Тэст у цэнтры бяспекі

Навучэнцы 5-х класаў сярэдняй школы № 1 г. Астраўца наведалі цэнтр бяспекі МНС у горадзе Лідзе.

У цэнтры можна атрымаць шмат карысных ведаў. Навучанне тут пачынаецца ўжо з гардэроба, які аформлены ў выглядзе гарадскога аўтобуса. Дзецям расказалі аб правілах паводзінаў у грамадскім транспарце і на прыпынку, правілах пасадкі і высадкі з аўтобуса. Другая зала аформлена як сапраўдная дарога: дзеці пазнаёміліся з правіламі дарожнага руху. На трэцяй станцыі мы наведалі “вадаём” і даведаліся аб тым, як паводзіць сябе на вадзе. Пасля гэтага ўсе дружна перамясціліся ў “лес”, кожны змог адчуць сябе ў ролі турыста і сабраць “заплечнік” у паход.

На гэтым першая частка нашага навучання скончылася, і мы перайшлі да наступнага, не менш захапляльнага этапу: навучэнцы наведалі пакой задымлення. Маленькім наведвальнікам неабходна было па адным пераадолець пакой, поўны дыму. Тут ім патлумачылі, як паводзіць сябе ў выпадку пажару і як карыстацца вогнетушыцелем. Пасля гэтага кожнаму з дзяцей была прадстаўлена экстранная сітуацыя, аб якой яны павінны былі паведаміць дыспетчару і прытрымлівацца яго далейшых указанняў.

У канцы экскурсіі навучэнцы на электронных планшэтах выканалі тэст, які дапамог вызначыць, наколькі добра яны засвоілі новыя веды і наколькі правільна змогуць паводзіць сябе ў экстраннай сітуацыі.

Алена КУЦЬКО,
настаўніца сярэдняй школы № 1 Астраўца.