Тое, што трэба!

- 9:53Першае працоўнае месца, Суразмоўца, Суразмоўца

Дар’я Сяргееўна ГЛАДУН ужо з пачатковых класаў ведала, што звяжа жыццё з педагогікай. І планамерна ішла да запаветнай мары.

— Жыццёвым арыенцірам і прыкладам для пераймання для мяне была бабуля Галіна Уладзіміраўна Лемяшэўская, у мінулым настаўніца матэматыкі, — расказвае Д.С.Гладун. — У яе вучылася любові да прафесіі, патрабавальнасці да сябе і іншых, поўнай аддачы любімай справе.

У адрозненне ад бабулі Дар’я Сяргееўна выбрала не матэматыку, а пачатковыя класы: імпанавалі дзіцячая непасрэднасць, цікаўныя вочы і дапытлівасць малодшых школьнікаў. Каб хутчэй апынуцца сярод іх, паступіла ў Пінскі каледж БрДУ імя А.С.Пушкіна, дзе сустрэла аднадумцаў, якія падтрымалі ва ўсім: выкладчыцу Тамару Паўлаўну Федаровіч і дырэктара ўстановы Святлану Андрэеўну Барчук. Вучоба ў каледжы і першая практыка ўмацавалі ўпэўненасць у правільнасці прафесійнага выбару.

Па размеркаванні Дар’я Сяргееўна накіравалася ў гімназію № 2 Пінска, дзе яна працуе ўжо 4 гады. За плячыма — хваляванні і першы выпуск.

— Паспяховай і хуткай адаптацыі ў калектыве абавязана адміністрацыі ўстановы, якая аказвае не толькі метадычную, але і маральную дапамогу, — прызнаецца Д.С.Гладун. — Вельмі баялася цяжкасцей ва ўзаемаадносінах з дзецьмі, іх бацькамі і калегамі, але ўсе апасенні аказаліся дарэмнымі. Аб тым, што выбрала педагагічную прафесію, ні на хвіліну не пашкадавала. Настаўніцкая праца дазваляе быць у пастаянным руху, зносінах з рознымі людзьмі, актыўнай дзейнасці… З улікам майго няўрымслівага характару гэта тое, што трэба!

У сваёй рабоце Дар’я Сяргееўна прытрымліваецца крэда “Слухаць і чуць, глядзець і бачыць”. Без гэтага, лічыць яна, немагчыма паспяхова вучыць і выхоўваць. 

— Змалку прывіваю дзецям традыцыйныя жыццёвыя каштоўнасці, закладваю асновы духоўнасці. З гэтай мэтай вучні актыўна ўдзельнічаюць у розных дабрачынных акцыях, — гаворыць педагог.

Пасля міжнароднай стажыроўкі Дар’я Сяргееўна ўжо 2 гады працуе па сінгапурскай тэхналогіі развіцця 4 кампетэнцый (крытычнага мыслення, крэатыўнасці, камунікацыі і калабарацыі), якая прадугледжвае творчыя заданні па розных прадметах. Цікавая і эфектыўная тэхналогія налічвае каля 250 прыёмаў. Настаўніца плануе апрабаваць усе з іх, каб на практыцы пераканацца ў мэтазгоднасці яе масавага ўкаранення ў адукацыйны працэс.

Дар’я Сяргееўна завочна скончыла псіхолага-педагагічны факультэт БрДУ імя А.С.Пушкіна і сёння вучыцца там у магістратуры: пад кіраўніцтвам прафесара Марыі Пятроўны Осіпавай стварае для педагогаў сістэму практыка-арыентаваных заняткаў па фарміраванні духоўна-маральнай культуры малодшых школьнікаў. Маладую настаўніцу прываблівае навуковая дзейнасць, якая дазваляе не толькі паляпшаць вучэбна-выхаваўчы працэс, але і развівацца самой.

На рахунку Д.С.Гладун ужо шмат прафесійных дасягненняў. Так, 2 гады запар педагог займала ў школьным рэйтынгу 2-е месца. На гэтым жа месцы яна апынулася і па выніках конкурсу канспектаў урокаў, арганізаванага выдавецтвам “Пачатковая школа”. У яе 8 публікацый у рэспубліканскіх прадметных часопісах, больш за 100 — на адукацыйных інтэрнэт-парталах.  

Дар’я Сяргееўна вядзе ўласны сайт для трансляцыі назапашанага вопыту і блог для зносін з дзецьмі і іх бацькамі. Педагог неаднаразова прэзентавала свае напрацоўкі на рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, конкурсах, канферэнцыях, форумах і майстар-класах. Але больш за ўсё Д.С.Гладун ганарыцца перамогай у сёлетнім абласным конкурсе “Малады настаўнік Брэстчыны”, які дапамог ёй удасканаліць навыкі публічных выступленняў, навучыў узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі ў дасягненні агульных мэт, падарыў ні з чым не параўнальныя эмоцыі.

— Я да конкурсу і пасля яго — два розныя чалавекі. Адчуваю вялікую адказнасць перад калектывам, — гаворыць педагог. 

Дар’я Сяргееўна — рознабаковая асоба. У вольны час аддае перавагу актыўнаму адпачынку. Больш за 13 гадоў спявае ў царкоўным хоры. Іграе на домры, гітары, фартэпіяна і акардэоне. Марыць пабываць у розных краінах свету, каб бліжэй азнаёміцца з іх культурай.

Маладая настаўніца глядзіць на жыццё з аптымізмам. Пераадольваць цяжкасці ёй дапамагаюць баявы настрой, мэтанакіраванасць і любімая справа.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.