць магчымую бяду, разумець, як сябе паводзіць пры гэтым і як дапамагчы не толькі сабе, але і іншым.

Адкрыццё Цэнтра бяспекі на тэрыторыі Ліцэя пры Гомельскім інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дапаможа вырашыць многія задачы, звязаныя з захаваннем бяспекі нашых грамадзян.
Ідэю стварэння сеткі адукацыйных цэнтраў для навучання насельніцтва правілам паводзін, парадку дзеянняў і асноўных спосабаў абароны ў надзвычайных сітуацыях, прыёмам аказання першай медыцынскай дапамогі прапанавала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. План падтрымаў Урад Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, першы вучэбны комплекс “Цэнтр бяспекі” створаны ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады на базе названага ліцэя.
Сучаснага чалавека цяжка чым-небудзь здзівіць. Таму арганізатары цэнтра вырашылі адысці ад звыклых прынцыпаў навучання і выбралі свой спосаб узаемадзеяння з наведвальнікамі — інтэрактыўны. У аснову пакладзена віртуальнае пагружэнне ў асяроддзе, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі, і паглыбленае вывучэнне матэрыялу за кошт павышэння эмацыянальнага ўспрымання змадэляванай абстаноўкі. Іншымі словамі, навучэнцу прапаноўваюць самому апынуцца ў надзвычайнай сітуацыі, праўда, віртуальна.
Усё навучанне накіравана на ўзбуджэнне цікавасці да працэсу праходжання пэўнага этапу, пабудавана на відовішчных эфектах, непрадказальнасці сцэнарыя і нявызначанасці выніку. Пры гэтым атрыманне ведаў адбываецца на падсвядомым узроўні, шляхам шматразовага перажывання змадэляваных сітуацый і напрацоўкі навыку бяспечных паводзін або выканання правільных дзеянняў.
Навучанне праходзіць на сямі інтэрактыўных пляцоўках: пажарная бяспека ў жылым памяшканні, правілы паводзін у час стыхійных бедстваў, правілы паводзін у лесе, правілы выкліку аварыйна-выратавальных службаў, першасныя сродкі пажаратушэння, бяспечная эвакуацыя з задымленага памяшкання і правілы аказання першай дапамогі.
Асаблівы акцэнт па задумцы арганізатараў зроблены на дзіцячую аўдыторыю. На працягу ўсяго працэсу навучання гэтую катэгорыю суправаджае віртуальны персанаж “Спасайка”, які ўяўляе сабой рухомую 3D-мадэль мультыплікацыйнага героя. Ён у даступнай форме вучыць дзяцей, як правільна сябе паводзіць, каб не трапляць у надзвычайныя сітуацыі. Дарэчы, вылучаны ўзроставыя ўзроўні, пасля заканчэння якіх кожнае дзіця праходзіць выніковы тэст.
Асобная пляцоўка адведзена для трэнажораў, якія выпрацоўваюць у хлопчыкаў і дзяўчынак навык хуткага выкліку службы ратавання. Тут можна завочна пагутарыць з дыспетчарам МНС, які падкажа, як правільна ажыццявіць выклік. Новы нумар (112) выкліку ратавальнікаў таксама дзейнічае.
Трэнажор па выкарыстанні вогнетушыцеляў розных тыпаў прызначаны для тушэння віртуальнага ўзгарання — па задумцы распрацоўшчыкаў дзіця павінна самастойна справіцца з сітуацыяй, якая ўзнікла, а адмыслова змадэляваныя пакой і абсталяванне ў ім падыходзяць для вырашэння гэтай задачы.
Але і гэта яшчэ не ўсё. У пакоі аказання першай даўрачэбнай дапамогі дзяцей вучаць дапамагаць пацярпелым. Самае галоўнае, што ўсё можна памацаць, патрэніравацца. Так, замацаваць атрыманыя веды на практыцы можна з дапамогай манекенаў, ёсць тут і бінты, лангеты, многія іншыя прыстасаванні, якія могуць выкарыстоўваць дзеці ў працэсе навучання. Для самых маленькіх ролю пацярпелага, на якім адпрацоўваюцца навыкі аказання першай дапамогі, выконвае велізарны плюшавы мядзведзь.
Яшчэ адна інавацыя цэнтра — лабірынт, які імітуе задымленыя памяшканні. Міргаюць чырвоныя лямпачкі, гучаць сірэны, крычаць людзі — ствараецца адчуванне поўнай рэальнасці таго, што адбываецца. Задача навучэнцаў — адшукаць выхад з памяшкання. Падказкай служаць знакі эвакуацыі, якія паказваюць на выхад (святлодыёдныя стрэлкі).
З упэўненасцю можна сказаць, што распрацоўшчыкі не памыліліся і не перастараліся са спецэфектамі. Адчуўшы аднойчы нават віртуальную пагрозу жыццю, пабываўшы ў змадэляваных сітуацыях і паспрабаваўшы “на смак” небяспеку, не толькі дзіця, але і дарослы задумаецца, што прасцей выканаць простыя правілы, каб пазбегнуць небяспечных сітуацый, чым іх парушыць.
У найбліжэйшай перспектыве плануецца адкрыць класы па крымінальнай і радыяцыйнай бяспецы і, вядома, стварыць такія цэнтры ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гродне і Магілёве. Яшчэ шмат трэба будзе зрабіць і ўкараніць, бо тое, што ёсць, — толькі пачатак, падмурак, з дапамогай якога, мы спадзяёмся, і будуць замацаваны і адпрацаваны на практыцы навыкі бяспечных паводзін, будзе набыты вопыт дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, тым самым сфарміравана культура бяспекі жыццядзейнасці сярод дарослага насельніцтва і, самае галоўнае, сярод дзяцей.
У Цэнтры бяспекі ўжо прайшлі навучанне некалькі тысяч навучэнцаў з Гомельскай вобласці. Дзверы цэнтра заўсёды адкрыты, бо асабістая бяспека — галоўны прыярытэт нашага жыцця.

Іна ЧУГАЙ,
Цэнтр прапаганды МНС Рэспублікі Беларусь.