Тэставы кантроль

- 14:50Актуальна, На парадку дня

Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец днямі наведаў пункт правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў БДУ і ацаніў гатоўнасць універсітэта да экзаменаў.

14 чэрвеня больш за 800 абітурыентаў выбралі менавіта БДУ для праходжання ЦТ па беларускай мове. За гадзіну да яго старту рэктар універсітэта Андрэй Кароль азнаёміў Андрэя Іванца з арганізацыяй прапускнога рэжыму, захаваннем экзаменацыйных матэрыялаў, падрыхтоўкай аўдыторый і работай медыцынскай службы.

Як расказаў намеснік старшыні арганізацыйнай камісіі Вячаслаў Малафееў, фельд’егерская служба даставіла экзаменацыйныя матэрыялы ў БДУ а 7-й гадзіне раніцы. Пасля чаго яны былі правераны аргкамісіяй і адпраўлены на часовае захаванне ў сейф.

— У 9.30 усе арганізатары павінны быць ва аўдыторыях, і мы пачынаем запускаць абітурыентаў. У 9.45 мы адчыняем сейф і разносім матэрыялы па карпусах, — дадаў Вячаслаў Міхайлавіч. — На ЦТ па беларус­кай мове задзейнічаны былі 22 аўдыторыі і 72 арганізатары, большасць — з ліку выкладчыцкага складу ўніверсітэта. Акрамя таго, у кожнай аўдыторыі прысутнічаў назіральнік з боку камісіі па кантролі.

Усяго для праходжання тэсціравання ў БДУ зарэгістраваліся звыш 10,5 тысячы абітурыентаў.

Пасля таго як абітурыент заходзіць ва аўдыторыю, ён выцягвае стыкер, на якім пазначаны варыянт, рад і месца. Пачынаецца ЦТ у 11 гадзін з ускрывання экзаменацыйнага канверта, затым раздаюцца бланкі, запаўняюцца лісты рэгістрацыі і ўручаюцца тэсты. На пытанне міністра пра тое, што рабіць, калі студэнт пераблытаў аўдыторыю альбо корпус, аргкамісія адказала, што выйсце ёсць амаль заўсёды:

— І нават калі абітурыент пераблытае ўніверсітэты, напрыклад, БДУ і БНТУ, то ў нас ёсць дзяжурны мікрааўтобус і мы можам такога абітурыента адвесці туды, куды яму неабходна. Пры гэтым мы звяжамся з арганізацыйнай камісіяй той навучальнай установы, куды ён спазняецца, і папярэ­дзім, што пэўны чалавек не паспявае і папросім не ўскрываць канверт.

Андрэй Іванавіч яшчэ раз адзначыў, што сёлета вялікіх новаўвядзенняў у правядзенні ЦТ няма:

— Да таго ж і колькасць выпускнікоў 11-х класаў знаходзіцца прыкладна на ўзроўні мінулага года, адпаведна, і колькасць абітурыентаў, якія зарэгістраваліся для праходжання ЦТ, таксама на тым жа ўзроўні — каля 62 тысяч маладых лю­дзей. Радуе, што, акрамя выпускнікоў сярэдніх школ, вялікая цікавасць да праходжання тэсціравання ў тых, хто мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Гэта вельмі важна,
бо на самай справе бесперапынная адукацыя — атрыманне першапачаткова прафесіі на ўзроўні ССА і ў далейшым свядомы выбар УВА — з’яўляецца найбольш правільнай адукацыйнай траекторыяй.

Усе тэставыя заданні па грамадазнаўстве адпавядаюць школьным вучэбным праграмам.

Андрэй Іванец.

Дарэчы, для правядзення ЦТ па ўсіх прадметах сёлета ў БДУ задзейнічаюць больш за 50 аўдыторый у шасці карпусах. Усяго для праходжання тэсціравання ў БДУ зарэгістраваліся звыш 10,5 тысячы абіту­рыентаў. Па самых запатрабаваных прадметах на базе БДУ на працягу двух дзён тэсты па рускай мове выканаюць каля 2,5 тысячы чалавек, а па матэматыцы — амаль 2 тысячы. Таксама сёлета папулярным стала грамадазнаўства, за здачу якога асабліва перажываюць многія абітурыенты. Аднак Андрэй Іванец запэўніў, што ўсе тэставыя заданні па гэтай дысцыпліне адпавядаюць школьным вучэбным праграмам.

— Хацеў бы супакоіць усіх, што ніхто не будзе ствараць каверзных пытанняў, якія маглі б нейкім чынам паставіць у няёмкую сітуацыю нашых абітурыентаў. Бо мы добра разумеем, што вучэбны працэс быў арганізаваны намнога раней, чым прайшоў усенародны рэферэндум. З 1 верасня старшакласнікі вучыліся па адпаведных вучэбных праграмах, хоць гэта, безумоўна, і не адмяняе важнасці ведання нашага Асноўнага закона, — дадаў міністр.

Кантроль за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ажыццяўляецца дзяржаўнай камісіяй. Яе задача — забяспечыць прадастаўленне абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні, а таксама выкананне заканадаўства арганізацыйнымі і прыёмнымі камісіямі ва УВА і ўстановах ССА на двух этапах уступнай кампаніі: правядзенне ЦТ і залічэнне абіту­рыентаў.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.