Тысячы сэлфі дзеля аднаго дня ў БДУІР

1 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Яго наведала больш як тысяча абітурыентаў з розных рэгіёнаў краіны.

Разабрацца ў тонкасцях спецыяльнасцей (а іх у БДУІР больш за 30) абітурыентам дапамагалі прадстаўнікі факультэтаў. Прычым не проста расказвалі, што да чаго, а дэманстравалі самыя сапраўдныя генератары, ахоўныя сістэмы, робатаў і іншыя тэхнічныя рашэнні, створаныя студэнтамі і выкладчыкамі ўніверсітэта.

Кожны год БДУІР стараецца спрасціць сваім абітурыентам жыццё, аптымізуючы працэс прыёму. У свой час гэты ўніверсітэт першым увёў аўтаматызаваную сістэму прыёму дакументаў і залічэння, прапанаваў такі сэрвіс, як асабісты кабінет абітурыента. І гэты год не стаў выключэннем. Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР Васіль Бандарык, сёлета тут з’явіцца электронны журнал. Сістэма будзе працаваць па прынцыпе электроннай чаргі: да свабоднага супрацоўніка прыёмнай камісіі выклікаецца абітурыент незалежна ад выбранага ім факультэта. Гэта дазволіць урэшце пазбавіцца чэргаў і павысіць камфорт падчас падачы дакументаў.

Як і ў папярэднія гады, абітурыенты БДУІР могуць завесці свой акаўнт у электронным кабінеце на сайце ўніверсітэта і ўказаць любую колькасць спецыяльнасцей у парадку прыярытэту. Пасля завяршэння падачы дакументаў сістэма аўтаматычна ранжыруе ўсіх абітурыентаў у адпаведнасці з прадастаўленымі імі баламі і прыярытэтамі.

Адметна, што некаторым адзінаццацікласнікам будзе дадзена магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі студэнтаў ужо цяпер. Спецыяльна для іх 18 і 20 красавіка пройдуць дні праекта “#ЯвБГУИР: стань студэнтам на адзін дзень”. Удзельнікі наведаюць лекцыі, семінары, пабываюць у лабараторыях і навуковых цэнтрах, прымуць удзел у культурным мерапрыемстве “Студэнцкая вясна — 2017”, паабедаюць у студэнцкай сталовай і змогуць размяцца ў спартыўнай зале. А ў завяршэнне праслухаюць паўнавартасную вячэрнюю лекцыю на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак. Праграма будзе вельмі насычанай, але, як кажуць арганізатары, такі звычайны дзень студэнта БДУІР.

Па ўмовах праекта, студэнтамі на адзін дзень змогуць стаць тыя абітурыенты, якія былі на дні адкрытых дзвярэй 1 красавіка, зрабілі фота з мерапрыемства і выклалі іх у сацыяльных сетках. Ці трэба казаць, што ў гэты дзень ва ўніверсітэце былі зроблены тысячы сэлфі? Бо хіба можа быць штосьці больш матывуючае, чым поўнае паглыбленне ва ўніверсітэцкае асяроддзе з яго бесперапынным рухам і абяцаннем нязведанага?!

Падрыхтавала Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота прадстаўлена прэс-службай БДУІР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *